Івянец і Івянецкае графства

Чацвер, 17.08.2017, 02:28

Вітаю Вас Гость | RSS | Галоўная | Рэгістрацыя | Уваход

Главная » 2014 » Сакавік » 4 » Дзе шукаць "Звон Дуніна-Марцінкевіча"? (ФОТА, ВІДЭА)
14:20
Дзе шукаць "Звон Дуніна-Марцінкевіча"? (ФОТА, ВІДЭА)
Малюнак скарыстаны ў якасці ілюстрацыі. Фота з сайта proza.ru

Род Жаброўскіх у 1852 годзе на могілках вёскі Падневічы, ва ўрочышчы Тупальшчына, што на Валожыншчыне, пабудаваў капліцу. У ёй быў усталяваны звон.

Краязнаўца Дзяніс Салаш. Фота прадастаўлена Дзянісам СалашамГэты тэкст прадаставіў мінскі даследчык архітэктуры Дзяніс Салаш. Дзяніс нарадзіўся ў 1976 годзе ў Мінску, куды, як ён расказвае, бацькі пераехалі з паўночна-усходняй часткі даваеннай Рэчы Паспалітай. Скончыў будаўнічы факультэт Інстытута сучасных ведаў.  Яшчэ школьнікам у 1993 годзе захапіўся краязнаўствам і гісторыяй.

Апошнія 10 год вядзе працу над праектам "Фотаэнцыклапедыя "Нашы касцёлы", якую пачаў у 2002 годзе. Энцыклапедыя зараз утрымлівае інфармацыю пра 1 263 каталіцкія храмы Беларусі і 6 500 іх здымкаў, а таксама некалькі сотняў артыкулаў, некалькі фільмаў, вялікую калекцыю арганнай музыкі, якая выконвалася на працягу дванаццаці год у розных касцёлах некалькімі выканаўцамі.

Пад час працы над праектам "адкрыў некалькі дзесяткаў архітэктурных аб'ектаў, раней невядомых у краязнаўчых колах. Прамежкавым этапам працы стаў фільм "Нашы касцёлы", які атрымаў у 2010 годзе Першую ўзнагароду і статуэтку св. Максімільяна Кольбэ на фестывалі "Niepokolanów" (Польшча), а таксама трэцюю ўзнагароду на фестывалі "Polskie Ojczyzny'2010". З 2009 года працуе над кнігай "Закапанскі стыль", якая зараз чакае выдання і больш за год распаўсюджваецца ў электронным выглядзе.

Яго цікавяць шмат якія тэмы. Нядаўна ён заняўся справай "звона Дуніна-Марцінкевіча" на Валожыншчыне.

"Звон Дуніна-Марцінкевіча”

У 1884 годзе непадалёк, у вёсцы Люцынка, памірае беларускі класік Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Хаваюць яго наўпрост пры каменных градусах (gradussy - прыступкі храма, алтара) капліцы. На магілу драматурга сюды дагэтуль прыязджаюць шматлікія экскурсіі, усталяваны помнік. На пахаванні Дуніна-Марцінкевіча, канешне ж, білі званы. Дакладней, звон. Бо, наколькі вядома, быў ён тут адзін, прынамсі, у 1943 годзе.

У гэтым 1943 годзе звон быў зняты з вежы і схаваны не то ад бальшавікоў, не то ад нацыстаў у бліндажы часоў Першай сустветнай вайны, а менавіта ў бліжэйшай ад Падневіч вёсцы - Урублеўшчыне. Пра гэта расказаў мне некалькі год таму Люцыян Сайкоўскі, які нарадзіўся ў Івянецкім раёне, школу скончыў у Пральніках Валожынскага раёна, цяпер жыве ў Польшчы, у горадзе Зялёна Гура. Ён шмат разоў наведваў Беларусь пасля таго, як у 1958 годзе пераехаў у Польшчу. Захапляецца аматарскім відэа, збірае звесткі пра гісторыю свайго роднага рэгіёну, фільмуе, занатоўвае сведчанні вяскоўцаў.

Інфармацыю пра лёс падневіцкага звона Люцыян Сайкоўскі пераказаў гвардыяну івянецкага францішканскага кляштара а. Леху Баханэку. Ад айца Леха я і атрымаў дазвол на пошукі звона. І фільм Люцыяна Сайкоўскага. У стужцы жыхарка Падневіч Данута Мучынская распавяла пра былога старшыню калгаса, які працаваў у 1980-я гады. Па чутках, ён знайшоў гэты звон у доме, які калгас набыў у таго самага чалавека, што ў вайну закапаў рэліквію.

Капліца-пахавальня роду Жаброўскіх у Тупальшчыне каля в. Падневічы Валожынскага раёна
Фота з сайта geo-by.blogspot.com

Изображение 1

Фота карыстальніка Варвара са старонкі forum.globus.tut.by

Изображение 2

Меркавалася, што той чалавек пасля вайны выкапаў звон і захоўваў у сябе. Гэты дом (перад вайной – польская школа) і цяпер стаіць, але перабудаваны. З яго быў зняты другі паверх і перавезены з Урублеўшчыны ў Падневічы. Цяпер гэта на пачатку галоўнай вуліцы вёскі. У "другім паверсе" жыве Данута Мучынская.

Пачаў я шукаць былога старшыню калгаса. Знайшоў яго праз яго кума, былога намесніка старшыні Юзэфа Вікенцьевіча. Ён цяпер працуе на ўчастку цвёрдых сыроў у Міжрэччы, на "панскім сырзаводзе", пабудаваным яшчэ ў часы Другой Рэчы Паспалітай. Ён вядомы ў вёсцы чалавек і даў мне, канешне ж, нумар свайго сваяка, былога старшыні калгаса Генрыха Юльянавіча.

Ён распавёў мне ўсе з падрабязнасцямі. Сказаў: "Ну, так, быў у мяне адзін звон, вісеў у мяне доўга, потым у гаражы стаяў, трэснуты быў." Тут я прыгадаў, што маці Дануты Мучынскай, Соф’я Ліпніцкая, таксама казала, што звон быў трэснуты, што некалі нехта з калгаснікаў даў рыдлёўкай па ім - ён і трэснуў. Не магло быць іншых званоў у адной маленькай Урублеўшчыне, прычым фактычна ў адным доме. "Аддаў я звон майму сябру Пятру Іванавічу Пятровічу, а ён завез яго ў цэркаў за Валожынам, каля Філіпінятаў, назву вёскі не памятаю, вось вам тэлефон Пятра Іванавіча, валожынскі нумар", - дадаў Генрых Юльянавіч.

Тэлефон у Валожыне падняла жонка Пятра Іванавіча, які знаходзіўся ў бальніцы. Яна была вельмі здзіўлена, але сказала, што Пётр Іванавіч найхутчэй звон мог аддаць у "іх царкву”, у вёску ля Філіпінятаў - Славенск.

Славенск

Царква ў Славенску старая, з 1860-х гадоў, са званніцай. Вёска зусім малая, свайго святара няма ўжо шмат год, прыязджае з іншай мясціны.

У адным з дамоў жыве стары з жонкай. Яны адразу прыгадалі пра звон: "Так, падарылі нам тады гэты звон". Але праз секунду ўдакладнілі, што не падарылі, а "купілі, за збан гарэлкі". Чалавек, які прывез (як потым высветлілася, 35-кілаграмовы) звон за пяцьдзесят кіламетраў, думаю, проста ўзяў бутэльку (збан) за дастаўку. Стары расказаў шмат падрабязнасцяў, сказаў, што яны спачатку не ведалі, што ён трэснуты. "Узялі яго, зрабілі яму правушыну, новы язык, зацягнулі на званніцу, падвесілі, а ён... не звоніць. Трэснуты. Таму замовілі новы, больш вялікі. А гэты знялі, стаяў доўга потым унізе. Яшчэ ў нас ёсць іншы "польскі звон", зусім маленечкі, дакладна польскі. А трэснуты звон забраў ці бацюшка Віталій Ляшкевіч, ён цяпер служыць ў Хатлянах (Уздзенскі раён. - Д.С.) ці бацюшка Канстанцін, які цяпер у Бараўлянах. Не ведаем, хто дакладна. Яны яшчэ вазілі звон у Маладэчна, хацелі запаяць - не атрымалася".

Царква св. Мікалая ў Славенску, Валожынскі раён
Фота - Андрэй Дыбоўскі, globus.tut.by

Изображение 3

Бацюшка Канстанцін, сапраўды, служыць цяпер у Бараўлянах, і ён падцвердзіў усе словы старых. Але накіраваў мяне ўсё ж да айца Віталія, у Хатляны, бо менавіта "айцец Віталій забраў звон са Славенска, вазіў у Маладзечна, а пасля няўдалай пайкі думаў яго пераплавіць і адліць новы звон", - дадаў звестак айцец Канстанцін.

Хатляны

Айцец Віталій сам звон у Маладзечна на рамонт не вазіў. Даставіць звон, прыкладна ў 2001 годзе, узяўся іншы чалавек, знаёмы святара. "У Маладзечне звон спрабавалі запаяць, але трэшчына пайшла яшчэ далей, - распавёў а. Віталій. - Той чалавек, што вазіў, напэўна, там недзе ў Маладзечне яго і пакінуў. Магчыма, што і на самім заводзе. Назад звон да нас ужо так і не вярнуўся.”

І яшчэ, дарэчы, быў на ім надпіс "Gloria" - прыгадала матушка айца Віталія. Я спытаў яшчэ, на якім заводзе ў Маладзечне спрабавалі адрамантаваць звон. Святар адказаў, што і ў 2001 годзе ён не ведаў яго назву. Ну вось, атрымліваецца, што ўсё, канец пошукаў, абрыў ланцужка.

Царква ў Хатлянах (згарэла на праваслаўнае Раство ў студзені 2013 года), Уздзенскі раён. Фота Дзяніса Салаша

Изображение 4

Але інтэрнэт мне падказаў, што ў Маладзечне ёсць буйны станкабудаўнічы завод, а ў 2006 годзе ў яго складзе быў ліцейны цэх, і што цяпер гэта асобны завод - Маладзечанскі ліцейны. Але пасля званка ў ліцейку я тэлефанаваў ужо ў прыёмную станкабудаўнічага, бо тыя старыя кадры з ліцейкі засталіся працаваць на станкабудаўнічым заводзе. Перанакіравалі мяне да тэхнолагаў, бо толькі праз іх ў 2000 годзе і мог паступіць на рамонт звон. Канкрэтна да Тамары Кізляк. Яна адразу ўзгадала, што звон прывозілі. "Ага! - узрадаваўся я. - Можна шукаць далей!” "Так, у нас прыкладна ў 2000 годзе паялі нейкі звон, мы, тэхнолагі, выпісвалі рэцэпт".

Што далей было, яна не ведала. Накіравала мяне да начальніка вытворчасці. Ён, маўляў, усё ведае, усе закавулкі, дзе што на заводзе ляжыць. Начальнік вытворчасці, на жаль, абсалютна нічога пра звон не памятаў. Але ён быў вельмі учцівым чалавекам і паабяцаў абзваніць усіх, хто тады ў ліцейцы працаваў. Аднак папярэдзіў, што тыя зваршчыкі старыя ўжо, на пенсіі. Прайшло два дні, сазваніліся, адзін зваршык прыгадаў, што нейкі звон паялі, другі зваршчык нічога не ўспомніў.

Выява выкарыстаная ў якасці ілюстрацыі. Фота з сайта frunze.com.ua

Изображение 7

Першы расказаў, што звон варылі-варылі, а ён яшчэ мацней трэснуў. Далейшы лёс звона невядомы. Але начальнік вытворчасці паставіў пад сумненне, што яго пераплавілі. "Такой бязглуздзіцы зрабіць не маглі”, - лічыць ён.

Вось так і скончыліся нашы пошукі. Не хочацца верыць, што звон зварылі ў ліцейцы, хочацца спадзявацца, што адрамантавалі яго ці пералілі ў новы звон, і звоніць ён недзе не вельмі далёка. Ці выпадкам праз гадоў дзесяць раптам знойдзецца ў Маладзечне, у якім-небудзь завадскім закутку…

Не лічу, што я дарма ўзяўся за гэтую справу. Бо 69 год лічылася, што звон гніе ў зямлі, а высветлілася, прынамсі, што некалькі апошніх дзесяцігоддзяў ён бачыў свет, жыў і нават трохі званіў. Меў гісторыю і змагаўся за жыццё. За гонар Пушчы Налібоцкай і Графства Івянецкага.

Гісторыя была б скончанай на дадзеным этапе, калі б не знаходка ў 2011 годзе сэрца нашага звона – языка. Люцыян Сайкоўскі, калі рабіў відэаздымкі, завітаў у той самы дом, які выкупіў калгас, - цяпер у ім жывуць іншыя людзі. Яны паказалі яму незразумелы шар, які "выкарыстоўвалі ў гульнях". Люцыян Сайкоўскі ідэнтыфікаваў шар як сэрца звона. Даслаў здымкі ў знакамітую польскую ліцярню - "Адліўню братоў Крушэўскіх” у Вэнграве, там яму пацвердзілі яго гіпотэзу. Таму, прынамсі, частка гэтай гістарычнай рэліквіі ў нас ёсць.

Сэрца "звона Дуніна-Марцінкевіча". Ліпень 2011-га, в. Урублеўшчына Валожынскага раёна. Скрыншот відэа Люцыяна Сайкоўскага

Сэрца

Сэрца

P.S. Дзякуй вялікі Люцыяну Сайкоўскаму за інфармацыю і ідэю. Асаблівы і вялікі дзякуй майму прыяцелю Аляксандру, без якога я дакладна за гэтыя пошукі не ўзяўся б. І дзякуй Госпаду Богу, што ён ўсё ж аддзячыў нам за нашу ўпартасць і падарыў нам сэрца "звона Дуніна-Марцінкевіча".

Дзяніс САЛАШ
Фатаграфіі падабраныя аўтарам



Пра відэа распавёў у сваім лісце Люцыян Сайкоўскі: Двое братоў па прозвішчы Суша з вёскі Урублеўшчына, капаючы агарод, знайшлі ў зямлі гэты шар. Яны жывуць у доме, дзе раней жыў Пётр Сайкоўскі – удзельнік зняцця з капліцы звона. Як аказваецца, звон перавезлі ва Урублеўшчыну пасля ліквідацыі ў 1961 годзе хутара Станева.

Ужо тады, калі браты прынеслі паказаць шар, я быў упэўнены, што гэта сэрца звона, які мы шукаем. Ніхто іншы такіх здагадак не выказваў. Я захаваў свае думкі ў таямніцы, каб праверыць іх. Пасля вяртання ў Польшчу я звярнуўся ў адліўню званоў. На падставе памераў адрэзанага шара мы ўстанавілі вагу і памеры звона. Не ўдалася мне пакуль знайсці, хто быў вытворцам звона, таму шукаю далей.

Зараз, дзякуючы ўдзелу ў пошуках шаноўнага спадара Дзяніс Салаша, якому яшчэ раз дзякую, ведаем лёс звона. Маем надзею, што ён існуе. А дзякуючы ўдзелу ў гэтай справе сайта www.ivenec.eu і артыкулу, які з’явіцца на ім, спадзяюся, што звон знойдзецца і зазвоніць на вечны спачын Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу, яго жонцы і дачцэ, а таксама маім дзядам і прадзедам і шмат каму іншым, пахаваным на могілках у Тупальшчыне. Тым больш, што мы павінны гэта рабіць – пісаць рабіць вядомай уласную гісторыю для жыхароў гэтых мясцін і не толькі.

Дзякую сардэчна таксама Віталію Богдану з вёскі Урублеўшчына за расповеды, Наталлі Капусце за артыкулы пра нашы мясціны, якія яна пісала да гэтай пары, а таксама іншых безыменным братам за захаванне памяці і дапамогу ў зборы інфармацыі і здымках.

Я шмат з кім размаўляў ва Урублеўшчыне пра звон, ніхто не чуў пра тое, што ён быў тут. Цікава, што ў такой малой вёсцы не было агалоскі. Было б цудоўна знайсці тых працаўнікоў, якія знайшлі звон або якія бачылі яго, а таксама памятаюць, якія на ім былі надпісы. Было б таксама добра перанесці сэрца звона ў тупальшчынскую капліцу на захаванне.

Крыніца - http://kraj.by/
Категория: Грамадства | Просмотров: 787 | Добавил: ivenec_eu | Теги: Люцыян Сайкоўскі, сэрца звона, пошук звона, Дзяніс Салаш | Рейтинг: 5.0/2
Всего комментариев: 0
Добавлять комментарии могут только зарегистрированные пользователи.
[ Регистрация | Вход ]

Падзяліцца

Спадабаўся сайт? Распавядзіце сябрам!

Спампаваць

Часопіс "Dziedzictwo Kresowe" № 10 (VI.2017)

Спампаваць бясплатна часопіс Dziedzictwo Kresowe
Спампаваць у PDF фармаце


Часопіс “Спадчына Крэсаў” № 6 (VI.2015, рэд. VII.2017)

Спампаваць бясплатна часопіс Спадчына Крэсаў
Спампаваць у PDF фармаце

Падтрымка

Сайт ivenec.eu працуе пры падтрымцы

Герб Роду Плевакаў
Таварыства Роду Плевакаў

Пошук

Статыстыка

Статыстыка сайта ivenec.eu

Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстачоў: 0


Рейтинг сайтов