Івянец і Івянецкае графства

Пятніца, 25.05.2018, 21:46

Вітаю Вас Гость | RSS | Галоўная | Рэгістрацыя | Уваход

Главная » 2018 » Май » 12 » Аперацыя “Перазвон”
13:42
Аперацыя “Перазвон”

Касцёл Св. Міхаіла ў Івянцы. Здымак: polska-zbrojna.plЗ цягам часу усё далей і далей ад нас адыходзяць гады ваеннага ліхалецця. Усё больш і больш адыходзіць у нябыт жывых сведкаў тых падзей. Сёння мы хочам расказаць пра адзін з малавядомых эпізодаў той вайны - аперацыю “Перазвон”.

Аперацыя “Перазвон” - гэта разгром івянецкага гарнізона. Адбылася яна ў выглядзе паўстання. Здзейснілі яго польскія партызаны з так званай Арміі Крайовай сумесна з савецкімі пратызанамі. Я ведаю, што многія негатыўна ставяцца да польскіх партызан, так званых “легіёнаў”, за тое, што яны пайшлі восенню 1943 года на саюз з немцамі, пасля таго, як Сталін загадаў савецкім партызанам іх знішчыць. Гэты артыкул усяго толькі аповед пра адну са старонак гісторыі Івянца.

Першыя атрады Арміі Крайовай, а дакладней “Звёнзка валкі збройнай” (Саюза узброенай барацьбы) паявіліся на нашай зямлі ўжо ў верасні 1939 . Асноўную частку з іх складалі мясцовыя жыхары польскай нацыянальнасці, польская інтэлігенцыя, польскія салдаты-пагранічнікі, якім не удалося адступіць і якія не патрапілі ў савецкі палон. Дзейнічала таксама і антысавецкае падполле ў Івянцы. Узначальвалі яго ксёндз касцёла св. Міхала Прач-Прачынскі і дырэктар мясцовай бальніцы – доктар Кузьмінскі. Падпольная група дзейнічала настолькі дакладна і граматно, што НКВД так і не здолела яе раскрыць. Толькі аднойчы НКВД удалося высачыць сувязнога паміж атрадам і падполлем. Але сачэнне было заўважана. Сувязны пачаў адстрэльвацца і адводзіць НКВДыстаў у бок. У гэтым баі сувязны загінуў. Але тямніца атрада і падполля засталася неразгаданай.

Нанеслі шкоду падполлю толькі масавыя дэпартацыі палякаў у Сібір, Далёкі Усход і Казахстан. Але польскі партызанскі атрад захаваўся і праіснаваў яшчэ некалькі год.

У гады Вялікай Айчыннай вайны на вызваленчую барацьбу з акупантамі падымаліся браты па духу і крыві. Разам з беларусамі узнімаліся і палякі. Якія пражывалі на тэрыторыі Заходняй Беларусі у вогуле і Валожынскім, Івянецкім, Стаўбцоўскім раёнах у прыватнасці. Асабліва актыўна стаў развівацца польскі партызанскі рух зімой 1942 года пад уплывам разгрому немцаў пад Масквой. Свайго апагея ён дасягнуў пасля разгрому немцаў пад Сталінградам.

Ініцыятарамі стварэння спачатку невялікіх, а потым і буйных польскіх партызанскіх атрадаў сталі патрыятычна настроеныя палякі, жыхары тутэйшых мясцін: Адам Свентаржэцкі, Каспер Мілашэўскі, Люцыя і Казімір Дзяржынскія, Валенты Пархімовіч, Альгерд Война, Бенедыкт Шыманскі.

Кожны з іх па рознаму станавіўся ў рады змагароЎ. Спачатку польскія атрады прытрымліваліся ўзброенага нейтралітэту. Наконт гэтага быў спецыяльны загад польскага ураду ў выгнанні, які размяшчаўся ў Лондане. Маўляў: "Трымайце вінтоўку ля нагі, збірайце сілы". Многія палякі гарэлі жаданнем сумесна з беларусамі змагацца супраць агульнага ворага, добраахвотна уступалі ўу савецкія партызанскія фарміраванні.

У сакавіку 1943 года ў партызанскую брыгаду імя В.П. Чкалава прыйшла вялікая група узброеных палякаў на чале з маёрам польскай арміі, былым прафесарам віленскага універсітэту Адамам Свентаржыцкім. У сувязі з гэтым у маі 1943 года пры штабе брыгады імя Чкалава была створана спецыяльная польская група. Яна здзейсніла некалькі смелых рэйдаў па тэрыторыі Валожынскага, Івянецкага, Стаўбцоўскага, Радашковіцкага, Мірскага раёнаў і паўсюдна цёпла сустракалася як польскім, так і беларускім насельніцтвам. У радах савецкіх партызан ваявалі жыхары Валожыншчыны: Рыгор Соза, Людвіг Доўнар, Валяр’ян Точка, Ян Бурак і інш.

У пачатку чэрвеня 1943 года быў створаны буйны польскі партызанскі атрад імя Т. Касцюшкі, які потым быў пераіменаваны ў батальён № 331 Налібоцкага фарміравання АК. Мясцовае насельніцтва польскіх партызан называла “Легіёнамі”. Месца дыслакацыі якога было возера Кромань, у цэнтры Налібоцкай пушчы. Спачатку ў атрадзе было 44 чалавекі, потым ён разросся да 133-х. Спачатку камандзірам атрада быў Вітольд Пяльчынскі ( сеўданім “Дзвіг”). Потым яго змяніў Каспер Мілашэўскі (псеўданім “Левальд”).

З самага пачатку узаемаадносіны паміж савецкімі і польскімі партызанамі былі вельмі добрымі, нават сяброўскімі. Яны дапамагалі адзін аднаму ў правядзенні баявых аперацый, абменьваліся вопытам, разведвальнай інфармацыяй.

Аперацыя “Перазвон” адбылася па загадзе Польскага ураду ў выгнанні, які знаходзіўся ў Лондане. Многія даследчыкі лічаць яго пробай сіл АК і рэпетыцыяй варшаўскага паўстання. Дакладных дадзеных пра колькасць нямецкага гарнізона ў Івянцы няма. Па адных звестках ён налічваў 600 чалавек (польскія дадзеныя), па іншых 300 чалавек (савецкія дадзеныя). З іх – паліцэйскіх каля 300 чалавек, большасць з якіх была членамі АК. План аперацыі быў распрацаваны ў в. Куль падхарунжым Альгердам Война, падпаручнікам Касперам Мілашэўскім і Валентам Пархімовічам. План аперацыі прадугледжваў адначасовую атаку гарнізона з вонку, збоку пушчы і з сярэдзіны гарнізона. Для гэтага напярэдадні ноччу 60 узброеных партызан прыйшлі ў Івянец і схаваліся ў доме Дзяржынскіх. Заданнем гэтага атрада было: захоп жандармерыі, гаспадарчага бюро, беларускай паліцыі, тэлефоннай і радыёстанцый. Паўстанне было прызначана на 19 чэрвеня 1943 года. Гэта дата была выбрана таму, што на гэты дзень немцы прызнылі прызыў у беларускую паліцыю і мабілізацыю коней для нямецкай арміі. Дадзеныя пра гэта паведаміла партызанам Люцыя Дзяржынская.

Атрад Пархіховіча павінен быў захапіць казармы лётчыкаў, каб не дапусціць іх у цэнтр мястэчка на дапамогу іншым. Харунжы Нуркевіч, псеўданім “Ноч” са сваім атрадам павінен быў перакрыць дарогу немцам у Івянец з боку Каменя, Стоўбцаў, Мінска. У гэтым ім дапамагала савецкая партызанская брыгада імя Чкалава (камбрыг М.І. Грыбанаў, камісар І.П.Казак). Атрад імя І.П. Кузняцова перакрываў дарогу Мінск–Івянец каля в. Пральнікі (камандзір В.А. Гаўрыкаў), атрад імя П.К. Панамарэнкі (камандзір Я.Дз. Васюцін) зрабіў засаду на дарозе Івянец-Валожын, каля в. Пяршаі. Атрад імя С.М. Кірава зрабіў засаду на дарозе Валожын-Яцкава, на рацэ Іслач.

Дзень 19-га чэрвеня выдаўся вельмі гарачы. На вуліцах панаваў ажыўлены рух. Мужчын і хлопцаў, якіх прызывалі ў паліцыю сабралі каля будынка паліцыі на рагу вул. Віленскай (цяпер 1-га Мая) і Рынкавай плошчы. На самой плошчы сабралі коней, якіх мелі аглядаць для выкупу ў нямецкую армію.

Аперацыя пачалася па гуку звана з Белага касцёла на “Анёл Панскі”. Але ударыў ён не 12.00, як звычайна, а ў 11.50, што і паслужыла сігналам для атакі. У гэты час гестапаўцы, нямецкія салдаты і жандары скончылі свае заняткі і вярнуліся ў казармы на абед. Усюды панаваў спакой. Але спакой быў уяўны.

Камендант гарнізона здагадаўся чаму званы сталі біць раней і з некалькімі эсэсаўцамі схаваўся ў падвалах белага касцёла падчас пачатку страляніны партызаны, пачуўшы гукі звона, амаль адразу ударылі па намечаных пунктах. Штаб паўстання знаходзіўсяся ў доме Дзяржынскіх. Першы стрэл зрабіў вахмістр Ян Якубоўскі – “Дуб”, ”Валадыёўскі” - перадваенны камендант пажарнай аховы ў Івянцы. У жніўні 1943 года, падчас аперацыі “Герман” трэцяя частка абозаў і коней яго эскадрона загінула ў балотах Налібоцкай Пушчы. Быў начальнікам івянецкага падполля і прымаў новых членаў у падполле.

Немцы пачалі абараняцца. Таксама маладым людзям, якіх хацелі мабілізаваць у “самаахову” раздалі зброю і загадалі страляць у партызан. Але усё адбылося наадварот. Маладыя людзі перастралялі эсэсаўцаў і перайшлі на бок партызан.

Без бою былі захоплены казармы салдат (будынак кляштара). Аддзяленне пад камандаваннем плутановага (яфрэйтар) Валяр’яна Жуховіча захапіла адзін з будынкаў жандармерыі (цяпер Цэнтр дзіцячай творчасці). Жандары, якія там знаходзіліся, здаліся без бою. Затым былі захоплены тэлефонная і радыёстанцыі, якія былі зараз жа знішчаны. Без бою быў захоплены будынак раённай управы (цяпер бібліятэка) і камендатура (будынак цяпер не існуе).

Трэба сказаць, што большая частка івянецкай паліцыі была альбо распрапагандавана, альбо мэтанакіравана напоўнена агентамі Арміі Крайовай і падчас паўстання партызан перайшла на бок партызан. Кіраваў ёй Стэфан Пазнанскі, член Арміі Крайовай.

Каменданта захапілі на кватэры. Нажаль удалося уцячы галоўнаму кату Івянца, начальніку СД Карлу Цавелю, які меў дзве мянушкі – “Савінол” і “Чэх”

Аднак не ўсё пайшло гладка. Першымі апамяталіся жандары. Хутка зарыентаваўшыся ў сітуацыі, яны пачалі аказваць шалёнае супраціўленне. Адчайнае супраціўленне таксама стаў аказваць кулямётчык, які знаходзіўся на левай вежы Белага касцёла. Але, як бы там не было, з ім даволі хутка было скончана.

Атрад Пархімовіча не здолеў захапіць казармы Люфтваффэ. Лётчыкі адчайна супраціўляліся. Частка з іх прарвалася на дапамогу жандарам. Фарсіраваўшы Волму, яны пайшлі ў атаку з мэтай дапамагчы сваім. Але партызаны заставілі адмовіцца іх ад гэтага намеру вярнуцца ў казармы. Вялікая колькасць немцаў засталася ляжаць забітымі. Былі захоплены ў палон два немцы. Ім было прапанавана пайсці парламенцёрамі да абложаных жандараў і прапанаваць ім здацца. Адзін з іх адмовіўся і быў тут жа расстраляны. Другі згадзіўся і пайшоў і быў расстраляны самімі немцамі.

Бой зацягваўся. Падступала ноч. Жандары не стамляючыся супраціўляліся. Быў паранены Альгерд Война. Пасля гэтага ён загадаў выкурыць немцаў агнём. Пажарная каманда падцягнула пажарную помпу і бочку, напоўненую бензінам, захопленым у немцаў. З бяспечнай дыстанцыі з дапамогай помпы і пажарных шлангаў аблілі будынак бензінам, а затым ракетніцай падпалілі яго.

А гэтым супраціўленне жандараў было скончана. Яны пачалі пакідаць будынак і пападалі пад партызанскі агонь...

У той жа час лётчыкі працягвалі упартае супраціўленне. Партызаны нічога не маглі з імі зрабіць. Пагэтаму камандаванне савецкай партызанскай брыгады імя В. П. Чкалава паслала польскую групу на чале з маёрам Свентаржыцкім і групу разведчыкаў на чале з камісарам брыгады Казаком. Яны раптоўна уварваліся ў Івянец і завязалі бой. Выціснулі лётчыкаў з казармаў на дарогу і знішчылі кулямётным агнём.

У мястэчку запанавала усеагульная радасць. На вежы касцёла св. Міхала і на многіх будынках залуналі бела–чырвоныя сцягі. Прывялі удзеянне радыёстанцыю, з якой палілася песня “Ешчэ Польска не згінэла” , а таксама гімн Арміі Краёвай. Спявалі “Руту”.

Івянец быў вольны няпоўныя суткі. Калі на заўтра ранкам прыляцелі нямецкія самалёты-разведчыкі, было загадана вяртацца ў пушчу. У 6 гадзін раніцы трубач сыграў гэйнал Войска Польскага, пасля якога салдаты вырушылі ў Налібоцкую пушчу.

Вызвалілі усіх вязняў, у тым ліку больш дзесяці яўрэяў. Палякі забралі з сабой вызваленых вязняў, дэзэрціраў з беларускай паліцыі, а таксама маладых палякаў, якія дабравольна пагадзіліся уступіць у атрад (немцы хацелі прызваць іх у вермахт). Дзякуючы дабравольцам атрад разросся да батальёна.

Баланс паўстання – гэта тры забітыя палякі і ад шасці да адзінаццаці параненых. Страты абаронцаў - 150 забітых , больш дзесятка палонных. Акоўцы здабылі значныя запасы, якія вывезлі на 70 фурманках, некалькі дзесяткаў галоў коней і быдла, вялікія запасы медыкаментаў, некалькі скрынак сігарэт, некалькі бочак спірта.

Узята таксама пяць аўтамашын. У тым ліку тры грузавікі, дзве супрацьтанкавыя гарматы, некалькі станкавых і ручных кулямётаў, некалькі соцен гранат, 12 тысяч патронаў, сакрэтныя ваеннныя дакументы. Поспех палякаў хацелі выкарыстаць савецкія партызаны, якія прыехалі пазней, каб дарэшты ачысціць нямецкія склады. Аднак яны адступілі ад нямецкай пагоні, якая нанесла ім цяжкія страты (савецкія партызаны панеслі страты , дабіваючы лётчыкаў у казармах).

Раніцай у мястэчка прыбыла нямецкая дапамога. Але гэта быў яшчэ не канец рэпрэсіям. Праз некаторы час у Івянец прыбыла вайсковая частка, якая стала праводзціць карную акцыю: сабрала каля 150 – ці чалавек з вуліц , якія знаходзіліся на левым беразе рэчкі Волмы, загналі іх у царкву, што на плошчы і хацелі спаліць іх жывымі. Але тут наперад выйшла Люцыя Дзяржынская і сказала камандзіру часткі, што гэтыя людзі не вінаватыя, што ў паўстанні яны не удзельнічалі, што ўсе удзельнікі пайшлі ў лес. Гэта падцвердзіў і нямецкі салдат, якога схавала адна з івянецкіх сямей. Нямецкі камандзір паверыў ім і загадаў адпусціць людзей.

Але паўстанне не прайшло дарма. Абеспакоенае нямецкае камандаванне задумала правесці аперацыю “Герман”, мэтай якой была ліквідацыя партызан у Налібоцкай пушчы. Вынікам гэтай аперацыі былі дзесяткі спаленых вёсак, тысячы расстраляных, десяткі тысяч вывезеных у працоўныя лагеры, як на тэрыторыі Беларусі, так і ў Германіі.

Узяцце Івянца адбілася гучным рэхам на акупаваных землях і вымусіла немцаў мабілізаваць большыя сілы для барацьбы з партызанамі, што адцягнула іх ад фронта і магло непасрэдна прычыніцца да набліжэння канца вайны. Саветы убачылі, што польскае войска ёсць незвычайна спраўным. Падпольная газета “Народны мсціцель” нават пахваліла палякаў за акцыю. Што пазней аказалася адзінай пахвалой у савецкай прэсе навагрудскай Арміі Краёвай.

Геройская пастава АКоўцаў уліла надзею ў сэрцы палякаў не толькі ў Літве і памагла ім перажыць акупацыю. Як пелі наваградскія партызаны: "Dość mamy pęt, skończyła się cierpliwość. Dość pełnych więzień i spalonych miast. Mścicielska pięść wymierzy sprawiedliwość. A naszą pieśń podniesiem aż do gwiazd".

Солтан Ігар Аляксандравіч, бібліятэкар Івянецкай гарпасялковай бібліятэкі.

Асаблівую удзячнасць выказваю гісторыку Станіславу Карліку, матэрыялы якога я выкарыстаў у гэтым артыкуле.

Категория: Гісторыя | Просмотров: 498 | Добавил: ivenec_eu | Теги: Ігар Солтан, Аперацыя “Перазвон”, Івянецкае паўстанне, Ивенецкое восстание | Рейтинг: 5.0/3
Всего комментариев: 0
Добавлять комментарии могут только зарегистрированные пользователи.
[ Регистрация | Вход ]

Падзяліцца

Спадабаўся сайт? Распавядзіце сябрам!

Спампаваць

Часопіс "Dziedzictwo Kresowe" № 10 (VI.2017)

Спампаваць бясплатна часопіс Dziedzictwo Kresowe
Спампаваць у PDF фармаце


Часопіс “Спадчына Крэсаў” № 6 (VI.2015, рэд. VII.2017)

Спампаваць бясплатна часопіс Спадчына Крэсаў
Спампаваць у PDF фармаце

Падтрымка

Сайт ivenec.eu працуе пры падтрымцы

Герб Роду Плевакаў
Таварыства Роду Плевакаў

Пошук

Статыстыка

Статыстыка сайта ivenec.eu

Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстачоў: 0