Івянец і Івянецкае графства

Панядзелак, 11.12.2017, 10:48

Вітаю Вас Гость | RSS | Галоўная | Рэгістрацыя | Уваход

Главная » 2014 » Студзень » 28 » АГМЕНЬ З ГЛЫБІНІ ВЕЧНАСЦІ...
20:26
АГМЕНЬ З ГЛЫБІНІ ВЕЧНАСЦІ...

Аўтар артыкула: Алег Раманоўскі.

Касцёл Вітаўта 1396

Чым больш часу аддаляе нас ад падзей мінулага, тым больш аб’ектыўнымі і слушнымі паўстаюць яны ў рэканструкцыях сучасных навукоўцаў, узброеных найноўшымі метадалогіямі і тэхналогіямі спасціжэння гістарычнай ісціны.

Мэта гэтых нататкаў – спроба простай даступнай мовай прыадкрыць старонкі мінулага Івянца. На аснове апошніх выпадковых археалагічных знаходак, новых дакументальных звестак візуальна наблізіць чытача да храналагічнай паслядоўнасці ўспрымання матэрыялаў, не прэтэндуючы на канчатковыя высновы.

Прыадкрыць старонкі мінулага

Рарытэты археалогіі сведчаць, што тэрыторыю Івянца насялялі абарыгены, пачынаючы ад позняга неаліту і да ранняга жалезнага веку.

Каменная свідраваная баявая сякера, а таксама рубіла – разец і наканечнікі стрэлаў з крэмнію апавядаюць, што далёкія прашчуры займаліся паляваннем, рыбалоўствам, збіральніцтвам і часткова падсечным земляробствам.

Тэрыторыя сучаснай Беларусі ў ІV–V стагоддзях была заселена балтамі. Івянецкая зямля знаходзілася ў арэале легендарнай Літвы (нельга атаясамліваць з сучаснай Літвой, якая падчас Вялікага перасялення народаў у VI–VII стст. аказалася ў атачэнні дрыгавічоў і крывічоў, а ў 1220 годзе на нашу тэрыторыю прыйшлі з захаду палабскія славяне – лужыцкія сербы.

На землі балтаў у Х – ХIII стагоддзях накіроўваецца шэраг місіяў з захаду, каб усталяваць тут веру Хрыстову.

Тайны гары Сідарыхі

Малавядомы на Беларусі місіянер святы Яцак Адрывонж, у гонар якога ў каталіцкім свеце дзейнічаюць дзясяткі касцёлаў і кляштараў, здзейсніў у 1235 годзе паспяховую вандроўку праз Літву да прусаў, а затым у Залатую Арду і Індыю, а ў 1238 годзе, наведаўшы Кіеў, вярнуўся ў Ватыкан.

Нас тут цікавяць звесткі гэтага прапаведніка аб падарожжы ад гары Бандынскай (зараз гара Дзяржынская – самая высокая кропка Беларусі – 346 метраў над узроўнем мора) да Івянца. З яго інфармацыі вынікае, што паселішча Івянец месціцца на беразе ракі Волмы пры ўпадзенні ў яе правага прытоку рачулкі Івенкі. На высокім узгорку, магчыма на гары Сідарысе, знаходзілася паганскае капішча пад шатамі свяшчэннага дуба ў гонар апякункі краю – багіні Жывы.

Манументальны ідал у выглядзе стылізаванай фігуры жанчыны сімвалізаваў  цыклічнае адраджэнне жыцця прыроды і жывёльнага свету. Вянец, упрыгожваючы чало, увасабляў Сонца, гронка вінаграду – пладароддзе, а яблык у руцэ – пазнанне сусвету.

На перакрыжаванні шляхоў

Меў рацыю вядомы краязнавец Генадзь Равінскі, які меркаваў, спасылаючыся на энцыклапедычныя крыніцы, што першыя пісьмовыя згадкі аб Івянцы адносяцца да 1392 года, калі князь Вітаўт пасля зацятай і кровапралітнай шматгадовай барацьбы заняў пасаду Вялікага князя Вялікага Княства Літоўскага.

У гэты ж час ён падараваў сваю вотчыну – Івянец – пляменніку князю Андрэю Уладзіміравічу.

Паселішча Івянец узнікла на перакрыжаванні стратэгічных шляхоў з Наваградка на Менск і з Койданава на Вільню і як фарпост выконвала кантралююча-абарончыя функцыі Літвы. А Літоўская пушча (зараз Налібоцкая) заўсёды была апірышчам вайсковай сілы і славы княства.

Тут ваяводы фарміравалі свае палкі з прафесійных ваяроў – ліцвінаў.

На мурожных паплавах рэчак і балот гадаваліся шматлікія табуны коней, якія былі асноўнай ударнай сілай. На навакольных руднях з балотнай руды выплаўлялі чыгун і жалеза для вырабу ўзбраення, якое павінна было адпавядаць тагачасным патрабаванням, каб весці паспяховую абарончую барацьбу супраць Тэўтонскага ордэна, Масковіі, крымчакоў.

У Івянцы квітнелі промыслы і рамёствы, інтэнсіўна развіваўся гандаль (аб чым сведчыць знойдзеная археолагам В. Шаблюком пломба, што тавар быў прывезены з Кёнігсберга).

У 1396 годзе, паводле “Гісторыі хрысціянства на Літве”, Вітаўт, каб заручыцца падтрымкай Папы Рымскага па ўтварэнні Каралеўства Літва і каранацыі на трон, заснаваў шэсць касцёлаў у сваіх уладаннях і адзін з іх – у Івянцы. Цікава, што мудры князь, прыняўшы хрост па лацінскім абрадзе ў 1383 годзе, ніколі не бурыў паганскія святыні, а новыя храмы ўзводзіў у цэнтрах паселішчаў, бо сэрцам быў адданы адвечнай веры продкаў.

Скарб для археолагаў

Пры спробе графічнай рэканструкцыі будынка касцёла мы абапіраліся на фрагмент драўлянай канструкцыі, зафіксаванай пры капанні катлавана пад сучасную царкву на цэнтральнай плошчы. Шкада, што будаўнічыя работы праводзіліся без папярэдняй археалагічнай экспертызы… Незваротна былі знішчаны сляды нашай гісторыі.

Местачковая плошча – сапраўдны скарб для археолагаў і навукоўцаў. Тут у розныя часы ўзвышаліся выразнымі сілуэтамі драўляны касцёл (1396 г.), Кальвінскі збор (XVI ст.), Фарны касцёл (1745 г.), Праваслаўны храм (1915 г.), знаходзіліся пахаванні светароў і знатных гараджан, гандлёвыя рады і крамкі, адміністрацыйныя і жылыя пабудовы.

У 60-70 гадах мінулага стагоддзя знішчалася гара Сідарыха. Раскапаўшы вяршыню, з яе нетраў нарыхтоўвалі гравій для новабудоўляў і падсыпкі гравійных дарог, а потым у кар’еры ўтварылі звалку вытворчых адходаў. Тут  планавалі пабудаваць кацельную.

Адзіным помнікам матэрыяльнай культуры, які захаваўся, застаюцца курганы – пахаванні ва ўрочышчы Пішчугі, навуковае даследаванне якіх пралье святло ісціны аб мінуўшчыне таго перыяду.

Фотаздымкі і рэканструкцыі аўтара.

Крыніца - http://psl.by/?p=9595
Категория: Гісторыя | Просмотров: 786 | Добавил: ivenec_eu | Теги: Алег Раманоўскі, Касцёл Вітаўта 1396, беларусь, Івянец | Рейтинг: 5.0/3
Всего комментариев: 0
Добавлять комментарии могут только зарегистрированные пользователи.
[ Регистрация | Вход ]

Падзяліцца

Спадабаўся сайт? Распавядзіце сябрам!

Спампаваць

Часопіс "Dziedzictwo Kresowe" № 10 (VI.2017)

Спампаваць бясплатна часопіс Dziedzictwo Kresowe
Спампаваць у PDF фармаце


Часопіс “Спадчына Крэсаў” № 6 (VI.2015, рэд. VII.2017)

Спампаваць бясплатна часопіс Спадчына Крэсаў
Спампаваць у PDF фармаце

Падтрымка

Сайт ivenec.eu працуе пры падтрымцы

Герб Роду Плевакаў
Таварыства Роду Плевакаў

Пошук

Статыстыка

Статыстыка сайта ivenec.eu

Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстачоў: 0