Івянец і Івянецкае графства

Субота, 24.06.2017, 01:30

Вітаю Вас Гость | RSS | Галоўная | Рэгістрацыя | Уваход

Главная » 2015 » Май » 3 » Канстанцыя... Konstancja...
13:14
Канстанцыя... Konstancja...
Канстанцыя Вярыг-Дарэўская

У левай частцы вясковых могілак у Тупальшчызне – ля Малой Люцінкі, што на Івянеччыне – ля пахавання слыннага літаратара Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча раптоўны позірк стомленага вандроўніка чапляе спарахнелы паламаны крыж на магіле малавядомай літаратаркі-літвінкі з дому Жаброўскіх княгіні Канстанцыі Вярыгі-Дарэўскай (1856-1943).

Сябра Мінскага Таварыства дабрачыннасці, удава пахаванага на мінскіх каталіцкіх Кальварыйскіх могілках рэчаістага стацкага радцы князя Адольфа Антонавіча Вярыгі-Дарэўскага (1818-08.08.1906), абывацелька Мінскай губерніі, якая шчыра любіла сваіх пачцівых і сумленных працаўнікоў і адзінаверцаў, не зважаючы на досыць сціплую дастачу, з усёй ахвотаю ахвяравала ўвесь патрэбны драўляны матэрыял для будаўніцтва плябані і касцёла св. Аляксея («Чырвонага касцёла» ў Івянцы…).

Князёве Вярыгі-Дарэўскія былі занесеныя ў I-ю частку (дваранства, падараванае праз манарха, альбо «новае») Радаводнай кнігі ДДС Мінскай губерніі ў 1828-м годзе. Але ж род Вярыгаў сам выводзіць сябе ад князёў полацкіх – рускіх князёў з дынастыі Рурыкавічаў. Паводле сямейнай легенды (якой Вярыгі вельмі ганарыліся) сын караля Міндоўга, Вялікі князь Літоўскі і князь Навагрудскі Войшалк, меркавана, паслугаваўся з прыдомку «Вярыга» – што ў мове старарускай азначала «жалезны ланцуг», «кайданы», «акуцце». Прыдомак той паўстаў на ўспамін аб татарскай няволі, з якой князю пашанцавала збегчы, скаваным у вузы. Таму ягоных нашчадкаў іменавалі Верыговічамі альбо Вярыгамі.Хоць паданне гэтае не вытрымлівае крытыкі навуковай, але ж гэтая галіна роду паслугавалася з вельмі старажытнага герба «Васыліса» («Wasylissa», візуальна падобны на сумешчаныя літоўскія «Калюмны» і «латарынскі» крыж), які паходзіць ад найстарэйшага з гербаў Русі, які некаторыя геральдысты завуць «Трызубцам Рурыка». Да таго ж старажытнага герба адносіцца і ўкраінскі «Трызуб», і «Слупы Гедыміна» («Калюмны»).

Роду Вярыгаў-Дарэўскіх належалі абшары ў Дароўлі (ля ракі Свіслач, на паўночны захад ад Мінска), ад якой гэтая галіна Вярыгаў атрымала свой прыдомак «Дароўскі» («Дарэўскі»). Рашэнне ад 25.09.2006 № 266 Мінскай гарадской Рады дэпутатаў сведчыць: «Праектаванай вулiцы № 3 малапавярховай забудовы ў межах пр. Пераможцаў – пр. Дразды – р. Свiслач ад вулiцы Цiхай да вулiцы Залатой прысвоiць назву Дароўская i надалей называць яе «вулiца Дароўская» (улица Даровская). Праектаванаму завулку № 4 малапавярховай забудовы ў межах пр. Пераможцаў – пр. Дразды – р. Свiслач ад праектаванай вулiцы № 3 прысвоiць назву Дароўскi i надалей называць яго «завулак Дароўскi» (переулок Даровский)».

У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі (НГАБ) захоўваецца прашэнне княгіні Канстанцыі Вярыгі-Дарэўскай ад 06.02.1891 года на збудаванне на скрыжаванні вул. Петрапаўлаўскай, 25 (былая Дамініканская, сёння – Энгельса, 29) і вул. Магазіннай (названая так з-за вялікай колькасці на ёй вайсковых арсеналаў – «магазінаў»; сёння – Кірава, 43) буйнога 3-павярховага прыбытковага дома з высокім цокальным паверхам («прыбытковы дом» – шматкватэрны жылы дом, збудаваны для здачы кватэр у арэнду; накшталт архітэктурнага будынка, які склаўся ў еўрапейскай частцы да 1830-40 гг.).

У Другую сусветную вайну гэты будынак не пацярпеў. У нямецкага генеральнага камісара Беларусі В. Кубэ была магчымасць пасяліцца тут, але дом месціўся на добра бачным для авіаяцыі месцы, таму, з меркаванняў асабістай бяспекі, Кубэ пасяліўся (і быў там жа забіты) на суседняй сядзібе, якая некалі належала знанаму мінчуку, юрысту Віктару Осіпавічу Янчэўскаму. У 1946-м годзе – пасля рамонту і далучэння да сеткі цэнтральнага ацяплення – былы дом княгіні Канстанцыі быў перададзены ЦК КПБ. На першым паверсе месціліся гардэроб, кухня, памяшканне для выдачы спецпайкоў і абедаў на вынас, крама для размеркавання дэфіцытных тавараў. На другім паверсе – абедзеная зала для 104-х супрацоўнікаў ЦК і абедзеная зала для VIP-персон. На трэцім паверсе – гасцініца на 9 нумароў (1 люкс і нумары на 3, 6, 7, 8 чалавек). У 1970-я «дом Вярыгі-Дарэўскай» быў знесены пры «расчыстцы» квартала дзеля пабудовы дадатковых «крылаў» да галоўнага будынка ЦК.

За сваю дзейнасць у абарону каталіцкай веры і пашырэнне яе на тэрыторыі Расійскай імперыі ў 1880-1914 гг. княгіня Канстанцыя Вярыга-Дарэўская герба «Васыліса» была адзначана медалём «Benemerenti» — праз Я. С. Пія XI, Папу Рымскага — і крыжам «Pro fide et Ecclesia in Russia merito» — праз Я. Э. арцыбіскупа Эдварда Ропа, Мітрапаліта Магілёўскага.

Пасля 1920-га года жыла ў радавым маёнтку Жаброўскіх у Тупальшчыне, бо ўся маёмасць засталася па другі бок польска-савецкай мяжы і была канфіскавана.

З марай ліквідаваць непісьменнасць падтрымлівала школьніцтва, для навакольных жыхароў з уласных сродкаў збудавала школу і Дом настаўніка ва Урублеўшчыне. Школа мела добрую бібліятэку, але давяршыць абсталяванне Дома настаўніка перашкодзіла Другая сусветнай вайна.

Княгіня Вярыга-Дарэўская адышла з гэтага свету ў 1943-м у вёсцы Урублеўшчына, пахавана праз ксяндза-вікарыя івянецкага касцёла св. Аляксея ў прысутнасці дзвюх сотняў жыхароў навакольных з Тупальшчынай вёсак і фальваркаў. Старажылы і сёння ўзгадваюць добрай памяццю пані Канстанцыю пад яе псеўданімам «Вэрыжына».

Фамільны палац у Вяснянцы пад Мінскам, у якім ген. Адольф Вярыга-Дарэўскі з жонкай прымалі ў 1880-х будучага імператара Мікалая II, быў захаваны, рэстаўраваны. Каля палаца доўгі час захоўвалася і капліца Вярыгаў-Дарэўскіх, але затым яна была знесена.

Магіла патронкі дзетак і ўбогіх ужо амаль зраўнялася з зямлёй. Сёння трэба зрабіць хоць штосьці для аднаўлення помніка і памяці княгіні Канстанцыі Вярыгі-Дарэўскай.

Андрэй МІКАЛАЕЎ-ПАШКЕВІЧ,

горад Мінск.

Категория: Асобы | Просмотров: 565 | Добавил: ivenec_eu | Рейтинг: 5.0/6
Всего комментариев: 0
Добавлять комментарии могут только зарегистрированные пользователи.
[ Регистрация | Вход ]

Падзяліцца

Спадабаўся сайт? Распавядзіце сябрам!

Спампаваць

Часопіс "Dziedzictwo Kresowe" № 9 (XII.2016)

Спампаваць бясплатна часопіс Dziedzictwo Kresowe
Спампаваць у PDF фармаце


Часопіс “Спадчына Крэсаў” № 5 (XII.2014)

Спампаваць бясплатна часопіс Спадчына Крэсаў
Спампаваць у PDF фармаце

Падтрымка

Сайт ivenec.eu працуе пры падтрымцы

Герб Роду Плевакаў
Таварыства Роду Плевакаў

Пошук

Статыстыка

Статыстыка сайта ivenec.eu

Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстачоў: 0


Рейтинг сайтов