Івянец і Івянецкае графства

Панядзелак, 23.10.2017, 21:48

Вітаю Вас Гость | RSS | Галоўная | Рэгістрацыя | Уваход

Главная » 2014 » Люты » 25 » ІВЯНЕЦКІ КАРЭСПАНДЭНТ “НАШАЙ НІВЫ”
13:59
ІВЯНЕЦКІ КАРЭСПАНДЭНТ “НАШАЙ НІВЫ”

Аўтар артыкула: Ігар СОЛТАН, бібліятэкар Івянецкай дзіцячай бібліятэкі.

ІВЯНЕЦКІ КАРЭСПАНДЭНТ “НАШАЙ НІВЫ”

Спадзяюся, што няма ў Беларусі чалавека, які б не чуў пра газету “Наша ніва”, яе ролю ў станаўленні беларускай літаратуры, культуры і ўвогуле грамадства.

Многія беларускія пісьменнікі пачалі сваю літаратурную працу менавіта ў гэтай газеце. Пісалі ў “Нашу ніву” і жыхары мястэчка Івянец. Гэта Фелікс Галубовіч, Міхаіл Лотыш, Вацлаў Пупко. Найбольшых поспехаў дасягнуў Міхаіл Лотыш, гэта пра яго і яго сям’ю ўспамінае Ядзвігін Ш. у сваіх “Лістах з дарогі”.

Міхаіл Пятровіч Лотыш нарадзіўся ў 1880 годзе ў Івянцы ў даволі заможнай сялянскай сям’і. Яго з маленства цягнула да беларускай мовы і літаратуры. Першыя яго допісы ў “Нашу ніву” датуюцца 1909 годам. А да гэтага часу ён паспеў папрацаваць рабочым у Ракаве і Радашковічах, пісарам у Валожыне, Стоўбцах, Івянцы, настаўнікам на радзіме і ў Ашмянах.

Пісаў М. П. Лотыш на злабадзённыя тэмы, часам востра крытыкуючы рэчаіснасць. Ён выкрывае двулічча царскіх чыноўнікаў, п’яніц, народную цемру і ліхадзеяў, якія на ёй нажываюцца. Звычайна аўтар падпісваўся псеўданімамі: Івянецкі, Петручкоў, Пятрукоў, М. Петручкоў, М. Пятрукоў, М. Пятрукоў з Івенца, Міхалка Пятрукоў, Пятручкоў, Сын Петручка ці крыптонімамі.

Дзякуючы колішняму івянецкаму карэспандэнту і сёння цікава даведацца, што ў 1910 годзе ў Івянецкай воласці пражывала 12 тысяч жыхароў, што планавалася правесці каля Івянца чыгунку, нават рэшткі насыпу захаваліся каля Каменя, але пасля Першай Сусветнай вайны работы былі спынены. З задавальненнем аўтар піша пра адкрыццё ў Івянцы невялікага хаўруснага банка, куды прымаліся сялянскія ўклады пад 7-10 працэнтаў гадавых, пад залог выдаваліся пазыкі да 100 рублёў. Каля двухсот чалавек такую магчымасць скарысталі.

Часам крытычныя лісты Міхаіла Лотыша прыводзілі да станоўчых вынікаў. Так, у 1910 годзе ён напісаў у “Нашу ніву”, што мясцовае начальства нягледзячы на пагрозу халеры не прымае дастатковых захадаў па навядзенні чысціні і парадку нават у цэнтры. Тут жа аўтар пахваліў мясцовых медыкаў, якія прынялі ўсе магчымыя меры прафілактыкі. З прычыны гэтага артыкула была створана спецыяльная камісія каб даць аправяржэнне публікацыі. Аднак выявіліся і іншыя недахопы. Напрыклад, будаўніцтва вартаўніком шпіталя свінарніка на неналежным месцы.

Асуджае Лотыш цемрадзь насельніцтва вёскі Скіпароўцы. Тут каля паўтары сотні дамоў, а няма ніводнага пісьменнага чалавека, што там не думаюць аб адкрыцці школы, а толькі чакаюць чарговага кірмашу, каб прапіць там апошнія грошы і вярнуцца дадому пабітаму, а часам і без каня. Ды і ў Івянцы ўсяго тры навучальныя ўстановы – 4-х класнае гарадское, народнае і пачатковае вучылішчы, а шынкоў легальных і патайных недзе каля паўсотні.

На старонках “Нашай нівы” надрукаваны і першы мастацкі твор Міхалкі Петрукова – апавяданне “З муляркі”. Досыць не дасканалае, але ў ім вырысоўваецца своеасаблівая манера, талент аўтара. Расказваецца ў і пра розум простага мужыка, які можа ўдала выкруціцца з вельмі складанага становішча. Аўтар ахвотна звяртаецца да фальклору, у апавяданні “Прарок” дакладна апісваецца народная гульня, якая бытавала на той час у Івянцы.

У нумары 11 за 1911 год аўтар піша, як яго радуе магчымасць набываць свежыя газеты, разважае аб неабходнасці адукацыі, заганам выхавання. “Даходзіць да таго, што бацькі ходзяць як жабракі, а дзеці як панічы, і хоць носяць з сабой якую-небудзь кніжку, але чытаць не ўмеюць, выдаюць сябе за інтэлігентаў, а двух слоў звязаць не могуць. Уся гэта “інтэлігентнасць” адразу ж праяўляецца, асабліва ў дзяўчат, якія мовы сваёй цураюцца, а іншай не ведаюць, і многія хлопцы не хочуць браць такіх дзяўчат за жонак, бо кажуць што з іх гаспадынь не будзе”. Спрабаваў Міхалка Петрукоў застацца на працы ў рэдакцыі “Нашай нівы” і атрымаў згоду на гэта галоўнага рэдактара У. Уласава. Аднак там была невялікая зарплата, усяго 25 рублёў. У гэты час яму было прапанавана месца настаўніка ў Валожыне з зарплатай 20 рублёў, але з казённымі кватэрай і харчамі. І паколькі ён быў чалавек сямейны, а сям’ю трэба было карміць, ён выбраў апошняе. За казённую кватэру тады настаўнікі квартплаты не плацілі, і дровы на зіму таксама былі дармавымі.

Акрамя журналістыкі Міхалка Петрукоў займаўся і тэатрам. Ён стварыў у Івянцы ў 1911 годзе самадзейны тэатральны гурток, які ставіў рускую і польскую класіку.

У 1914 годзе ў “Нашай ніве” была надрукавана ўсяго адна карэспандэнцыя, з-за таго, што пачалася вайна. Міхаіла Пятровіча прызвалі ў дзеючую армію. Пасля былі рэвалюцыя, грамадзянская вайна, у якой ён выступаў на баку Чырвонай Арміі. Паколькі па сваіх перакананнях ён быў камуніст, то адбыўся разрыў паміж ім і раднёй, тым больш што яны лічылі сябе палякамі, а ён лічыў сябе беларусам. Вернымі заставаліся толькі самыя блізкія, сям’я. Таму да нас дайшлі толькі ўрывачныя звесткі пра біяграфію Лотыша. У яго радні было нешта накшталт дамовы маўчання.

Пасля рэвалюцыі яго творы друкаваліся ў часопісах “Гоман”, “Маладое жыццё”. А затым у яго адбылася тая ж гісторыя, як і ў Старога Уласа: агульны ўзровень літаратуры вырас, а ў яго не. Міхалка Петрукоў перастаў быць запатрабаваным і перастаў з’яўляцца на старонках друку.

У апошні раз яго твор пабачыў свет у 1965 годзе ў зборніку “Беларуская дакастрычніцкая проза”, гэта было апавяданне “Брыдкі сон”. Памёр Міхаіл Пятровіч Лотыш у 1947 годзе ад цяжкай хваробы. Месца пахавання, на жаль, не вядома. Яго жонка і дзеці, дачка Гражына і сын Міхась пераехалі ў Польшчу, а старэйшы сын Альгерд працаваў інжынерам-геадэзістам у сістэме геадэзіі і картаграфіі СССР.

Крыніца - http://psl.by/?p=11879

Категория: Асобы | Просмотров: 1198 | Добавил: ivenec_eu | Теги: Міхаіл Лотыш, самадзейны тэатральны гурток, ІВЯНЕЦКІ КАРЭСПАНДЭНТ “НАШАЙ НІВЫ | Рейтинг: 4.2/5
Всего комментариев: 7
7  
Магу прапанаваць вам яшчэ адзін артыкул. Але, калі ласка, дашліце сваю электронную пошту, каб я мог вам яго пераслаць

6  
Вялікі дзякуй

4  
Калі ласка.

5  
Цяпер усё ў парадку!

2  
12 тысяч жыхароў было у Івянецкай воласці цалкам. У Івянцы жыло каля 3-х тысяч . астатнія жылі ў вёсках.

1  
Фелікс Галубовіч ніколі не быў вучоным этнографам. Ім быў яго настаўнік Ласіцкі, на той час студэнт Пецярбургскага універсітэта.

3  
Пан Ігар, если вы согласны, то я отредактирую вашу статью?

Добавлять комментарии могут только зарегистрированные пользователи.
[ Регистрация | Вход ]

Падзяліцца

Спадабаўся сайт? Распавядзіце сябрам!

Спампаваць

Часопіс "Dziedzictwo Kresowe" № 10 (VI.2017)

Спампаваць бясплатна часопіс Dziedzictwo Kresowe
Спампаваць у PDF фармаце


Часопіс “Спадчына Крэсаў” № 6 (VI.2015, рэд. VII.2017)

Спампаваць бясплатна часопіс Спадчына Крэсаў
Спампаваць у PDF фармаце

Падтрымка

Сайт ivenec.eu працуе пры падтрымцы

Герб Роду Плевакаў
Таварыства Роду Плевакаў

Пошук

Статыстыка

Статыстыка сайта ivenec.eu

Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстачоў: 0


Рейтинг сайтов