Івянец і Івянецкае графства

Чацвер, 17.08.2017, 02:30

Вітаю Вас Гость | RSS | Галоўная | Рэгістрацыя | Уваход

Главная » 2014 » Жнівень » 14 » Бяз пары... Сакавік 1922 г.
15:33
Бяз пары... Сакавік 1922 г.
Бяз пары...Крыніца - часопіс "Наш шлях" № 1 ад сакавіка 1922 года.

Аўтар апавядання: А. Пакуцкі (псеўданім Антона Абрамовіча*).

Пры самым шляху, вядучым у Менск, расселася вёска П..... Невялічкая яна сабою. Жыхары яе захавалі чысты нацыянальны воблік беларусаў, не паддаючыся асыміляцыі тэй, ці іншай культуры. І гэта ў іх сталася сьвядома, бо частка моладзі вёскі, атрымаўшы такую-сякую асьвету, ня выракаецца беларускага народу. І з усякага іншага боку гэта вёсачка можа служыць абразком запраўды беларускай вёскі, тэй вёскі, скуль, нараджаючаяся беларуская інтэлігэнцыя, чэрпае моц, скуль бярэ духоўную страву для сваёй працы. Тут вы пачуеце сумную песьню аратага-хлебароба, данясецца да вас сьлёзная, разьдзіраючая душу, хаўтурная песьня беларускай жанчыны. А загляньце сюды ў святочны вечар, або на вясельле: усе навакол сабраўшыся, сярод вуліцы уважна слухаюць чытаньне прыгожых беларускіх апавяданьняў, вершаў Мацея Бурачка і іншы., пасьля пачынаюцца удалыя песьні дзяўчат, далей музыка, гульні, скокі, І сколькі ува ўсім гэтым здаровага гумару, сколькі шчырай вясёласьці! Пяро ня можа апісаць усяго гэтага, вусны ня могуць выказаць усіх думак... Няма сьведка, чорны бор неўдалёчку ад вёскі, адзін улавіў і запісаў у сваёй вялікай, векавой кнізе ўсе праявы духоўных перажываньняў нашай вёскі. Нязвычайна цёпля, спакойны, вясеньні, сьвяточны вечар. Заўсёды ў гэту пару ваша вуха прывыкла чуць вясёлую музыку лявоніхі, з усіх бакоў ляцелі да вас адгалоскі, прыемна вабячых слух, песень, аднак сёньня - вёска, як бязлюдная. Усюды ціш, усё замоўкла, як перад бурай. Углядаючыся бліжэй, вы бачыце, што вёска не бязлюдная. Сярод вуліцы сабралася грамада сялян. Праменьні заходзячага сонца ласкава асьвячаюць іх паважныя твары. Вядзецца трывожная гутарка. Вы падыходзіце бліжэй да грамады, а ў гэты мамэнт, імпэтны гром гарматняга стрэлу вас затрымлівае; сяляне моўкнуць, спаглядаючы адзін на аднаго, якбы чакаючы адказу. Гукі страляніны паўтараюцца, Блізка ўжо "таварышы", - адзываецца нечы голас з грамады, - "колькі дзён таму назад былі пад Варшавай, а сёньня неўдалёчку ад нас, чуеце, як выразна чуваць страляніну. Так ім і трэба" - прагрымеў голас старога Гіполіся. - "Польшча ня хоча іх камуны, яна сама патрапіць зрабіць у сябе парадак і вось як няпрошаных гасьцей частуе. Адно боязна, каб хлапцоў нашых не знайшлі бальшавікі з коньмі ў лесе"... Раптам, страляніна зноў абрывае гутарку. Вочы сялян зварочваюцца да паважанага ўсімі, немаладога ўжо селяніна Антося, што ён скажа... "Вы кажаце" - пачаў Антось - "што Польшча сама наладзіць сваё жыцьцё, гэта так, але калі мы, беларусы, наладзім сваё жыцьцё. То-ж, перажываем ужо пятую акупацыю. Нас абдзіраюць, зьдзекуюцца і крыўдзяць, а мы усіх баімося. Ці-ж не маглі-б мы абыйсьціся без акупантаў? А ўся бяда у тым, што народ наш нацыянальна ня зусім яшчэ сьвядомы". - Сьвятая праўда, сьвятая праўда, - пачуліся ў адказ Антосю галасы з грамады. "Помставаць могуць таварышы, у нашым лесе завяліся партызаны, скажуць што гэта наша работа, могуць і вёску спаліць", - заўважвае баязьлівы Ігнась. Доўга яшчэ вядзецца гутарка, мінае поўнач і сяляне ўздыхаючы разыходзяцца па хатах з трывогай чакаючы дня. Антосю ня спалася гэту ноч. Ён думаў аб сваім 14-ці гадовым сынку Стасючку, каторы разам з іншымі хлапцамі з вёскі, паехаў нанач з канём у бор, каб усьцерагчы яго перад неспадзеванай рэквізыцыяй. "Ноч халодная, ён празябне", - думаў Антось, "паснуць начлежнікі, а ён адзін будзе дрыжаць ад страху. А крый Божа, нойдуць іх бальшавікі, пабяруць коні, што будзе тады з Стасючком?" Далей думы яго затрымліваліся над пытаньнем, дзе яго старшы сын? Ці жыве, а калі так, то горкая, мабыць, яго доля ў гэткія часы. Ягоная адданасьць да беларуская працы давядзе яго да згубы. То-ж выяжджаючы сказаў: "Будзем змагацца за лепшую долю Нашай Бацькаўшчыны". А ці лёгка змагацца. Ізноў грук, на часіну сьціхшай канонады, ад каторай зазьвінелі вокны ў хаце, абрывае яго думкі і зноў вяртаецца нясупакой аб Стасючку... Стасючок у гэту ноч перажыў то-ж нямала. Месца, дзе заначавалі нашы начлежнікі, было досьць прыгожае днём, а страшнае ў цёмную ноч. Сярод густога бору, у лагчыне, на прагаліне, заросшай сёлята яшчэ няскошанай травой, дзе працякае невялічкая рачушка, нашы начлежнікі знайшлі сабе ў гэту ноч прыпынак. Разлажылі яны невялічкі агоньчык, каб быць няпрыкмечанымі, шэпчучы вялі яны гутарку. Коні іх неахвотна шчыпалі старую траву. Пад поўнач агонь зусім загас і нашы начлежнікі адзін за адным паснулі. Аднаго Стасючка сон ня браў. Прытуліўшыся да старой елкі, ён пільна ўглядаўся ў тое мейсца, дзе пасьвіцца яго конік. Яму здавалася, што нечыя злыя вочы глядзяць на яго з-за кустоў, што ў лясным гушчары злыя людзі згаварваюцца ўкрасьці яго каня. Здавалася, што за крыніцай сьвецяцца галодныя вочы ваўкоў, чутна як ляскуюць яны зубамі і зараз кінуцца на людзей і на жывёлу. Хоць ня першую ноч начаваў Стасючок з сваім конікам далёка ад дому, аднак ніколі ня была яна яму такой страшнай, як сягоньня. Мароз прабягаў па скуры, валасы ўставалі на галаве ад такіх думак. Яму здаалася, што чутна, як страляюць у баку яго вёскі і там, думаў ён ідзе расправа: там плача яго маці, там б'юць яго бацьку. Але вось зоркі на набе пачынаюць гаснуць, лес сінее. Стасючок цешыцца, што мінае гэта доўгая і страшная ноч, страх адыходзе проч і малады начлежнік, абязсілены, спатыкаючы раніцу, моцна засыпае...

Праснуўся ён тады, калі ягоныя таварышы выграбалі з попелу апошніх некалікі бульбін, каторымі пасілкаваліся. Стасючок неяк засароміўся перад грамадой хлапцаў, што так доўга спаў, бо веде, што не павераць яму, калі скажа, што заснуў толькі нараніцы. Стасючка чакала новая работа, - ісьці ў вёску, даведацца, што чуваць і прынесьці што-колечы папалуднаваць. Усе сталі яго прасіць, бо ён шустры хлопец, скора вернецца, а Стасючок толькі гэтага і чакаў. Яму хацелася даведацца, што чуваць дома? І вось ён ужо бяжыць па вядомай дарожцы, бяжыць, ка б пабачыць сваіх бацькоў і расказаць пра гэту страшную ноч. Не агледзіўся, як лес пачаў радзець, паказалася поле, а там на ўзгорку яго вёска. Так хутка прабег пяць вёрст. Але раптам зьменшыў крокі; на гасьцінцы доўгім шнуром цягнуўся бальшавіцкі абоз, ішлі ў бязладзьдзі, а то і ехалі конна чырвонаармейцы. Гэта крыху яго перапудзіла і ён парашыў пачакаць пакуль гэта хваля пяройдзе. Да слуху яго данесьліся крыкі і плач з вёскі. "Божа мой! Што там быць можа?" - думаў ён. Не чакаючы ўжо даўжэй, адважна пайшоў ён праз дарогу і быў ужо ў вёсцы. Тут сапраўды адбывалася страшная расправа. Апошнюю жывёлу, апошняе зярнё забіралі бальшавікі. Ніякі плач, ніякія просьбы не памаглі. Бальшавікі ў кожным бачылі ворага, нават самым сабе ня верылі і дзеля гэтага бязлітасна помставалі над усім. Дома Стасючок знашоў хворага бацьку, каторага пабілі жаўнеры. Заплаканая маці радасна кінулася на спатканьне свайго Стасючка, як бы бачачы ў ім магутнага заступніка і абняўшы яго плакала. Сьлёзы пакаціліся з вачэй у Стасючка, бо любіў ён вельмі сваіх бацькоў і бачыў, як яны моцна пакрыўджаны. Усе будынкі ў вёсцы былі паадчыняны, дабро і дабытак забраны. На вуліцы было ўжо мала жаўнераў, як раптоўна затрашчэў кулямёт і раздаўся кліч "здавайся". У вёску ускочыў разьезд польскай кавалерыі. Пакрыўджаныя сяляне з радасьцяй спатыкалі разьезд польскіх войск, а праз паўгадзіны на гасьцінцы разьлягалася песьня польскіх пяхотных жаўняроў "Мы - перша брыгада". Цяпер дэкарацыя перамянілася, аднак крыўды прычыненай народу ніхто не пакрые; беларус павінен сам яе вынясьці на сваіх плячох. Да вечара заставалася ня больш гадзіны, калі Стасючок бег у лес, каб азнайміць сваім таварышом новую вестку. Цяпер можна было ўжо вярнуцца да дому і спакайней начаваць у хаце.

Прайшло некалькі месяцаў. На дварэ стаялі лютыя маразы. У Антосявай хаце рабілася штораз весялей. Атрыманы былі весткі ад старшага сына. Стасючок хадзіў у школу. Да навукі ён быў кемкі хлопец і ў трэцяй клясе быў адным з найлепшых вучняў. Аднак, яго маладая душа няраз цярпела балюча ад сваіх настаўнікаў. Вучыўся ён у польскай гімназіі, дзе з ягонай беларускасьці рабіліся немагчымыя жарты і зьдзек: у маладой душы вадзілася нейкая ненавісьць, нейкая затаеная злосьць да сваіх настаўнікаў. Ён цяпер малы і слабы ня можа выступіць у адкрытую барацьбу, але далей будзе інакш. У сваёй маладой і добрай ад прыроды душы, нічога воражага гэты школьнік ня мае, аднак такія адносіны зробяць з яго ворага, цяпер крыўджачай яго нацыі. Ён спрабуе пісаць ужо беларускія вершы і з нейкім няведамым жарам праймаецца ўсім родным, беларускім. Гэта яшчэ зусім несьвядома, але нейкая няведамая сіла, нейкі прыродны інстынкт, заложаны ў яго душу, узводзіць яго на родны шлях.

Глыбока запалі ў яго душу словы ягонага брата: "Калі мы хочам людзьмі звацца, то павінны кахаць свой народ і яго мову". Быў пачатак месяца сакавіка. На дварэ рабілася штораз цяплей. Сонца мацней прыпякала, а па вуліцы нашай вёскі з імпэтам бегла вада. Запахла вясна. Душа селяніна весялілася; хутка ўжо і скаціна пойдзе ў поле, карміць даўно ўжо нечым. Далёка ў высі пад самым небам адазвалася песьня жаваранка. Сяляне ладзілі плугі і бароны, быць спраўнымі і выйсьці ў поле да працы.

Праз некалькі тыдняў можна было заўважыць у полі ростам невялікага чалавека, барануючага свой загон. Гэта быў Стасючок. У вольных ад навукі хвілінах дапамагаў ён бацьком у працы: любіў ён вельмі вясковую работу. Ройнай ступою йшоў яго конік ласкава спаглядаючы на свайго гаспадара. Антось ня мог нацешыцца з свайго сынка - гэта быў яго памоцнік, яго радасьць. Але трэба было стацца бядзе вялікай, каторая якбы пяруном звалілася на галовы бедных Стасючковых бацькоў, каторая балюча закранула іх сэрцы. Ахвярай гэтага няшчасьця быў Стасюк. Занядужаў ён вельмі і дахтары знайшлі хваробу вельмі небясьпечнай. Захлапочаныя бацькі кідаліся ўва ўсе бакі, каб як колечы вылячыць свайго сынка. Ад лекаў мала ён меў палёгкі і нейкім невядомым інстынктам прачуваў, што выздаравець яму ня ўдасца. Сьлёзы каціліся па ўпалых шчочках ягонага тварыку. Ён плакаў і маліўся, каб Бог дараваў яму жыцьцё. То-ж яно яшчэ было ўперадзе яго, то-ж яно яму яшчэ было няведама...

Неўдалёчку за рачкай у густым альшэўніку разьлівалася песьня салаўя, у Антосявым садочку зацьвілі яблыні і грушы. Ужо з самага раньна на кветках красы гудзелі пчолы, збіраюцы мёд, а ў хаце Антося над ложкам, дзе ляжаў Стасючок, заламаўшы рукі, галасіла яго маці: "Пакінуў ты нас старых, пакінуў ты наш саколік", прыгаварвала яна. Стасючок памёр без пары, завяла нераспусьціўшаяся кветка, без пары сьмерць забрала маладое жыцьцё. Яшчэ за дзень перад сьмерцю, успамінаў аб сваім браце, так хацеў яго яшчэ хоць раз пабачыць, так вельмі яго кахаў. Прыбіты горам, пахіліўшы галаву, сядзеў Антось пры халодным трупіку свайго дарагога дзіцяці. Астаецца ён цяпер адзін на старасьці гадоў без сваей пацехі - Стасючка. А назаўтра тым шляхам, кудой Стасючок хадзіў у школу, звольна парушалася хаўтурная працэсія. Вёс Стасючка той конь, каторага так нядаўна, сьцярог ён ад ворагаў, нахіліўшы галаву, якбы плачучы ў апошні раз вёз ён свайго маладога гаспадара. Плакалі сёстры нябошчыка, плакала вясна, плакалі таварышы школьнік, плакалі прыдарожныя бярозкі, плакаў звон з званіцы. Плакала маладая Беларусь...

* Антон Абрамовіч (1897, Пакуці, Расійская Імперыя - 1940, Цвер, СССР) — беларускі грамадзка-палітычны дзяяч Заходняй Беларусі. Першы старшыня Беларускага Студэнцкага Саюзу.
Категория: Івянецкі архіў | Просмотров: 618 | Добавил: ivenec_eu | Теги: часопіс Наш шлях, Бяз пары..., нарадзіўся ў вёсцы Пакуці, Антон Абрамовіч | Рейтинг: 5.0/3
Всего комментариев: 0
Добавлять комментарии могут только зарегистрированные пользователи.
[ Регистрация | Вход ]

Падзяліцца

Спадабаўся сайт? Распавядзіце сябрам!

Спампаваць

Часопіс "Dziedzictwo Kresowe" № 10 (VI.2017)

Спампаваць бясплатна часопіс Dziedzictwo Kresowe
Спампаваць у PDF фармаце


Часопіс “Спадчына Крэсаў” № 6 (VI.2015, рэд. VII.2017)

Спампаваць бясплатна часопіс Спадчына Крэсаў
Спампаваць у PDF фармаце

Падтрымка

Сайт ivenec.eu працуе пры падтрымцы

Герб Роду Плевакаў
Таварыства Роду Плевакаў

Пошук

Статыстыка

Статыстыка сайта ivenec.eu

Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстачоў: 0


Рейтинг сайтов