Івянец і Івянецкае графства

Панядзелак, 25.09.2017, 18:00

Вітаю Вас Гость | RSS | Галоўная | Рэгістрацыя | Уваход

Главная » 2015 » Студзень » 17 » Івянец у гады Вялікай Айчыннай вайны
20:15
Івянец у гады Вялікай Айчыннай вайны
Будынак жандармерыі ў Івянцы (цяпер паліклініка). Аўтар фота: Дзяніс Салаш, salasz.livejournal.com Аўтар артыкула: Солтан Ігар, бібліятэкар Івянецкай дзіцячай бібліятэкі.

22 чэрвеня 1941, як мы усе ведаем пачалася Вялікая Айчынная вайна. Савецкае кіраўніцтва ў спешным парадку пакінула Івянец. З ім адышлі і тыя, хто не хацеў, альбо проста не мог застацца на акупаванай тэрыторыі. У асноўным гэта былі савецкія і партыйныя работнікі са сваімі сем’ямі. Але, нажаль, многія актывісты не ведалі аб адыходзе і засталіся на месцы, як на прыклад Южык Юрый Ігнацьевіч, сакратар партячэйкі ў в. Суднікі, альбо Шыкуць Антон Вікенціевіч, жыхар в. Камень, дэпутат Вярхоўнага Савета. Іх проста забыліся папярэдзіць. Немцы ўступілі ў Івянец 28 чэрвеня, на шосты дзень вайны. Яны адразу ж пачалі устанаўліваць свой "новы" парадак. Уся улада належала нямецкаму каменданту, але яны стваралі і грамадзянскую адміністрацыю на чале якой ставілі і мясцовых калабарцыяністаў, гэта значыць здраднікаў, якія супрацоўнічаюць з ворагам. Так на чале раённай управы сташ нехта Булак, які пасля вайны уцёк у Швейцарыю. Бургамістрам Івянца немцы прызначылі Зянона Бурака. Камендантам паліцыі быў прызначаны Стэфан Познаньскі – унтэрафіцэр былой польскай паліцыі. Курыраваў паліцыю нехта Нор – фальскдойч з Навагрудка.

У былых польскіх казармах уладамі, якія адказвалі за асвету, была створана прафесіянальная школа, якою кіраваў праўнік Карачун. Спачатку працавала і школа, але падручнікі, па якім вялося выкладанне былі перакладзены з нямецкай мовы.

Быў створаны так званы адзел "Цэнтральнай гаспадаркі "Усход"", кіраваў якім лейтэнант Розе, Які стаў потым загадчыкам сельгасаддзела Івянецкай камендатуры.

У гэтым аддзеле працаваў Казімір Дзяржынскі, брат Фелікса Дзяржынскага. Жонка Казіміра Дзяжынскага – Люцыя працавала перакладчыцай у жандармерыі.

Пачаўся набор у паліцыію. Служыць туды пайшлі ў асноўным мясцовыя людзі. Служылі, па праўдзе кажучы, не з-за таго каб помсціць бальшавікам, а каб зарабіць кавалак хлеба. А з 1942 года ў паліцыю масава ішлі людзі па заданню польскага падполля, каб у патрэбны час ударыць немцам у спіну. Таксама вядома што частка паліцэйскіх была з Навагрудка, якія згадзіліся служыць немцам, але не дома, а у іншай мясцовасці, каб у выпадку іх удзелу ў карных аперацыях ім не адпомсцілі людзі.

Але нажаль знаходзіліся людзі, такія як ветэрынар Гюнтэр, які амаль адкрыта супрацоўнічаў з гестапа.

З прыходам немцаў у Івянцы пачалася эпідэмія тыфу. Мясцовы шпіталь быў цалкам запоўнены хворымі. Многа людзей памерла.

Амаль адразу ж пасля акупацыі у Налібоцкай пушчы пачаў разгортвацца партызанскі рух. Арганізоўваць яго пачалі афіцэры НКУС, якія добра ведалі мясцовасць і тутэйшых людзей.

Спачатку камандаваў савецкімі партызанамі супрацоўнік НКУС Сідарук, псеўданім "палкоўнік Дубаў". Намеснікам у яго быў маёр Васілевіч. Асобны састаў партызанскіх атрадаў спачатку фарміраваўся з салдат - акружэнцаў, якія трапілі ў кацёл у Налібоцкай пушчы. Потым быў створаны асобны атрад для палякаў. Камандаваў ім лейтэнант Клюшкаў.

Дзеянні партызан на пачатку акупацыі абмяжоўваліся зборам зброі і атакамі на нямецкія калоны з сельгаспрадуктамі, якія немцы назбіралі ў выглядзе сельгаспадатку з сялян. У адказ на гэта немцы пачалі праводзіць карныя акцыі – нішчыць людзей і вёскі. Пасля гэтага пайшлі ў партызаны і мясцовыя людзі, каторым не было дзе дзявацца і каторыя хацелі адпомсціць акупантам.

Акупацыйны рэжым быў вельмі жорсткім. За любую правіну немцы маглі пакараць смерцю. Асаблівай жорсткасцю славіўся начальнік СД (Службы бяспекі), ненавісны кат Івянца, па мянушцы "Чэх". Ён кожны дзень забіваў чалавека. Калі дзень абыходзіўся без гэтага ён казаў: "Дзень прайшоў марна, я нікога не забіў, я сёння хворы і не ў гуморы".

Асаблівым злачанствам акупацыйнага рэжыму было ліквідацыя івянецкага гетта. Зараз я вам трошкі раскажу пра гісторыю яго з’яўлення.

З пачаткам вайны многія яўрэі не хацелі эвакуіравацца на усход, а з пачаткам акупацыі ісці ўлес, бо помнілі па Першай Сусветнай вайне, што немцы паводзілі сябе без асаблівай жорсткасці.

Ужо с пачаткам ліпеня 1941 года, з мэтай кантроля за выкананнем сваіх загадаў і арганізацыі прымусовых работ, немцы заставілі мясцовых яўрэяў стварыць юдэнрат. Пад страхам смерці яўрэям было загадана насіць жоўтыя шасціканцовыя зоркі.

Мясцовыя паліцаі пастаянна збівалі і рабавалі яўрэяў, іх прымушалі выконваць чорныя і цяжкія работы, выкарыстоўвая як рабоў пры уборцы вуліц, канюшняў і інш.

14 ліпеня 1941 года 14 яўрэеў – мужчын маладога і сярэдняга узросту, прадстаўнікоў інтэлегенцыі, эсэсаўцы з Валожына з дапамогай мясцовай паліцыі і некаторых з мясцовых жыхароў арыштавалі і пад надуманай прычыне звезлі і растралялі. Так немцы рабілі ў большасці выпадкаў, адразу забівая патэнцыйна магчымых арганізатараў супраціву.

5 верасня 1941 пыбыўшая ў Івянец зондэркаманда пры дапамозе івянецкай паліцыі забіла каля 50 яўрэяў.

10 лістапада 1941 года нацысты, рэалізуючы гітлераўскую праграму знішчэння яўрэяў, сагналі застаўшыхся людзей – у большасці старых, дзяцей, жанчын і хворых – у гетта , абмежаванае вуліцамі Камсамольская, Куйбышава.

11 лістапада яўрэеў заставілі самім паставіць плот, які акружыў гета зтрох бакоў, а з чацвёртага граніцай гета стала рака (што дапамагло зрабіць некалькі уцёкаў, асабліва зімою па лёдзе).

Гета было абгароджана калючым дротам і ахоўвалася паліцыяй і нямецкімі салдатамі.

У сярэдзіне гета, у кожную хату засялілі па некалькі сямей, вымушаных жыць у надзвычай цесных умовах і пры поўнай адсутнасці медыцынскай дапамогі. Асноўнай ежай была бульба, тайна абмененая на рэчы альбо іншыя каштоўнасці ў мясцовых сялян. Кожна дзень яўрэяў ганялі на прымусовыя работы. З-за такіх умоў пачалося масавае выміранне. На вызваляючыяся месцы немцы прывозілі яўрэяў з Волмы, Рубяжэвіч, Налібак і іншых вёсак. Негледзячы на гэтыя ўмовы, у двух сінагогах, якія знаходзіліся на тэрыторыі гета, працягвалі выконвацца рэлігійныя службы.

У красавіку 1942 немцы сабралі 120 самых працаздольных, з застаўшыхся, мужчын. Майстроў – спецыялістаў пяшком накіравалі ў Навагрудскае гета, а астатніх, у якасці чорнарабочых накіравалі у распараджэнне арганізацыі "ТОДТ" у Дварэц. Па дарозе многія загінулі ад голада, альбо былі застрэлены канваірамі.

Зноўжа ў красавіку 1942 немцы і паліцаі знішчылі ў гета 120 яўрэяў. 1 чэрвеня 1942 вязняў гета ад 15 да 55 год сагналі ў памяшканне былых польскіх казармаў, збілі іх, і, пра трымаўшы іх запёртымі цэлую ноч, адправілі пяшком у Любчу і далей цягніком у Навагрудак. Падаючых ад знясілення па дарозе растрэльвалі.

8-га чэрвеня 1942 немцы сабралі 40 чалавек з вул. 17 Верасня, прывялі іх ва урочышча Пішчугі, каля дарогі Івянец – Пяршаі, далі ім рыдлёўкі, і загадалі выкапаць вялікую і глыбокую яму. У гэтыж самы дзень у Івянец прыехалі 2-3 машыны з літоўскімі паліцаямі.

На наступны дзень, 9–га чэрвеня 1942 года, усе яўрэі былі ранкам сабраныя. У лес іх вывозілі часткамі. Там іх ставілі каля магілы і растрэльвалі з кулямётаў. На малых дзяцей куль не трацілі. Іх бралі за ногі і білі галавой аб дрэва, а потым кідалі ў яму і прыгэтым не правяралі ці жывое яно ці не. Таксама не правяралі і дарослых, якія былі толькі параненыя, кідалі проста ўяму і ўсё. Целы ў яме засыпаліся вапнаю. Потым яшчэ некалькі дзён зямля на магіле варушылася. Растрэльвалі літоўскія паліцаі, мясцовыя у "акцыі" удзелу не прымалі, стаялі у ачапленні. Усяго было растраляна 800 чалавек.

Пакаранні смерцю прымяняліся і ў адносінах да людзей іншых нацыянальнасцей. Каралі за любую павіннасць. Растрэльвалі на праваслаўных могілках. Усяго там дзве магілы. Але захавалася толькі адна. Растрэлы адбываліся кожны дзень, пагэтаму магілы стаялі раскрытымі па некалькі месяцаў. Нябожчыкаў перасыпалі вапнай.

Але негледзячы на гэта івянецкія людзі пачалі барацьбу з ворагам. Была створана івянецкая група Супраціўлення, яна падпарадкоўвалася Арміі Краёвай (польскія партызанскія атрады, якія дзейнічалі ў Польшчы, Заходняй Беларусі і Заходняй Украіне). Кіраваў Арміяй Краёвай Польскі эмігранцкі ўрад у Лондане.

У склад івянецкай групы уваходзілі: Казімір і Люцыя Дзяржынскія, ксяндзы: Гіляры Прач (партызанскі псеўданім "Прач – Прачынскі"), Герман Стэнпень і Ахіллес Пухала. Спачатку яны толькі збіралі звесткі аб немцах і перадавалі іх камандаванню Арміі Краёвай, потым яны выйшлі на сувязь з савецкімі партызанамі.

Настунай задачай, за якую яны узяліся, была праца з паліцыяй. Тут яны дасягнулі найбольшых поспехаў. Вынік іх працы быў такі, што пад час аперацыі "Перазвон", амаль уся івянецкая паліцыя перайшла на бок партызан. Дапамагалі яны і простым людзям: памяншалі падаткі, давалі ліпавыя даведкі пра выплату падаткаў, даставалі ліпавыя дакументы, перапраўлялі медыкаменты ў лес да партызан.

Найбольш драматычнай падзеяй ў гісторыі Івянца ХХ-га стагоддзя была аперацыя "Перазвон", праведзеная партызанамі Арміі Краёвай сумесна з савецкімі партызанамі 19 чэрвеня 1943 года.

Гэта была выбрана невыпадкова. У гэты дзень немцамі была прызначана мабілізацыя людзей у так званую "Самаахову" і мабілізацыю коней у нямецкую армію. Каб гэта усё сарваць і была прызначана гэта аперацыя. План аперацыі быў распрацаваны падхарунжым Альгердам Война, паручнікам Касперам Мілашэўскім і Валентам Пархімовічам. Нямецкі гарнізон налічваў: Некалькі дзесяткаў немцаў (жандармерыя і некалькі гаспадарчых камандаў, 20 чалавек лётчыкаў, якія адпачывалі у санаторыі ў былых польскіх казармах, 200 чалавек паліцэйскіх). На пярэдадні, ноччу, атрад пратызан, у колькасці 60 чалавек прыйшоў у Івянец і схаваўся ў доме Казіміра і Люцыі Дзяржынскіх.

У 12 гадзін дня ў Белым касцёле св. Міхала за заваніў звон на малітву "Анёл Панскі". У гэты час усе немцы і паліцаі пайшлі на абед. Пачуўшы гэты звон партызаны, якія хаваліся ў Дзяржынскіх ударылі па нямецкіх лётчыках. Гэтым атрадам камандаваў Пархімовіч. Атрад Мілашэўскага захапіў вуліцу Княжаская (цяпер Дзяржынскага). Атрад харунжага Нуркевіча разам савецкай партызанскай брыгадай імя В. Чкалава блакавалі пад'езды да Івянца з боку Каменя, Валожына, Стоўбцаў, Мінска.

Увогуле першы стрэл зрабіў начальнік пажарнай каманды Юзаф Нядзвецкі.

Адзяленне пад камандаваннем Валяр’яна Жуховіча захапіла адзін з будынкаў жандармерыі (цяпер гэта Дом дзіцячай творчасці), жандары, якія там знаходзіліся здаліся без бою. Знішчыла тэлефонную сувязь і радыёстанцыі. Але жандары, якія знаходзіліся ў асноўным будынку (цяпер паліклініка), своечасова спахапіліся і занялі абарону. Занялі абарону і немцы, якія знаходзіліся ў касцёле св. Міхала, а дакладней кулямётны разлік, які знаходзіўся на адной з веж касцёла.

Ва многім паспасобствавала гэтаму тое, што паліцыянты, перайшоўшыя на бок партызан, былі заняты ліквідацыяй сваіх "таварышаў", якія засталіся на баку немцаў.

Атрад Пархімовіча не здолеў захапіць казармы лётчыкаў. Пілоты адчайна супраціўляліся. Іх частка здолела прарвацца на дапамогу жандарам. Фарсіраваўшы Волму, яны пайшлі ў атаку з мэтай прабіцца да будынку жандармерыі і дапамогчы сваім. Але партызаны заставілі іх адмовіцца ад гэтага намеру і вярнуцца ў казармы. На мосце засталося многа забітых. Двое немцаў трапілі ў палон. Ім было прапанавана пайсці парламенцёрамі да сваіх і прапанаваць ім здацца. Адзін адмовіўся і быў растраляны, другі пайшоў і быў растраляны сваімі.

Бой зацягваўся, падступала ноч. Жандары не стамляючыся супраціўляліся. Партызаны вырашылі выкурыць немцаў агнём. Пажарная каманда прыцягнула пажарную помпу і бочку, якую на поўнілі бензінам, захопленым у немцаў. З бяспечнай дыстанцыі аблілі будынак бензінам і з ракетніцы падпалілі яго. На гэтым супраціўленне жандараў было скончана. Яны вымушаны былі пакінуць будынак і папалі пад агонь партызан.

У той жа час лётчыкі працягвалі супраціўленне. Партызаны нічога немаглі з імі зрабіць, Пагэтаму савецкае камандаванне паслала на дапамогу польскую групу Свентаржыцкага і групу разведчыкаў на чале з камісарам брыгады Іванам Казаком. Яны раптоўна ўвараліся ў Івянец, выціснулі лётчыкаў з казармаў на дарогу, дзе яны былі знішчаны кулямётным агнём. Бой закончыўся ў 6.00 раніцы. Былі захоплены багатыя трафеі: штабныя дакументы, гарнізонныя склады са зброяй, боепрыпасамі, абмундзіраваннем, харчаваннем; 5 аўтамабіляў (2 легкавыя, 3 грузавыя) 2 граматы, шмат спірту, 50 галоў буйной рагатай жывёлы, коні, шмат медыкаментаў. З турмы былі вызвалены вязні.

Пасля таго як раніцай, 20-га чэрвеня, над Івянцом праляцеў самалёт, партызаны пакінулі мястэчка і адышлі ў Налібоцкую пушчу. Гарнізон быў амаль поўнасцю знішчаны. Уцячы ў далося толькі бургамістру, шэфу СД і некалькім немцам. Аднаго з немцаў, па імені Ганса схавала мясцовая сям’я Малчановічаў. Пад час карнай акцыі ён падцвердзіў нямецкаму афіцэру, што нападаючыя адыйшлі ў лес, а паліць збіраюцца невінаватых людзей. Гэтым ён дапамог Люцыі Дзяржынскай, якая што сілы спрабавала намагалася, выратаваць некалькі дзесяткаў жыццяў. Па чутках пасля гэтага ён пайшоў ў лес, да партызан, дзе змагаўся са зброяй у руках супраць сваіх.

Пасля гэтага прыйшла распалата. Немцы, праз некалькі дзён, прыслалі воінскую частку для правядзення карнай акцыі. Яны сагналі некалькі дзесяткаў людзей у драўляную царкву, аблажылі яе саломай, аблілі бензінам і падрыхтаваліся яе запаліць. Тут, як ужо гаварылася вышэй, выйшла Люцыя Дзяржынская і выратаваны немец і пачалі даводзіць, што ў царкве знаходзяцца невінаватыя людзі, а партызаны пайшлі ўсе ў лес. Камандзір часткі паверыў гэтым сведчанням (балазе гэта была звычайная воінская частка, а не СС ці паліцыя) і выпусціў людзей. Вярнуўшыйся "Чэх" таксама пачаў помсціцца. Ён растрэльваў людзей па малейшаму падазрэнню. Тут ужо нікому памілавання не было. Пасля гэтага івянецкі гарнізон быў узмоцнены. Немцы пабудавалі некалькі дотаў, выкапалі акопы вакол сваіх казармаў.

Самым страшным наступствам было тое, што немцы пачалі зноў блакаду пушчы. Гэтая аперацыя насіла назву "Герман". Падчас яе правядзення немцы планавалі знішчыць усе партызанскія групіроўкі ў раёне Налібоцкай пушчы. Але партызаны своечасова захапілі нямецкую аўтамабільную калону, дзе знайшлі штабныя дакументы, якія тычыліся гэтай аперацыі. Яны своечасова падрыхтаваліся і далі дастойны адпор немцам, хоць і самі, падчас баявых дзеянняў апынуліся ў вельмі цяжкім становішчы. Партызан у пушчы немцам знішчыць не удалося.

За тое яны папоўніцы дыграліся на мірным насельніцтве. Былі знішчаны дзесяткі, калі не сотні вёсак у Івянецкім, Валожынскім, Стаўбцоўскім, Іўеўскім, Лідскім, Навагрудскім раёнах. Тысячы людзей былі растраляны, дзесяткі тысяч вывезены ў канцэнтрацыйныя лагеры ў Германіі і на тэрыторыі Беларусі. Некаторых, у хуткім часе, вярнулі, бо незасталося каму збіраць ураджай.

А многія засталіся там да канца вайны.

Вызваленне ў Івянец прыйшло 6 ліпеня 1944 года. За некалькі дзён да гэтага немцы самі пакінулі Івянец, без бою. Партызаны пра гэта не ведалі. І вырашылі самі захапіць Івянец. Ноччу, з 5-га на 6-га ліпеня яны паціху ўвайшлі ў Івянец, і пачалі захопліваць адміністрацыйныя будынкі. Перад гэтым яны запалілі некалькі пустуючых будынкаў па вул. Камсамольскай з мэтай узняць паніку сярод немцаў. Але я схіляюся да думкі, што гэта зрабілі звычайныя бандыты, якія хацелі узняць паніку сярод мірнага насельніцтва і пад шумок заняцца рабаваннем маёмасці.

У гэты ж самы дзень у Івянец увайшоў танкавы корпус генерала Бурдэйнага, танкі якога першымі, 3-га ліпеня, ўвайшлі ў Мінск. За імі, ужо пад вечар, у Івянец увайшлі і пяхотныя часткі. Івянец быў вызвалены.

Пасля вызвалення Івянца пачалося узнаўленне народнай гаспадаркі,барацьба з бадытызмам, а таксама з беларускімі партызанамі – нацыяналістамі, яркімі прадстаўнікамі якіх быў атрад, пад камандаваннем Радзюка. Яны грабілі пошту, магазіны, забівалі партыйных і савецкіх актывістаў.

Але паступова з імі было пакончана. Івянец канчаткова перайшоў да мірнага жыцця.
Категория: Гісторыя | Просмотров: 1018 | Добавил: ivenec_eu | Теги: Солтан Ігар | Рейтинг: 5.0/3
Всего комментариев: 0
Добавлять комментарии могут только зарегистрированные пользователи.
[ Регистрация | Вход ]

Падзяліцца

Спадабаўся сайт? Распавядзіце сябрам!

Спампаваць

Часопіс "Dziedzictwo Kresowe" № 10 (VI.2017)

Спампаваць бясплатна часопіс Dziedzictwo Kresowe
Спампаваць у PDF фармаце


Часопіс “Спадчына Крэсаў” № 6 (VI.2015, рэд. VII.2017)

Спампаваць бясплатна часопіс Спадчына Крэсаў
Спампаваць у PDF фармаце

Падтрымка

Сайт ivenec.eu працуе пры падтрымцы

Герб Роду Плевакаў
Таварыства Роду Плевакаў

Пошук

Статыстыка

Статыстыка сайта ivenec.eu

Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстачоў: 0


Рейтинг сайтов