Івянец і Івянецкае графства

Панядзелак, 16.09.2019, 02:03

Вітаю Вас Гость | RSS | Галоўная | Рэгістрацыя | Уваход

Главная » 2019 » Жнівень » 30 » Айцец Лех Баханэк - пробашч касцёла святога Міхала ў Івянцы
13:53
Айцец Лех Баханэк - пробашч касцёла святога Міхала ў Івянцы

Айцец Лех Баханэк. Фота з catholic.by

Манах з ордэну святога Францішка

Айцец Лех Баханэк нарадзіўся ў Польшчы. У 1994 годзе ён прыняў сакрамэнт святарства ў Ордэне Братоў Меншых Канвентуальных (францішканаў), прысягнуў Богу жыць у паслухмянасці, убостве і чыстасці.

Прапаведаваць слова Божае а.Леха накіраваілі ў Санкт-Пецярбург, дзе ён разам з аднадумцамі дамогся адкрыцця Францішканскай духоўнай семінарыі, і яго прызначылі яе рэктарам. У 2000 годзе а.Лех прыбыў у мястэчка Івянец…

Манахі ордэну св.Францішка з’явіліся ў Івянцы ў 1702 годзе. Напачатку быў пабудаваны драўляны касцёл, які згарэў падчас пажару. Новы мураваны касцёл спраектаваў знакаміты зодчы Ян Хрыстафор Глаўбіц - стваральнік віленскай школы архітэктуры барока. Будаўніцтва касцёла ажыццяўлялася пад кіраўніцтвам мясцовага манаха Анзэльма Чаховіча.

Францішканскі кляштар з касцёлам святога Міхала з’яўляецца галоўнай славутасцю мястэчка, узведзенай у другой паловее ХVІІІст. па фундацыі мінскіх стольнікаў Тэадора Ваньковіча і яго пляменніка Уладыслава Ваньковіча. Першапачаткова касцёл меў тытул Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, а кляштар – святога Антонія. Пасля падаўлення нацыянальна-вызваленчага паўстання 1830 года кляштар і касцёл у 1832 годзе былі закрыты і паступова прыходзілі ў заняпад, але ў канцы 1836 года па хадайніцтве мясцовага духавенства і ўладальніцы мястэчка Соф’і Плявакі яго дазволілі адрамантаваць за сродкі парафіянаў. Пасля капітальнага рамонту ў 1860 годзе касцёл зрабілі парафіяльным і асвяцілі ў гонар святога Міхала. У 1868 г. па распараджэнню Міністэрства ўнутраных спраў Расійскай імперыі богаслужэнне ў касцёле забаранілі, архіў перадалі ў каменскі касцёл, а ў 1880-1885 гады белы касцёл перабудавалі ў праваслаўную царкву Аляксандра Неўскага. У 1919 годзе святыня зноў стала каталіцкаю. У 1941 -1944 гг. у кляштары знаходзілася нямецкая камендатура, а пасля вайны тут размясціліся класы Івянецкай школы. Пазней касцёл ператварылі ў завод.Тут пачаў працаваць Цэх эксперыментальна-даследчай вытворчасці Мінскага праектна-канструктарскага тэхналагічнага інстытута. У падвале касцёла знаходзіўся засолачны цэх нарыхтоўчай канторы. Толькі ў 1992 годзе белы касцёл часткова быў перададзены вернікам, а ў 1994 годзе увесь кляштарны комплекс стаў уласнасцю каталіцкай парафіяльнай супольнасці святога Міхала.

Цудоўны касцёл святога Міхала - сапраўдная перліна віленскага барока з характэрнымі для яго пластычнымі лініямі, ажурнымі шмат’яруснымі вежамі і скульптурным дэкорам. Знутры гэта аднанефавая пабудова. Храм уражвае незвычайнай лёгкасцю, сілуэтнай выразнасцю. Ансамбль кляштара і касцёла эфектна пастаўлены на ўзгорку, над празрыстымі водамі Волмы, ён нібы любуецца сваім чароўным адлюстраваннем у воднай роўнядзі ракі. У інтэр’еры касцёла знаходзяцца алтары з рэліквіямі францішканаў: святога Антонія, благаслаўлёных Ахілеса і Германа.

А.Лех неаднаразова арганізоўваў рэстаўрацыю інтэр’ера і экстэр’ера касцёла, брамы, праводзіў рамонтныя работы ў кляштары, прамысловых будынках, якія засталіся пасля завода, засаджваў касцёльную тэрыторыю дэкаратыўнай зелянінаю і ўстанаўліваў скульптуры святых.

Касцёл святога Міхала – гэта перш за ўсё асяродак францішканскай культуры, дзе адчуваеш глыбіню і магутнасць духоўнай і культурнай спадчыны польскага і беларускага народаў, і ў гэтым вялікая заслуга пробашча касцёла а.Леха Баханка. У летні перыяд на працягу 17 гадоў тут праводзяцца міжнародная музычная майстэрня, малітоўныя сустрэчы моладзі і парафіяды Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі. Івянец стаў цэнтрам ліургічных спеваў. Дзякуючы а.Леху тут праводзіцца штогод калядны фестываль рэлігійнай і свецкай песні.

У Івянцы з’явіліся каталіцкія скаўты, на тэрыторыі касцёла ўзніклі спартыўная, дзіцячая пляцоўка і трэнажорны комплекс пад адкрытым небам, зала са сцэнай для канцэртаў, кавярня “У францішканаў” і крама з духоўнай літаратурай, абразамі, сувенірамі. Ёсць невялікі заапарк з птушкамі, зайцамі, вавёркамі, канём і авечкамі. Ужо шмат гадоў існуе капліца Вячыстай Адарацыі, дзе вернікі парафіі вядуць бесперапынную малітву. Працуе аддзяленне дабрачыннай арганізацыі “Карытас” , дзе можна атрымаць адзенне тым, каму гэта неабходна. А яшчэ ў Івянцы з’явілася навіна: а.Лех стварыў прафесійную музычную студыю.

Але галоўнае, як лічыць а.Лех, касцёл павінен быць напоўнены жыццём. У Івянцы пражывае каля 5 тысяч жыхароў, у асноўным католікі. Службы праходзяць на беларускай і польскай мовах. Кожны год прыбаўляецца колькасць шлюбаў, хростаў і дзяцей, якія прыступаюць да Першай Камуніі.

Пры касцёле дзейнічаюць групы: “Францішканская моладзь”, “Беззаганнае Зачацце Найсвяцейшай Панны Марыі”, некалькі групаў “Жывога Ружанца”, “Трэці закон свецкіх”, тры хоры і іншыя супольнасці. Праводзяцца заняткі па катэхізацыі дзяцей і моладзі, міністрантаў, скаўтаў, арганізуюцца “Канікулы з Богам”, рэкалекцыі на прыродзе.

Сёння ў кляштары францішканаў жывуць чатыры манахі, у тым ліку і пробашч парафіі а.Лех Баханэк, якія лічаць, што трэба жыць сярод людзей і працаваць з людзьмі, не адрываючыся ад рэальнага жыцця. Праз два гады пасля прыбыцця а.Леха ў Івянец была арганізавана двухгадовая катэхізацыя для дарослых. Мы, старэйшае пакаленне, нарадзіліся і жылі ў часы атэізму, калі нельга было наведваць касцёл, таму для нас гэтыя сустрэчы былі дарогай да пазнання жыцця з Панам Богам, Яго запаведзямі. Сустрэчы былі вельмі цікавымі, нетыповымі для нашага тагачаснага жыцця. А.Лех ствараў добразычлівую атмасферу ў нашай групе, і мы маглі ў любую хвіліну задаць хвалюючае пытанне і атрымаць вычарпальны адказ, які заставаўся ў нашых сэрцах і прарастаў, як зерне, у любові да Пана Бога.

25 гадоў а.Лех служыць святаром - прысвячае сваё жыццё Богу і людзям. З іх 19 гадоў а.Лех Баханэк працуе ў Івянцы і, здаецца, палюбіў гэта невялікае мястэчка ўсім сэрцам, змог напоўніць духоўным жыццём не толькі касцёл, але і многіх мясцовых жыхароў. Айцец Лех для нас з’яўляецца прыкладам сапраўднай веры, дабрыні і любові, мудрым дарадчыкам. Няхай добры Бог узнагародзіць яго здароўем і патрэбнымі Божымі ласкамі! Шчыры дзякуй і нізкі паклон Вам, айцец Лех!!!

Ад імя парафіянаў – Галіна Сабалеўская, жыхарка Івянца.

Крыніца: часопіс "Ave Maria".

Категория: Асобы | Просмотров: 1289 | Добавил: ivenec_eu | Теги: Лех Баханэк, Івянец, касцёл Святога Міхала | Рейтинг: 5.0/2
Всего комментариев: 0
Добавлять комментарии могут только зарегистрированные пользователи.
[ Регистрация | Вход ]

Падзяліцца

Спадабаўся сайт? Распавядзіце сябрам!

Спампаваць

Часопіс "Dziedzictwo Kresowe" № 10 (VI.2017)

Спампаваць бясплатна часопіс Dziedzictwo Kresowe
Спампаваць у PDF фармаце


Часопіс “Спадчына Крэсаў” № 6 (VI.2015, рэд. VII.2017)

Спампаваць бясплатна часопіс Спадчына Крэсаў
Спампаваць у PDF фармаце

Падтрымка

Сайт ivenec.eu працуе пры падтрымцы

Герб Роду Плевакаў
Таварыства Роду Плевакаў

Пошук

Статыстыка

Статыстыка сайта ivenec.eu

Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстачоў: 0