Івянец і Івянецкае графства

Пятніца, 24.11.2017, 06:51

Вітаю Вас Гость | RSS | Галоўная | Рэгістрацыя | Уваход

Главная » 2014 » Май » 9 » ЛЮБЛЮ ПАСЁЛАК ІВЯНЕЦ, ДЗЕ ВУЛІЦЫ – ГІСТОРЫЯ
14:09
ЛЮБЛЮ ПАСЁЛАК ІВЯНЕЦ, ДЗЕ ВУЛІЦЫ – ГІСТОРЫЯ
Выява выкарыстана ў якасці ілюстрацыі. Фота з сайта psl.by

Аўтар артыкула: Міхаіл СПІРЫДОВІЧ, г. п. Івянец.

Кожны горад, пасёлак ці нават невялічкая вёсачка маюць сваю адметнасць, непараўнальнасць і гэтым запамінаюцца. Гарады – найперш архітэктурай будынкаў, пасёлкі і вёскі – хатамі, сялянскім побытам. Усе яны, як жывы арганізм, з гадамі мяняюць сваё аблічча. Але ж з узростам не старэюць, наадварот, становяцца прыгажэйшымі, прывабнымі, увачавідкі маладзеюць. У іх ёсць свае артэрыі, свае сасуды, якія сілкуюць арганізм новымі жыццяздольнымі клетачкамі: гэта вуліцы, яны час ад часу абнаўляюцца, забудоўваюцца новымі дамамі, упрыгожваюцца паркамі і скверамі. Вуліцы дапамагаюць людзям знайсці адзін аднаго, знайсці патрэбны дом, кватэру.

Кожны адрас чалавека пачынаецца з вуліцы. Апошнім часам у Івянцы з’явілася шмат новых, гісторыя якіх толькі пачынаецца. А ёсць вуліца, якая “пазірае” ў шасцівяковую гісторыю пасёлка. Аб гэтым можна меркаваць па яе накірунку – з поўдня на поўнач. Яна – частка старажытнейшага шляху: Койданава-Рубяжэвічы-Івянец-Ракаў. Можна толькі здагадвацца, што бачыла за сваё жыццё вуліца, якая сёння называецца Камсамольскай.

На вялікі жаль, сённяшняе пакаленне маладых людзей, ды і многіх местачкоўцаў, не вельмі цікавяць мінулыя падзеі і людзі, якія жылі да нас і чым займаліся, чым праславіліся. Мне хацелася б зазірнуць у далёкую гісторыю вуліцы, на якой, па волі лёсу, давялося жыць, але ж сёння гэта зрабіць ужо немагчыма. Можна толькі паглядзець у мінулае вачыма сённяшніх жыхароў пачцівага ўзросту…

…Сярэдзіна 50-х гадоў мінулага стагоддзя. Апошні месяц лета. Вечарэла. Па вуліцы Койданаўскай (тагачасныя івянчане ніяк не маглі звыкнуцца з тым, што яшчэ да вайны гэту вуліцу назвалі Камсамольскай) ішлі стомленыя мужчына і жанчына з дзіцяткам на руках. Амаль увесь дзень яны правялі ў пошуках хаты, якую хацелі б купіць для жыцця. Надзеі ніякай не было. Хто ж у тыя гады мог прадаваць хаты?

У жыцці чалавека бывае так, што ў яго лёс часта ўмешваецца выпадак. Так здарылася і з гэтымі асобамі. Іх маркоту ўбачыў местачковец Франц Тэлішэўскі, вядомы івянецкі ганчар. Выслухаўшы чужую споведзь, ён, з уласцівым яму пачуццём гумару, сказаў ім словы, якія яны ўжо і не чакалі пачуць: “Каханенькія-родненькія, ды я вашу бяду – рукамі развяду. Купляйце, вунь, маю хатку. Яна хоць і невялічкая, але ж не на курыных ножках, зіму перажыць можна, а там і новую пабудуеце, як і я пабудаваў”.

Вось так сталі івянчанамі мае будучыя цесць і цешча Браніслаў і Яніна Макасі. Сядзіба, якую прадаў знакаміты майстар, служыла яму ў ганчарнай справе. Тут была абсталявана невялічкая майстэрня для вырабу рознага посуду з гліны, якая залягала многаметровымі пластамі на агародзе. І мне давялося пашураваць гэтыя пласты, калі капаў студню каля новай хаты цесця і цешчы.

Вуліца ў пачатку мінулага стагоддзя была невялікая. Адной з апошніх на ёй хат пры выездзе на Рубяжэвічы была хата сям’і Фларыяна Пупко. Яго сын Апалінар стаў мастаком-самавукам, выдатным рэзчыкам па дрэве. І хто ведае, можа, у далёкім 1916 годзе гэту хату, каб не бачылі “чужыя” вочы, і выбраў для пражывання рэвалюцыянер-падпольшчык, вольнанаёмны артылерыйскай часці, раскватараванай у Івянцы, Міхаіл Фрунзе.

Падзеі той даўніны сённяшнія жыхары вуліцы, якім ужо больш за 80 гадоў, памятаюць з расказаў сваіх бацькоў. Мой сусед Антон Іосіфавіч Галубовіч больш як паўстагоддзя адпрацаваў у школах Валожыншчыны настаўнікам, успамінае расказы бацькі, што ў 20-30 гадах палякі назвалі вуліцу імем Пілсудскага. Яшчэ да рэвалюцыі нейкі Галубовіч з Польшчы, цёзка бацькі, пабудаваў на вуліцы дом і потым здаў яго ў арэнду мясцовай польскай уладзе. Тая размясціла ў ім польскі суд. Пазней бацька Антона Іосіфавіча, які быў добрым мулярам, працаваў у Пецярбургу, вярнуўшыся ў Івянец купіў некалькі гектараў зямлі і пабудаваў побач з памяшканнем польскага суда сваю хату. Будынкі захаваліся да нашага часу. У пасляваенныя гады Івянецкі райвыканкам размясціў у іх народны суд і пракуратуру. Сёння ў гэтых будынках жывуць сем’і івянчан.

Многа цяжкіх выпрабаванняў выпала на долю людзей, якія жылі на Камсамольскай вуліцы ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Антону Іосіфавічу Галубовічу, тады 12-гадоваму хлапчуку, на ўсё жыццё запомніліся першыя дні нямецкай акупацыі.

Аб гэтым эпізодзе расказваю ад яго імя:

– Рота нямецкіх салдатаў размясцілася прама на нашым агародзе. Запомніў многа рознай тэхнікі і палявую кухню, вакол якой тоўпіліся акупанты. Мы, дзеці, прыходзілі да салдат і прасілі іх, каб далі нам якія-небудзь значкі. Але ж задарма яны нам нічога не давалі. За значкі патрабавалі, каб мы з дому прыносілі яйкі, малако і другія прадукты. Я прашу маму, каб дазволіла ўзяць некалькі яек. Атрымаўшы згоду, я ў хляве сагнаў з гнязда курыцу, паклаў у шапку яйкі і задаволены рушыў “на здзелку”. Адзін немец адразу ж гэтыя яйкі стаў разбіваць на патэльню. І раптам схапіў свой рэмень і пачаў мяне лупцаваць па чым змог папасці. Толькі ў хаце, калі мама прыкладвала да ран нейкія лекі, даведаўся ад яе, што я ўзяў яйкі, з якіх праз дзень-другі павінны былі вылупіцца кураняты.

Яніне Фларыянаўне Ляшчынскай запомніўся ліпень 1944 года:

– Немцы ўцякалі з Івянца. Сям’я муляра Фларыяна Ляшчынскага знаходзілася на хутары за 7 кіламетраў ад Івянца. Вечарам аднаго дня ўбачылі над пасёлкам зарыва. Спакою не было: як там родная хата? Раніцай жонка Фларыяна Уршуля пайшла “ў разведку”. Амаль трэцяя частка Камсамольскай выгарала ўшчэнт. У гады вайны Івянец гарэў некалькі разоў, але нашу вуліцу бяда неяк абмінала, а ў канцы нямецкай акупацыі здарыўся пажар. Хадзілі чуткі, што першым загарэўся адміністрацыйны будынак, які размяшчаўся ўздоўж вуліцы, бліжэй да плошчы, там, дзе цяпер сквер. Побач з будынкам стаялі пустыя хаты яўрэяў, якіх фашысты растралялі яшчэ ў 1942 годзе. Тушыць пажар не было каму…

Яніна Фларыянаўна Ляшчынская расказвала, як нават у самыя цяжкія гады свайго жыцця людзі збіраліся да каго-небудзь у хату, а то і проста на вуліцы на лавачках, спявалі песні, танцавалі. Той жа Франц Тэлішэўскі быў душой кампаніі: і байку мог расказаць, і жарты рассыпаў налева і направа, і гармонік не проста так трымаў у руках. Слухаючы ўспаміны спадарыні Яніны Фларыянаўны я думаў аб творчасці, ініцыятыве людзей у няпросты для іх час, аб іх нястомнай энергіі і неабыякавасці да свайго лёсу. Іх ніхто не прымушаў ладзіць вечарыны, свой адпачынак.

За апошнія 20-30 гадоў наша вуліца пахарашэла, памаладзела – трэба ж ёй адпавядаць моладзевай назве! Яна са сваімі 130-ю хатамі доўжыцца амаль на дзве вярсты… Як сведкі амаль векавой даўніны, яшчэ моцна стаяць на вуліцы на сваіх нагах-падмурках з дзесятак хатак, якія ў прыгажосці не хочуць саступаць сучасным будынкам. І як помнік вечнасці стаіць на ёй з дарэвалюцыйных часоў студня…

Ёсць на вуліцы яшчэ адна, крыху маладзейшая студня, якую закранула сваім крылом гісторыя. У 1944 годзе адзін экіпаж савецкага танка так спяшаўся дагнаць уцякаючых фашыстаў, што не заўважыў, як наехаў на студню. Калі яе ўважліва разгледзець, можна ўбачыць на баку след гістарычных падзей.

А крайні (нельга ж сказаць апошні) сёння дом на вуліцы прыгожы, вялікі, на два паверхі. Належыць ён маладой сям’і, Уладзіміру і Ірыне Рудым. Гаспадар мае самае непасрэднае дачыненне да развіцця вуліцы, бо некалькі гадоў узначальвае мясцовую жыллёва-камунальную гаспадарку. Ён непасрэдна ўдзельнічаў у пракладцы па вуліцы газа і водаправодаў. А гаспадыня вучыць і выхоўвае ў школе юнае пакаленне івянчан. Вучыць памятаць спадчыну і развіваць майстэрства шаўца Рамана Адамовіча, муляра Фларыяна Ляшчынскага, ганчароў Франца Тэлішэўскага і Вітольда Кулікоўскага, рэзчыка па дрэве, мастака Апалінара Пупко, якія жылі на Камсамольскай вуліцы і сваёй творчай працай праславілі наша мястэчка ў гісторыі Валожыншчыны і Беларусі.

Крыніца - http://psl.by/?p=7191

Категория: Гісторыя | Просмотров: 726 | Добавил: ivenec_eu | Рейтинг: 5.0/3
Всего комментариев: 0
Добавлять комментарии могут только зарегистрированные пользователи.
[ Регистрация | Вход ]

Падзяліцца

Спадабаўся сайт? Распавядзіце сябрам!

Спампаваць

Часопіс "Dziedzictwo Kresowe" № 10 (VI.2017)

Спампаваць бясплатна часопіс Dziedzictwo Kresowe
Спампаваць у PDF фармаце


Часопіс “Спадчына Крэсаў” № 6 (VI.2015, рэд. VII.2017)

Спампаваць бясплатна часопіс Спадчына Крэсаў
Спампаваць у PDF фармаце

Падтрымка

Сайт ivenec.eu працуе пры падтрымцы

Герб Роду Плевакаў
Таварыства Роду Плевакаў

Пошук

Статыстыка

Статыстыка сайта ivenec.eu

Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстачоў: 0


Рейтинг сайтов