Івянец і Івянецкае графства

Серада, 20.09.2017, 01:35

Вітаю Вас Гость | RSS | Галоўная | Рэгістрацыя | Уваход

Главная » 2015 » Красавік » 22 » Дзякуючы генералу Кавэрскаму пабудаваны Чырвоны касцёл у Івянцы
13:17
Дзякуючы генералу Кавэрскаму пабудаваны Чырвоны касцёл у Івянцы
Эдвард КавэрскіЗ кнігі “Млын жыцця”, краязнаўца Генадзя РАВІНСКАГА (1933-1999).

Заўвага: артыкул напісаны ў 1992 годзе.

Нарадзіўся Эдвард Кавэрскі ў Ігуменскім павеце (Чэрвеньскі раён) Мінскай губерні 17 сакавіка 1837 года. Яго бацька, павятовы чыноўнік Аўрэліян Кавэрскі, памёр у 1850 годзе, пражыўшы ўсяго 35 гадоў. На руках удавы засталося шасцёра непаўналетніх дзяцей, а месячная пенсія складала ўсяго 4 рублі 75 капеек. Пасля смерці мужа, у тым жа годзе, Стыдалія Кавэрская прадала сямейнае серабро, усю мэблю, найкаштоўнейшае адзенне і за выручаныя грошы з цяжкасцю купіла ў Івянцы драўляны домік (захаваўся, вул. Барысевіча, 3), у якім жыла да самай смерці.

Эдвард Кавэрскі паступіў на ву-чобу ў Брэсцкі кадэцкі корпус, які скончыў у 1855 годзе, атрымаўшы афіцэрскае званне – харунжы. З 11 чэрвеня таго ж года пачалася яго служба ў рускай арміі. Бываючы ў маці, ён бачыў, як ёй нялёгка жывецца, глыбока разумеў, што трэба выбівацца ў людзі, разлічваючы толькі на свае ўласныя сілы.

У Маскалёўшчыне (цяпер Раднікі, 4 кіламетры ад Івянца) жылі блізкія знаёмыя маці Пётр і Мяланія Плявакі, якія мелі трох дачок – Альжбету, Софію і Аліну. Альжбета, якая “…ўвасабляла ў сабе цудоўны тып жанчыны Таццяны, створаны прыяцелем нашага генія Адама Міцкевіча вялікім паэтам Аляксандрам Пушкіным…”, была сціплай, працавітай, рамантычнай дзяўчынай. Малады афіцэр палюбіў Альжбету, часта быў у Плявакаў, шчыра паважаў іх за дабрыню, спагадлівасць, чалавечнасць. А жыццё патрабавала многа сіл, настойлівасці, энергіі.

На працягу 10 гадоў (з 1855 па 1865 год) Кавэрскі закончыў дзве акадэміі, удзельнічаў у навуковай экспедыцыі па Сібіры.

Завяршыўшы такім чынам сваю адукацыю, ён 10 студзеня 1865 года стаў мужам любай яго сэрцу Альжбеты Плявакі, стрыечнай сястры слыннага рускага адваката Фёдара Мікалаевіча Плявакі (1842-1908).

Эдвард Каварскі дас-лужыўся да высокага вайсковага звання генерала-лейтэнанта, стаў членам Навуковага Камітэта Генеральнага штаба. Ён быў адным з заснавальнікаў айчыннай геадэзіі і картаграфіі. Дасягнуў вышынь славы і сусветнай вядомасці. Славуты географ пакінуў пасля сябе глыбокі след у галіне геадэзіі і картаграфіі.

Важнейшая яго праца – выкананне пад яго кіраўніцтвам карты Азіяцкай Расіі (Санкт-Пецярбург, 1894). Маштаб 1:8400000.

Другое яе выданне ў французскай версіі было ажыццёўлена праз 6 гадоў: “Карта Азіяцкай Расіі і сумежных тэрыторый” (Санкт-Пецярбург, 1900 год) з далучаным тэкстам “Даведка да карты Азіяцкай Расіі”. Гэта праца была выканана ў сувязі са здзейсненым рускім царом Мікалаем II падарожжа па Сібіры і сумежных краінах Азіі. Траса царскага шляху была падрабязна нанесена на карту, дзе грунтоўна адзначаліся дарожна-камунікацыйныя шляхі зносін, дакладна дадзеныя па фізічнай геаграфіі, звесткі аб адміністрацыйным дзяленні і насельніцтве. Для гэтага было выкарыстана “Усеагульная карта Азіяцкай Расіі” (маштаб 1:4200000), выдадзеная Картаграфічным аддзелам Рускага Генеральнага штаба пад кіраўніцтвам генерала А. Большава.

У 1896 годзе Рускае ге-аграфічнае тавары-ства выдала яшчэ адну працу Кавэрскага “Геадэзічныя работы, папярэднічаючыя будаўніцтву Транссібірскага шляху”, якая разам з яго картай Азіі была выстаўлена ў Ноўгарадзе на Усерасійскай прамысловай выставе і заваявала першую ўзнагароду. Гэта работа была выканана на аснове неапублікаваных яшчэ матэрыялаў і прызнана спецыялістамі як вышэйшае дасягненне ў галіне геадэзіі пры пракладцы аднаго з адрэзкаў Транссібірскай магістралі (ад Чарняева на ўсход).

Апрача нанясення на карту рэгіёнаў Азіі, Кавэрскі праводзіў картаграфічныя работы і ў Прыбалтыцы. У 1867 годзе яму было даручана зрабіць замены польскіх геаграфічных назваў на карце Каралеўства Польскага на рускія. Гэту працу Кавэрскі выканаў у супрацоўніцтве са славістам А. Гільфэрдзінгам, а потым па даручэнню Рускага геаграфічнага таварыства выдаў у 1905 годзе “Запісі па транскрыпцыі польскіх назваў”. Кавэрскі апублікаваў таксама шэраг значных артыкулаў, якія датычылі прац вайсковай картаграфіі і прац Рускага геаграфічнага таварыства.

Вялікую памяць пасля сябе Эдвард Кавэрскі пакінуў і ў Івянцы. Многія івянчане з глыбокай удзячнасцю ўспамінаюць генерала, яго дабрату, самаахвярнасць, служэнне роднай Бацькаўшчыне.

Было лета 1916 года. Праз Івянец праходзіла другая лінія абароны Заходняга фронту рускай арміі (камандуючы генерал Эвэрт). І калі прывезлі з Санкт-Пецярбурга ў цынкавай труне цела генерала, на пахаванне сабраліся тысячы івянчан і жыхароў навакольных вёсак, салдат і афіцэраў 10-й арміі. Многія людзі плакалі. Развітальныя гарматныя залпы страсянулі паветра. Генерала пахавалі ў касцельным склепе пад алтаром, выканаўшы яго апошнюю волю. Пахавалі ў адной з шасці ніш сямейнага маўзалея, дзе ўжо пакоілася сястра яго жонкі Аліна Тукала. З цягам часу спачылі ў сямейным склепе жонка генерала Альжбета і яе блізкія родныя. А праз некаторы час быў устаноўлены мемарыяльны знак у алтарнай частцы касцёла ў памяць аб Кавэрскіх.

…Мінула 76 гадоў з дня смерці вучонага. Імя генерала Кавэрскага было амаль забыта. Знайшліся “людзі”, якія ў шасцідзесятыя гады разбурылі пахавальню, астанкі генерала-вучонага параскідалі. Нават старасвецкі парк у Радніках, побач з адміністрацыйным будынкам калгаса “Радзіма”, цудоўны помнік садова-паркавай архітэктуры пачатку XIX стагоддзя з маляўнічымі альтанкамі, утворанымі высаджанымі па акружнасці каштоўнымі пародамі ліп, выразаецца (сёлетняй вясной выразана яшчэ дзевяць ліп). А ў гэтым парку многа разоў бывалі, часова жылі тут у сваякоў сам генерал Кавэрскі, яго сваяк адвакат, гонар і слава рускай адвакатуры Ф. М. Плявака, рускі інжынер-фартыфікатар, будаўнік крэпасці Кранштат, сваяк Кавэрскіх і Плявакаў А. І. Заржэцкі (пахаваны ў Івянцы каля Чырвонага касцёла).

Аўтар гэтых радкоў многа раз прасіў мясцовых начальнікаў захаваць парк, але ўсё дарэмна. Можа, хоць раённае таварыства па ахове прыроды, кіраўніцтва раёна прымуць некаторыя загады, каб узяць пад дзяржаўную ахову рэшткі рэдкага парку, падобнага якому няма ў раёне? Можа, касцельны камітэт Чырвонага касцёла ў Івянцы, актыўныя вернікі не без удзелу мясцовых улад перазахаваюць астанкі генерала Кавэрскага і яго родных, адновяць мемарыяльны знак у памяць слыннага вучонага? А то горка, балюча, страшна бачыць, як наўмысна нішчыцца светлая памяць аб нашым мінулым, аб сумленных і самаахвярных людзях, якія сваё жыццё прысвяцілі Дабру і Справядлівасці. Летась прыязджалі ў Івянец з Польшчы два нашчадкі Плявакаў. Адзін з іх, Станіслаў Плявака, пытаўся ў старэйшых людзей, ці захаваліся альтанкі ў былым іхнім фамільным парку ў Маскалёўшчыне (Радніках). З болем у сэрцы яны агледзелі разбураны сямейны склеп у Чырвоным касцёле…

…Я глыбока веру, што імя генерала Кавэрскага не будзе забыта. Хачу дажыць да таго дня, калі яго астанкі будуць перазахаваны і ўстаноўлены мемарыяльны знак. І я на гэту святую справу хачу першым унесці свае грашовыя ахвяраванні, у тым ліку і ганарар за гэты артыкул.
Категория: Асобы | Просмотров: 711 | Добавил: ivenec_eu | Рейтинг: 5.0/4
Всего комментариев: 0
Добавлять комментарии могут только зарегистрированные пользователи.
[ Регистрация | Вход ]

Падзяліцца

Спадабаўся сайт? Распавядзіце сябрам!

Спампаваць

Часопіс "Dziedzictwo Kresowe" № 10 (VI.2017)

Спампаваць бясплатна часопіс Dziedzictwo Kresowe
Спампаваць у PDF фармаце


Часопіс “Спадчына Крэсаў” № 6 (VI.2015, рэд. VII.2017)

Спампаваць бясплатна часопіс Спадчына Крэсаў
Спампаваць у PDF фармаце

Падтрымка

Сайт ivenec.eu працуе пры падтрымцы

Герб Роду Плевакаў
Таварыства Роду Плевакаў

Пошук

Статыстыка

Статыстыка сайта ivenec.eu

Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстачоў: 0


Рейтинг сайтов