Івянец і Івянецкае графства

Чацвер, 14.12.2017, 18:19

Вітаю Вас Гость | RSS | Галоўная | Рэгістрацыя | Уваход

Главная » 2014 » Люты » 14 » Беззваротна страчанае...
14:28
Беззваротна страчанае...

Аўтар артыкула: Алег Раманоўскі.

Кальвінскі збор у Івянцы

Міналі дні, гады, стагоддзі. На адвечным небасхіле, на якім то ўзыходзіла яркае сонейка, то зіхацелі таямнічым святлом зыркі месяц і юрлівыя зоркі, то бушавалі страшэнныя навальніцы з чорна-свінцовымі хмарамі, перуновымі раскатамі і асляпляльнымі бліскавіцамі, то плылі ласкавыя аблокі, купаючыся ў шматколерных адценнях хараства. 

Спрадвеку сваёй чысцюткай прахалодай дыхала рэліктавая пушча, а шматлікія крыніцы і рэкі крыштальнай вадзіцай спаталялі смагу насельнікаў гэтых абшараў. Пад гэтымі нябёсамі багіні Жывы нараджаліся і сыходзілі ў нябыт людзі, жыццё хуткаплынна цякло па аб’ектыўных законах прыроды, даючы надзею на вечны працяг у нашчадках.

Гістарычнае мінулае Івянца нельга разглядаць абасоблена, а толькі ў кантэксце агульных тэндэнцый развіцця грамадства на Беларусі і абавязкова неад’емна з Івянецкім рэгіёнам, які фарміраваўся стагоддзямі і з’яўляецца арганічнай часткай.

Сярэднявечча. Татальнае засілле хрысціянскай ідэалогіі і над свядомасцю язычнікаў, якія адчайна баранілі свае вераванні, але з дапамогай жорсткіх інквізітарскіх метадаў праз ачышчэнне вадой і агнём, місіянеры дамагаліся свайго піяру.

З цягам часу, дзякуючы частковай адаптацыі да сваёй веры паганскіх святаў, звычаяў і абрадаў, хрысціянства канчаткова ўсталявалася ў грамадстве. Новая вера па сутнасці была прагрэсіўнай, бо спрыяла пашырэнню асветы і адукацыі, а таксама ўкараненню элементаў заходняй культуры на нашых землях.

Як вядома, дзяржаўнай мовай Вялікага княства Літоўскага была старабеларуская, а вось у касцёльнай літургіі выкарыстоўвалася Лацінская, якая выконвала і функцыю міждзяржаўных зносін у Еўропе.

Тыя далёкія часы на Літве дакладна, узнёсла і рэалістычна апісаны Міколам Гусоўскім у славутай паэме “Песня пра зубра”. Дарэчы, дзякуючы высілкам краязнаўцы Георгія Каржанеўскага ўстаноўлена, што геніяльны паэт-лацініст нарадзіўся 6 снежня 1475 года ў княжацкім пасяленні Гусава (Усава) каля Івянца, ля вытокаў пушчанскай ракі Уса. Для большай пэўнасці мушу прывесці словы прафесара Адама Мальдзіса: “Лічу, што ёсць падставы прыпомніць,уявіць і прыпісаць вялікага паэта Мікалая Гусоўскага ў край яго нараджэння – на яго малой Айчыне-зямлі Івянецкай” (2007).

Інтэнсіўнае фарміраванне беларускай народнасці ў асноўных рысах закончылася ў XVI стагоддзі. З гісторыі вядома, што ў сярэдзіне гэтага стагоддзя хваля Рэфармацыі з захаду дакацілася да Літвы. Рэнесанскія ідэі гуманізму, асветы, дэмакратызацыі касцёла і абмежаванне яго даходаў, з прыхільнасцю былі ўспрыняты большасцю магнатаў, шляхты, мяшчанаў. Узначаліў рух князь Мікалай Радзівіл Чорны з кальвіністычнымі філасофска-рэлігійнымі поглядамі. Пачалося актыўнае будаўніцтва пратэстанскіх збораў, а пры іх адкрываліся школы, шпіталі, друкарні. Філосаф, тэолаг, публіцыст Сымон Будны выдае свае кнігі на старабеларускай мове. Адукацыя і пропаведзі-казанні сталі праводзіцца на зразумелай гаворцы.

У мізэрных энцыклапедычных звестках згадваецца, што ў гэты час у Івянцы дзейнічаў кальвінскі збор, школа, шпіталь. Але дакладная дата і імя фундатара не пазначаны, бо камусьці вельмі хацелася сцерці гэты факт з памяці нашчадкаў.

Я больш за два дзесяцігоддзі безвынікова шукаў месца знаходжання мураванага храма. На фотаздымках пачатку ХХ стагоддзя зафіксаваны барочны фасад Траецкага касцёла з дзвюмя вежамі, моцна пашкоджанымі пры пажары ў 1888 годзе. Нарэшце пашчасціла, не так даўно на вочы патрапіў здымак гэтых руінаў з боку алтарнай часткі. Дык гэта ж готыка! Трохгранная алтарная сцяна замест вычлянёнай алтарнай апсіды, паўцыркульныя вузкія аконныя праёмы, кантрафорсы – гэта характэрныя асаблівасці архітэктуры пратэстанскіх збораў. Адсутнасць мураваных скляпенняў сведчаць аб тым, што пралёт нефа перакрываўся кроквеннай канструкцыяй даху з падшыўной драўлянай столлю.

Такі тып сакральнай гатычнай архітэктуры быў пашыраны на Беларусі ў першай палове XVI стагоддзя. Па гэтым фотаздымку мне ўдалося ўявіць агульны выгляд збору і эскізна выканаць графічную рэканструкцыю.

Неабходна нагадаць, што храмы розных канфесій вызначаліся арыентацыяй алтара адносна частак свету: каталіцкія – на захад, пратэстанцкія і праваслаўныя – на усход, а ўніяцкія – на поўнач. Гэтага канону строга прытрымліваліся да ХIХ ст., калі пасля падзелаў Рэчы Паспалітай, расійскія ўлады сталі прыстасоўваць святыні пад праваслаўныя цэрквы.

Так як Рэфармацыя набірала моц і папулярнасць у ВКЛ, стварала пагрозу аўтарытэту каталіцызму, то напрыканцы XVI ст. утвараюцца контррэфармацыйныя рухі.

У 1606 годзе князь Ян Давойна ўзводзіць у Івянцы драўляны двухвежавы фарны касцёл, які згарэў у 1709 годзе. Да гэтага часу ўжо дзейнічаў драўляны касцёл пры кляштары францысканцаў і вялося інтэнсіўнае будаўніцтва мураванага, вежы якога да нашага часу працінаюць вертыкалямі блакіт нябёсаў і зачаравана купаюцца ў Волме.

У 1676 г. сейм Рэчы Паспалітай забараніў будаўніцтва рэфарматарскіх збораў, а існуючыя ў большасці былі перададзены католікам. Падставай стала выступленне магнатаў-пратэстантаў ВКЛ на баку Швецыі падчас ваенных дзеянняў на тэрыторыі Польшчы.

У многіх крыніцах пазначана, што ў 1745 г. мінскі стольнік Ян Салагуб пабудаваў парафіяльны касцёл Св. Тройцы. Але, на нашу думку, толькі прыбудаваў да кальвінскага збору двухвежавы фасад, бо розначасовыя стылявыя асаблівасці і адсутнасць сакрысцій, сведчаць на карысць нашай высновы. Давялося зрабіць схематычны чарцёж фасада.

Велічны манументальны фасад-нартэкст закрыў нібы тэатральнай кулісай гатычны неф. Тут архітэктар удала знітаваў плыні “сармацкага” і “віленскага” стыляў позняга барока.

У 1868 г. храм перададзены праваслаўным, а ў пачатку ХХ ст. знесены.

Крыніца - http://psl.by/?p=12782
Категория: Гісторыя | Просмотров: 1017 | Добавил: ivenec_eu | Теги: беларусь, Алег Раманоўскі, Кальвінскі збор у Івянцы | Рейтинг: 5.0/3
Всего комментариев: 0
Добавлять комментарии могут только зарегистрированные пользователи.
[ Регистрация | Вход ]

Падзяліцца

Спадабаўся сайт? Распавядзіце сябрам!

Спампаваць

Часопіс "Dziedzictwo Kresowe" № 10 (VI.2017)

Спампаваць бясплатна часопіс Dziedzictwo Kresowe
Спампаваць у PDF фармаце


Часопіс “Спадчына Крэсаў” № 6 (VI.2015, рэд. VII.2017)

Спампаваць бясплатна часопіс Спадчына Крэсаў
Спампаваць у PDF фармаце

Падтрымка

Сайт ivenec.eu працуе пры падтрымцы

Герб Роду Плевакаў
Таварыства Роду Плевакаў

Пошук

Статыстыка

Статыстыка сайта ivenec.eu

Анлайн усяго: 3
Гасцей: 3
Карыстачоў: 0