Івянец і Івянецкае графства

Панядзелак, 20.11.2017, 18:19

Вітаю Вас Гость | RSS | Галоўная | Рэгістрацыя | Уваход

Главная » 2017 » Жнівень » 19 » Мiкалай Гусоўскi - пясняр Налiбоцкага краю
19:57
Мiкалай Гусоўскi - пясняр Налiбоцкага краю

Мiкалай Гусоўскі (меркаваны партрэт). Марка Белпошты (1996)Крыніца: Дикая природа ― 2011. ― № 1. ― С. 18―19

"Зямля беларуская можа i не такая багатая на карысныя выкапнi ды мiнералы, але пэўна, што яе багацце - мудрыя людзi. Маем права так сцвярджаць, прасочваючы гiсторыю сваёй краiны, якая падаравала свету такiх вядомых мыслiцеляў i духоўных настаўнiкаў як Мiцкевiч, Славацкi, Скарына, Агiнскi, Касцюшка, Дамейка, Манюшка, Карпiнскi... i кожны з iх найперш моцна любiў сваю Айчыну. Ігнат Дамейка, жывучы далёка за межамi, у Андах, кiруючыся компасам, паварочваў твар у бок сваёй роднай вёсачкi Мядзвядкi i малiўся. Другiя выказвалi сваю любоў у паэзii, дзейнасцi культурнай, палiтычнай. Найперш тут належала б аддаць данiну павагi пiсьменнiку, паэту, мыслiцелю Мiкалаю Гусоўскаму. Яго паэма "Песня пра зубра" прасякнута вялiкай любоўю да справы Божай - Прыроды, да роднага краю, да веры бацькоў", - пiсаў Ян Гiрыатовiч, ксёндз-пралат з Польшчы, а родам ён з Дзiсненшчыны.

Расказ краязнаўцы

Адкуль жа родам Мiкола Гусоўскi i хто ён такi? З гэтым пытаннем я звярнуўся да краязнаўцы Георгiя Каржанеўскага, якi некалькi дзесяткаў гадоў вывучае Налiбокскi край i з'яўляецца аўтарам кнiгi "Мiкалай Гусоўскi i яго час". Вось што ён мне патлумачыў...

- Пра аўтара "Песнi пра зубра", нашага земляка Мiкалая Гусоўскага я даведаўся ўпершыню ў 1989 годзе ад святара Ракаўскай царквы айца Анатоля Бондара. Размова наша адбылася ў ваколiцы Святой крынiцы пры Крыжу, дзе ў XV стагоддзi аб'яўлялася Мацi Божая Паяднання i Спакою, i гэта было адзiнае месца ў Вялiкiм княстве Лiтоўскiм, пазначанае Крыжам! Святар Анатоль Бондар паведаў, што гэта мясцовасць (каля дзесяцiны па плошчы) - вялiкая святыня, а тут узялiся выконваць работы па асушэнню яе пад пашу для кароў, што з'яўляецца вялiкiм грахом. Шмат хто са знакамiтых людзей звяртаўся да нашай Мацi Божай: так, апякун нябесны нашага краю св. Казiмiр-каралевiч звяртаўся да яе з гiмнам, паэт Мiкалай Гусоўскi - з вершаванай малiтвай, а св. Яцаку Адравонжу, якога Мiкалай Гусоўскi лiчыў сваiм нябесным заступнiкам, Мацi Божая ўратавала жыццё. Гэтую святыню ўшаноўваюць не толькi хрысцiяне, але i iудзеi, i мусульмане... Пасля такой шчырай размовы са святаром як чалавек веруючы я прапанаваў свой план уратавання святой мясцовасцi. Акрамя таго, мяне моцна зацiкавiла гiсторыя краю i яго нябесных апекуноў, а таксама асоба Мiкалая Гусоўскага i яго мецэната Эразма Цёлка - пробашча Вiленскага кафедральнага касцёла. Менавiта да гэтай парафii належылi святынi Валожыншчыны.

Дыялог

Пра Мiкалая Гусоўскага многiя людзi ведаюць як пра аўтара "Песнi пра зубра", але ён з'яўляецца аўтарам яшчэ двух паэм i дзевяцi вершаў.

- Як вы лiчыце, адкуль паходзiць Гусоўскi?

- На скрыжаваннi дарогi з Ракава на Наваградак праз Івянец i шляху вялiкага князя Вiтаўта на Вiльню праз Трокi Івянецкiя i Дайнаву было паселiшча княжацкiх слуг - Гусава (Усава). Тут 6 снежня 1475 года ў сям'i ахоўнiка лесу нарадзiўся наш герой. Гэта паселiшча размяшчалася на ўзвышшы, ля падножжа якога бярэ свой пачатак пушчанская рака Гуса (Уса). Сёння гэта - вёска Каралёўшчына Івянецкага сельскага Савета.

- Дзе Мiкалай Гусоўскi атрымаў пачатковую адукацыю i якiя унiверсiтэты заканчваў пазней?

- Першапачатковыя веды юнак атрымаў у сваёй сям'i, затым бацька браў яго на ахову лесу, дзе прывiвалася любоў да роднай прыроды, там наш герой вёў дзённiкi назiранняў. Заўсёды з iм у калчане быў аркуш паперы i пяро. Затым ён навучаўся ў прыкасцёльнай школе ў Івянцы, а калi служыў у Вiльнi, Плоцку i Кракаве, то займаўся толькi самаадукацыяй.

- На доўгiм жыццёвым шляху з кiм прыйшлося працаваць i сябраваць Мiкалаю Гусоўскаму?

- Ён наўрад цi быў бы такiм знакамiтым чалавекам, каб нешчаслiвы выпадак, калi ён дапамагаў пробашчу Эразму Цёлку ў падрыхтоўцы дакументаў для кананiзацыi св. Казiмiра i св. Яцка Адравонжа. У той час Эразм Цёлк выконваў таксама i абавязкi сакратара вялiкага князя Аляксандра.

Я прасачыў па архiўных дакументах i ўбачыў, якую вялiкую працу выконваў сам пробашч-сакратар i як рыхтавалiся дакументы яго дарадцам Мiкалаем Гусоўскiм. Асаблiва шчыра i дакладна былi падрыхтаваны дакументы першага пасольства да папы Рымскага Аляксандра VI у 1499 годзе. Вынiкi прынеслi вялiкую карысць для дзяржавы ВКЛ i для касцёла нашых продкаў.

Заданне на другое пасольства даваў вялiкi князь Аляксандр у Вiльнi, а калi Эразм Цёлк вяртаўся пасля выканання задання на радзiму, то застаў Аляксандра на троне каралеўскiм у Кракаве. Пры першай жа сустрэчы ўжо з каралём Эразму Цёлку была прапанавана пасада каралеўскага сакратара. Акрамя таго, кароль хацеў бачыць свайго аднадумцу на пасадзе бiскупа Кракаўскага, i ў 1503 годзе ён стаў бiскупам, але - Плоцкiм.

У сваю чаргу Эразм Цёлк забраў свайго дарадчыка Мiкалая да сябе. У дакументах таго часу (Плоцкага бiскупства) наш зямляк быў запiсаны Мiкалаем Гусоўчыкам. Гэта прозвiшча з'яўляецца пацвярджэннем, што ён з'яўляецца лiтвiнам з мясцовасцi Гусава (Усава). Гэтым часам у Эразма Цёлка была прызнана шляхетнасць i адкрылася дарога для службовага росту, што спрыяла ўздыму маральнага духу Мiкалая Гусоўскага.

У канцы 1502 года адбылося паказальнае паляванне ў нашай пушчы каля Гусава - у гонар караля Аляксандра, каралевы Алены i яе свiты. Акрамя таго, на паляваннi прысутнiчалi каралеўскi сакратар Эразм Цёлк i прымас (першы па сану) Ян Ласкi. Ва ўзорным паляваннi прымаў удзел i Мiкалай Гусоўскi, выхадзец з гэтых мясцiн, для якога яно стала развiтаннем з малой радзiмай. Менавiта гэтае паляванне паэт дакладна апiсаў у сваёй паэме "Песня пра зубра".

Мясцовыя жыхары з пакалення ў пакаленне перадаюць легенды аб зубрах-гiгантах, якiя валодалi магутнай сiлай i маглi нават збiць слуп: з-пад трыбуны свiты караля пры паказным паляваннi. Такi зубр мог развалiць хату, i таму людзi старалiся залагодзiць звера i ставiлi капу сена перад хатай, гэтым яны абаранялi сваё жыллё i саламяныя стрэхi...

Пасля смерцi караля Аляксандра трон заняў яго меншы брат Жыгiмонт I Стары. У 1518 годзе выбiралi мудрага дыпламата для ўдзелу ў сейме рэйха ў Аугсбургу. Самым дастойным прадстаўнiком ад Польскага каралеўства на паездку быў прызнаны бiскуп Плоцкi Эразм Цёлк. Разам з iм да Аугсбургу i Рыму выехалi i яго давераныя асобы, у тым лiку i Мiкалай Гусоўскi. Каралеўскай дэлегацыi было даручана выканаць шмат па лiтычных заданняў, у тым лiку давесцi справу па кананiзацыi св. Казiмiра i св. Яцака. У Рыме Мiкалай быў важнай падтрымкай Эразма, а сярод iнтэлiгенцыi ў Вечным горадзе ён быў заўважаны як адзiн з мудрэйшых сярод усходнiх славян.

- Мы ведаем, што генiяльны твор Гусоўскага зарадзiўся ў Ватыкане. Але з чаго гэта пачалося?

- Пры аўдыенцыi ў папы Рымскага Льва Х у справе пакананiзацыi нашых святых гутарка зайшла пра ВКЛ, шляхi мiсiянераў ад Ватыкана i аб нашай Налiбоцкай пушчы. Вядома, што папа Рымскi быў апантаны паляўнiчы, i калi зайшла гутарка аб магутных жывёлах пушчы - вялiкiх зубрах (Bison stumbras), слова далi дарадцу Эразма Цёлка Мiкалаю Гусоўскаму. Той зазначыў, што ў пушчанскага велiкана, калi той укленчыць, памiж рагамi могуць сесцi тры чалавекi. Такiя зубры засталiся толькi ў нашай пушчы!

Папа Рымскi быў вельмi здзiўлены i папрасiў у амбасадара пры Ватыкане Эразма Цёлка прыслаць яму шкуру такога зубра, а ў Гусоўскага - зрабiць апiсанне зубра. Цёлк накiраваў лiст да гаспадара пушчы ваяводы вiленскага Мiкалая Радзiвiла, а Гусоўскi атрымаў заданне апiсаць вялiкага зубра. Ён як патрыёт свайго краю зрабiў намнога больш i апiсаў тое, што яго тады хвалявала. Дзякуючы гэтаму атрымаўся выдатны твор.

- Напiсанне паэмы iшло ў Рыме, а чаму яе выдалi ў Кракаве?

- У жыццi шмат чаго здараецца раптоўна i нечакана. У кастрычнiку 1521 года памёр папа Леў Х, а 9 верасня 1522 года не стала Эразма Цёлка. Гусоўскi пахаваў свайго сябра ў Рыме i вярнуўся ў Кракаў, дзе жыла мацi Эразма.

- Якiм чынам Гусоўскаму ўдалося пасля смерцi яго мецэната i прыяцеля ўсё ж такi надрукаваць паэму?

- Выканаць абяцанне, дадзенае папу Льву Х, стала сапраўды складана. i тады Мiкалай Гусоўскi вырашыў пашукаць падтрымку пры двары каралеўскiм - праз знаёмага сакратара каралевы Боны. Прачытаўшы твор Гусоўскага, сакратар параiў дапiсаць пра яднанне гербаў Сфорцаў i Ягелонаў. У каралеўскай сям'i твор быў прыняты з павагай, паэму хутка надрукавалi.

Тут сам кароль захацеў асабiста ўбачыць вялiкага зубра з кнiгi Мiкалая з Гусава i таму падараваў сваёй жонцы Боне ўчастак пушчы з маёнткамi каля Івянца i Вiшнева, дзе жылi апiсаныя зубры. Там сапраўды бываў i сам кароль, аб чым сведчыць запiс Герберштэйна ў дарожных дзённiках.

- Як склаўся далейшы лёс Мiкалая Гусоўскага?

- У 1525 годзе ён быў ужо цяжка хворы i прыкаваны да ложка. Але ўсё роўна працаваў, i нават у трэцi раз пiсаў пра св. Яцака. Яго лячылi манахi, але на жаль хвароба не адступала... Звесткi пра Гусоўскага абрываюцца ў канцы 1533 года. Ён памёр у тым доме, дзе нарадзiўся Эразм Цёлак, - па вулiцы св. Ганны, i быў напачатку пахаваны на могiлках пры касцёле св. Ганны, затым рэшткi ў 1802 г. былi перанесены на Ракавiцкiя могiлкi пад Кракавам. Існуе тры пераклады "Песнi пра зубра" на беларускую мову - Язэпа Семяжона, Уладзiмера Шатона i Наталлi Арсеньевай. Акрамя беларускай, паэма перакладзена на польскую, украiнскую i рускую мовы.

Аб Мiкалаi Гусоўскiм

Ян Пельчар, прафесар. Кракаў, 1900 г.: "Мiкалай Гусоўскi быў паэтам немалых здольнасцей, i што залётамi сэрца i ўмыслу, якiя з яго твораў выбiваюцца, заслужыў сабе на тое, каб да яго нашчадкаў болей дайшло звестак, як само толькi iмя".

Адам Мальдзiс, прафесар. Мiнск, 2007 г.: "Лiчу, што... есць падставы прыпомнiць, уявiць i прыпiсаць вялiкага паэта Мiкалая Гусоўскага ў краi яго нараджэння - на яго малой Айчыне - зямлi івянецкай".

Запiсаў Васiль Шакун, паляўнiцтвазнавец

Категория: Асобы | Просмотров: 380 | Добавил: ivenec_eu | Теги: Васiль Шакун, Георгій Каржанеўскі, Мiкалай Гусоўскi | Рейтинг: 5.0/2
Всего комментариев: 0
Добавлять комментарии могут только зарегистрированные пользователи.
[ Регистрация | Вход ]

Падзяліцца

Спадабаўся сайт? Распавядзіце сябрам!

Спампаваць

Часопіс "Dziedzictwo Kresowe" № 10 (VI.2017)

Спампаваць бясплатна часопіс Dziedzictwo Kresowe
Спампаваць у PDF фармаце


Часопіс “Спадчына Крэсаў” № 6 (VI.2015, рэд. VII.2017)

Спампаваць бясплатна часопіс Спадчына Крэсаў
Спампаваць у PDF фармаце

Падтрымка

Сайт ivenec.eu працуе пры падтрымцы

Герб Роду Плевакаў
Таварыства Роду Плевакаў

Пошук

Статыстыка

Статыстыка сайта ivenec.eu

Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстачоў: 0


Рейтинг сайтов