Івянец і Івянецкае графства

Субота, 18.11.2017, 22:36

Вітаю Вас Гость | RSS | Галоўная | Рэгістрацыя | Уваход

Главная » 2015 » Люты » 15 » Была адна на ўсiх вайна…
13:19
Была адна на ўсiх вайна…
Выява выкарыстана ў якасці ілюстрацыі. Фота з сайта www.psl.byКрыніца - газета "Працоўная слава".

Аўтар артыкула: Алена ЗБІРЭНКА.

З вясны 1943 года жыхары вёскі Вуглы гадалі: будуць немцы паліць іх хаты ці не. Супярэчлівыя адказы даваў і камандзір партызанскага атрада Голубеў.

Іван Маляўскі на ўсялякі выпадак рашыў перавезці сям’ю да сваякоў у Шыкуці. Перад тым, як пакінуць дом, выкапаў у адрынцы глыбокую яму, дзе і схаваў самае каштоўнае з няхітрых сялянскіх набыткаў. Жонка і чацвёра дзяцей плакалі, пазіраючы на голыя сцены. Івану і самаму было цяжка кідаць абжытае месца, але ратавацца трэба: фашысцкія душагубы лютуюць, не шкадуюць ні малога, ні старога…

Але не паспеў Іван засцерагчыся: у адну з летніх раніц з’явіліся на парозе няпрошаныя госці, загадалі ісці на вуліцу і далучацца да аднавяскоўцаў. Над натоўпам стаяў шум са стогнаў, цяжкіх уздыхаў, дзіцячага плачу, металічнага лязгання, адзіночных аўтаматных чэргаў. Немцы пагналі спалоханых людзей у бок Баравікоўшчыны…

Маленькая Ірынка Маляўская старанна перабірала босымі ножкамі, стараючыся не адставаць ад мамы. Дзяўчынка чула, што іх вядуць на расправу, але не баялася. Плакала ж яна ад таго, што вельмі хацела есці. Ды і як стрываць можна? Мама толькі рашчыніла бліны, прынесла з кладоўкі здор, а паснедаць ім не далі…

Калі дабраліся да месца, усе стомлена пачалі падаць проста на зямлю, Ірынка ўжо моцна, ва ўвесь голас стала прасіць есці.

Дзіўна, але ніхто на яе не сварыўся. Наадварот, Ірынцы падалося, што твары дарослых нават неяк пасвятлелі. Як пазней скажа бабуля, людзі абрадаваліся магчымасці думаць не пра смерць, а пра тое, чым пакарміць капрызнае дзіця… Некаторыя з натоўпу асмялелі, пачалі гаварыць з канваірамі. А хутка да арыштаваных падышла мясцовая жанчына, каб перадаць галодным збан маслёнкі і вараную бульбу. Ірынка не любіла ні маслёнкі, ні бульбы. Ёй мроіліся маміны бліны са здорам, і таму яна заплакала яшчэ мацней. Тут ужо загаласіла і мама, і бабуля, старэйшыя сёстры і брат… Гвалт мацнеў, не сціхаў аж да ночы. А раніцай, калі дзяўчынка прачнулася, людзі сядзелі сцішэўшы. Раздаваўся толькі шэпт: “Пяршайскія ксяндзы… Уратавалі… Самі загінулі”.

Ірынка нічога не разумела сваім дзіцячым розумам, але ўсё адно абрадавалася – раз ніхто не плача, то значыць страшнае адышло.

У той дзень іх сям’ю разлучылі: тату і іншым мужчынам загадалі ісці ў абоз, а жанчын і дзяцей пагналі зноў. Гэта была доўгая і цяжкая дарога. Вечарам аказаліся на чыгуначнай станцыі. Ірынцы там не спадабалася: брыдкі, незнаёмы пах, злосна брэшуць сабакі, а свет ад жоўтых ліхтароў вёрткі, доўгі…

Дзяўчынка памятае, як хтосьці падсадзіў яе ў вагон, а вось бабулі ніяк не ўдавалася падняцца. Тады падышлі два салдаты і са злосцю пачалі біць старую. Яе цела потым цэлы месяц чорным было.

Цягнік часам спыняўся. Вагонныя дзверы з лязганнем адчынялі, а ў натоўп кідалі пару буханак хлеба і ставілі біклагу з вадой. На нейкай станцыі мама са старэйшымі дзецьмі выйшла і ў вагон больш не вярнулася. Тады, як лічыць Ірына Іванаўна, і скончылася яе дзяцінства: боль, страх, страты зрабілі пяцігадовую дзяўчынку не па гадах асцярожнай, удумлівай, разважнай.

Ірынцы і яе бабулі пашанцавала: іх узяў да сябе ў дом багаты чэх. Яны хутка навучыліся размаўляць па-чэшску, бо мова аказалася вельмі падобная да беларускай. Праз які месяц Ірынка ў Празе арыентавалася амаль гэтак жа ўпэўнена, як і ў роднай вёсцы. Гаспадар добра ставіўся да сваіх слуг: любіў, каб яны былі хораша апрануты, накормлены, каб штонядзелю наведваліся ў касцёл. І нават паслаў у розныя інстанцыі запыт, каб адшукаць Ірынчыну маму і сясцёр. З бацькам жа сувязь падтрымлівалі праз пісьмы. Хутка і мама звестку пра сябе падала – яна працавала ў Германіі, на заводзе, разам з дзецьмі.

“Ну, хоць жывыя ўсе! А там, дасць Бог, сустрэнемся!” – гаварыла Ірынцы кожны раз, кладучыся спаць, бабуля. І гэта была самая лепшая калыханка! Пад яе сніліся родная хата, мама, тата…

Лёс і сапраўды злітасцівіўся над сям’ёй Маляўскіх. Маці разам з сёстрамі і братам прыйшлі да Ірынкі і бабулі. Дабіраліся з Германіі ў Чэхію пешшу, але якое гэта мае значэнне? Галоўнае, што яны разам…

У лютым 1945 года Ірына сустрэла сваё васьмігоддзе, а праз пару месяцаў у Прагу прыйшлі амерыканскія салдаты. Яны былі вясёлымі, частавалі дзяцей цукеркамі і жвачкай. Маме прапанавалі аформіць дакументы, якія давалі б права пераехаць жыць у Амерыку. Але жанчына катэгарычна адмовілася: “ Не, я дастаткова паблукала па свеце. Хачу дадому! Кожную ноч у снах сваю хату бачу. Мужа хачу абняць! Мы тут разам, а ён адзін…” Тады яны яшчэ не ведалі, што бацьку прызвалі на фронт, што вёска іх спалена.

З Прагі да Гародзькаў дабіраліся тры тыдні. Большую частку ішлі пешшу, бывала, што ўдавалася пад’ехаць на возе ці на машыне, толькі ў Лідзе трапілі на цягнік. Дом, да якога так рваліся, сустрэў не гасцінна: кругом усё разбурана, есці няма чаго. Ледзь тут схованку адшукалі, што бацька ў адрынцы зрабіў. Тое-сёе з посуду абмянялі на хлеб, збіралі ягады і грыбы, ды ўсё адно моцна галадалі. Не спадзяваліся, што і выжывуць.

Шмат лягчэй стала, калі дэмабілізаваўся бацька: пачалі будавацца, набываць скаціну, сеяць збожжа.

Яны перажылі вайну – самае цяжкае выпрабаванне, якое толькі можа выпасці. Дзеці выраслі, стварылі свае сем’і. Ірына Іванаўна, цяпер Шунейка, жыве ў вёсцы Проўжалы. Калі ўспамінае, колькі нягод вынеслі ні ў чым не вінаватыя людзі, не можа стрымаць слёз. Жанчына спадзяецца, што такое больш ніколі не паўторыцца на зямлі…
Категория: Грамадства | Просмотров: 640 | Добавил: ivenec_eu | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Добавлять комментарии могут только зарегистрированные пользователи.
[ Регистрация | Вход ]

Падзяліцца

Спадабаўся сайт? Распавядзіце сябрам!

Спампаваць

Часопіс "Dziedzictwo Kresowe" № 10 (VI.2017)

Спампаваць бясплатна часопіс Dziedzictwo Kresowe
Спампаваць у PDF фармаце


Часопіс “Спадчына Крэсаў” № 6 (VI.2015, рэд. VII.2017)

Спампаваць бясплатна часопіс Спадчына Крэсаў
Спампаваць у PDF фармаце

Падтрымка

Сайт ivenec.eu працуе пры падтрымцы

Герб Роду Плевакаў
Таварыства Роду Плевакаў

Пошук

Статыстыка

Статыстыка сайта ivenec.eu

Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстачоў: 0


Рейтинг сайтов