Івянец і Івянецкае графства

Серада, 20.09.2017, 01:29

Вітаю Вас Гость | RSS | Галоўная | Рэгістрацыя | Уваход

Главная » 2015 » Ліпень » 18 » Міхал Клеафас Агінскі на Івянеччыне
13:27
Міхал Клеафас Агінскі на Івянеччыне
Міхал Клеафас АгінскіАўтар артыкула: Солтан Ігар, бібліятэкар Івянецкай дзіцячай бібліятэкі.

Сёлета спаўняецца 250 год з дня нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага. Нарадзіўся ён 7-га кастрычніка 1765 года. Усе мы яго ведаем як выдатнага кампазітара, палітыка, дыпламата і сенетара. Але мы амаль не ведаем яго як аднаго з самых выдатных афіцэраў арміі Тадэвуша Касцюшкі.

Сёння мне хочацца расказаць пра яго як камандзіра аднаго з самых боездатных палкоў польскай арміі канца 18-га стагоддзя. А менавіта пра яго паход на Валожыншчыну. Адбыўся ён у сярэдзіне чэрвеня 1794 года. Пачаўся ён у Вільні. Пад началам Агінскага знаходзілася 300 салдат, але ён папрасіў яшчэ 200 кавалерыстаў у генерала Ясінскага, каб стварыць найбольш магутны вайсковы атрад, які б змог супрацьстаяць любому злучэнню рускай арміі. Такую дамамогу ён атрымаў.

Галоўнай мэтай пахода было:

1. Прарвацца ў Белую Русь і падняць на паўстанне 12 тысяч мужыкоў з маёнткаў Агінскага, якім было абяцана вызваленне ад прыгону.

2. З іх дапамогай ачысціць Вялікае Княства Літоўскае ад расійскай арміі. Але найлепей будзе, калі раскажа нам пра гэта сам Міхал Клеафас Агінскі. Вось урывак з яго ў "Мемуараў пра Польшчу і Палякаў гады 1788-1815-ыя".

"Праз некалькі дзён пасля майго вяртання ў Вільню, я пайшоў да генерала Ясінскага, каб заявіць яму, што, калі хоча даць мне 200 чалавек кавалерыі з добрым афіцэрам, на якога я мог бы спадзявацца, то я б злучыў з імі маіх стральцоў і утварыў бы авангард арміі, якая ў той час была бяздзейнай, абы яе пасунуць аж да Мінска. Як бы мне гэта удалося без адчування вялікага супраціўлення дайсці датуль, змог бы уторгнуцца на Белую Русь і падняць на паўстанне каля 12 тысяч сялян, якія знаходзіліся ва уладаннях маёй сям’і, надаючы ім волнасць і узмацніўшы іх усялякімі падмацаваннямі, якімі бы толькі мог паспешна дастаць.

Дапушчаў, што можна будзе без цяжкасцяў вызваць хваляванні жыхароў тых ваколіцаў, якія аб’явілі пажаданне прыняць удзел у нашым паўстанні і гэты крок павінен быў змусіць маскоўскае войска сканцэнтравацца каля граніц царства і пакінуць усю Літву…

Праз некалькі дзён пазней пакінуў Вільню з 200–мі кавалерыстамі пад камандаваннем маёра Корсака і 300-мі чалавекамі майго атраду стральцоў. Прайшлі міма галоўнай кватэры (стаўкі арміі – тут і далей заўвагі аўтара), якая знаходзілася ў Ашмяне за 7 міль ад Вільні і прасунуліся на 3 мілі наперад да бору.

На працягу першых дзён мне зусім не шанцавала з-за моцных атрадаў казакоў, якія не пераставалі нас непакоіць.

Наперакор трываламу пажаданню рухаца аж да Мінска, звярнуўся да генерала Ясінскага, каб той выслаў моцны авангард да бору, які меў намер пакінуць і рушыў у паход, каб прайшоўшы праз Вішнеў (цяпер – Вішнева), неспадзявана ударыць на Валожын, дзе па звестках знаходзілася 300 чалавек пехоты маскоўскай і паўсотні казакоў…

Усе тыя меры перасцярогі аказаліся непатрэбнымі, паколькі засталі мы толькі 40 салдат з трыма унтэр-афіцэрамі і адным паручнікам. З абодвых бакоў прагучала толькі некалькі стрэлаў. Афіцэр быў цяжка паранены, некалькі салдат забіта, астатнія склалі зброю і былі узяты ў палон.

Каля 15-ці казакоў, якія уцяклі пры першым пабачанні нашай кавалерыі, паднялі трывогу ў ваколіцах і заўчасна папярэдзілі Мікалая Зубава, які ехаў у Валожын, адчуваючы сябе у поўнай бяспецы, і які б трапіу бы ў нашыя рукі, будучы толькі за поўмілі ад Валожына і неспадзеючыся там нас застаць. Спешна вярнуся туды, адкуль прыйшоў і адтуль потым аддаў загад акружыць мяне з усіх бакоў і перарэзаць мне адыход. Паколькі не ведаў гэтага выпадку, ні чым не памяняў сваіх планаў і пастанаўленняў і пайшоў далей. Знайшоўшы ў Валожыне многа прадметаў са скуры, волава і жалеза, якія былі забраны ў мясцовых жыхароў, падобна як і вялікія статкі і некалькі соцен валоў, які таксама былі сабраны для маскоўскай арміі. Неадкладна адправіў палонных і усё што трапіла ў нашы рукі да галоўнай кватэры, дзе Несялоўскі часова замяніў Ясінскага.

Сказаў адвесці гэты транспарт пад эскортам 20-ці кавалерыстаў, а самі, немаючы лішняй хвіліны, праз некалькі гадзін адпачынку вырушылі на Івянец, малога мястэчка за 15 міль ад Вільні.

Праз невялікую адлегласць ад Валожына напаткалі двух кур’ераў маскоўскіх, вязучых загады з Пецярбурга для арміі. Затрымаў іх маючы пры сабе толькі ад’ютанта і двух маладых пяхотных афіцэраў. Адзін з тых кур’ераў, стрэліўшы па нас з пісталета, знік у кустах. Другі быў узяты з торбаю для лістоў і пасланы пад экскортам у галоўную кватэру. Гэтая другая перасылка, як і першая, прыбыла на месца прызначэння без перашкод. Але эскорт, які яе суправаджаў, не здолеў злучыцца з намі, і гэта было першым знакам, што камунікацыі нашы перарваны.

Прыбыўшы да Івянца, не знайшлі тут войскаў маскоўскіх, таму што аддаліліся паспешна, пачуўшы вестку пра наш падыход. Таксама былі здзіўлены і заклапочаны, убачыўшы мноства амуніцыі, мундзірнага сукна і іншых прадметаў экіпероўкі арміі, такія як вырабы з серабра, медзі, волава, пазабіраныя ў мясцовых людзей і змешчаныя ў розных складах і магазынах."

Пасля уступлення ў Івянец Агінскі дасылае наступны рапарт генералу Ясінскаму: "Непрыяцель перад намі дае драла. Егеры і казакі, якія тут знаходзіліся, пры чутцы што Войска Польскае блізка уцяклі так шыбка, амаль што без сёдлаў на конях пакінулі гэта мястэчка, тольке егера і адстаўшага аднаго схапіць нам удалося. Здабыча наша ў сукне, зброі, амуніцыі, сэрабры, муцэ, павозках і жалезе да некалькі соцен тысяч злотых каштаваць можа. Да перасылцы яе патрэбна многа сродкаў. Войска Маскоўскае ад Несвіжа і Мінска да Беніцы гэтымі днямі цягнулася, але у невялікай колькасці. Люд тутэйшы, абрадаваны прыбыццём нашага войска, сустракаў мяне хлебам і соллю па-за мястэчкам. Перасоўваемся смела. Нічога дэтэрмінацыі маёй змяніць не можа. І калі б тысячы разоў жыццё мае мог страціць, тысячы разоў зрабіў бы гэта захвотай для каханай Айчыны. Гэта ёсць адзіна душнае імкненне усяго нашага корпусу, які альбо славай акрыты вернецца, альбо стосам трупаў стане пры абароне Айчыны.

Універсалы да абываталяў Ваяводства Мінскага адпаведна Ардынансаў мне дадзеных сёння выданы мной будуць. Далучаю копіі гэтых роўна і як маю дыспазіцыю, каб у Ракаве, дзе Масква яшчэ стаіць, без узгляду на ахову маёй маёмасці, магазіны і амуніцыя Маскоўская падпалены былі".

Далей Агінскі піша: "Вагаўся перад прыняцем рашэння: ці нам пайсці далей, кінуўшы гэту здабычу, якая каштавала некалькі соцен тысяч польскіх злотых, ці таксама эскартоваць яе самому з усім маім атрадам, трымаючыся бакавой дарогі.

Пакінуў сваё ваганне, даведаўшыся што губернатар Мінска Неплюеў сканцэнтраваў у горадзе усё войска з ваколіц, таксама забарыкадзіраваўшыся з усіх бакоў, перад гэтым выставіўшы вялікую колькасць узброеных сялян, паставіўшы іх пад першы агонь.

Вестка пра гэта скланіла мяне, да злучэння з галоўнымі сіламі арміі. Галоўнай цяжкасцю было знайсці транспартныя сродкі, каб вывесці трафеі, якія ледзьве умясціліся б на 200 мужыцкіх вазоў. Выпадак яе выдаліў. Але доўга не карыстаўся я той карысцю, якой выпала магчымасць.

Прыбыўшы ранкам да Івянца не знайшлі там а ні коней, ані павозак. Але таму што гэта быў дзень парафіяльнага свята (13 чэрвеня - дзень св. Антонія), больш за 20 экіпажаў самых багатых жыхароў ваколіц запрэжаных 4 ці 6-ю коньмі неўзабаве пачало пад’язджаць да касцельнай брамы, а некалькі соцен мужыцкіх вазоў запоўніла рынкавую плошчу. Звярнўся да уласнікаў, каб вызвалілі мяне ад гэтага клопату".

Тэкст звароту наступны: "Жыхары, якія нарадзіліся ў адной айчыне, але якія вымагальніцкім чынам суседніх дзяржаваў з чэрава маці сваёй вырваны, скіньце з сябе ганебнае гэтае ярмо, якое вас з непадуладных палякаў робіць няшчаснымі нявольнікамі тырана, вазьміце ў рукі вашыя зброю, якою продкі вашыя так умела маглі ўтаймоўваць ворагаў айчыны, далучайцеся з вашымі сіламі да сілаў вашых братоў, як і добрыя сэрцы вашыя сапраўды з імі злучаныя. Хай засаромеецца ад адзінай і згоднай сілы подлы тыран, што перад вамі фанабэрыцца, які лічыць, што, прыгнятаючы паляка, здолее і сэрца ягонае зрабіць нізкім; хай здрыганецца дэспат, гледзячы на запаленне, якое паходзіць ад дабрачыннасці і ад чаю; кожны з вас хай далучыцца да святой сувязі, якая ўзноўлена актам Кракаўскім пад кіраўніцтвам Касцюшкі, няхай будзе ў душы вашай тая праўдзівая справядлівасць, што дабрачыннасць і аднадушша спалохаць могуць і наймоцнага непрыяцеля; з уласнага вопыту я сам ведаю, што дзе толькі пакажацца жаўнер польскі, там заўсёды ці ахвяраю робіцца, ці бяжыць непрыяцель, які звык да грабежніцтва, але які бяззбройных толькі папохае, а вояў і сам баіцца. Уступленне маё ў межы Мінскага ваяводства засведчаць бедствы Маскоўскіх войскаў, якія сапраўды штодзённа па дарозе бываюць разбітыя, і набыцця ад іх вялікай здабычы. I так мы, браты і жыхары, усе цяпер увогуле смела ў тым стаім, што ці вернем айчыне вольнасць, ці дамо сябе пахаваць у яго развалінах; а калі аб гэтым вам, жыхары, пасланы ад поўнага дабрачыннасці і мужнасці генерал-лейтэнанта войскаў Літоўскіх Ясінскага, паведамляю, то разам з тым і спадзяюся, што гэты мой заклік ажывіць у сэрцах вашых агонь; Універсал жа непераможнага Касцюшкі і Акт Кракаўскі пакажуць вам спосаб, якім чынам можаце з'яднацца з намі; а на гэты выпадак рэкамендую, каб гэты закпік разам з Актам Кракаўскім пры дзвярах касцёльных быў прыбіты, а копіі з іх пад ўсіх парафіях разасланыя б былі, і гэта здзейсніць прашу вас любоўю да Айчыны".

Далей Агінскі працягвае: "Усе дабравольна згадзіліся мне памагчы. Сказалі адпрэгчы найлепшых коней, якіх запрэглі да 20-ці маскоўскіх павозак, нагружаных сукном і амуніцыяй. Сяляне, па іх прыкладу, даставілі столькі коней і павозак, колькі нам было патрэбна на працягу 6-ці гадзін. 170 добра наладаваных павозак было гатова пусціцца ў паход пад нашым экскортам. У той жа самы вечар пакінулі Івянец, выбіраючы іншы шлях, чым дагэтуль.

Трэба было вярнуцца да Бакштаў і знаходзіцца ў густых лясах, дарогі ў якіх былі заваленыя вывернутымі дрэвамі, часткова ветрам, часткова прадбачлівымі жыхарамі, якія хацелі сапсаваць дарогі перад непрыяцелем.

Страцілі 8-м гадзін часу на расчыстку сабе дарогі. Але не гледзячы на вялікую стому, вызваную як хуткім, так і працяглым маршам, цешыліся, што адарваліся ад непрыяцеля. Як раптам, падыходзячы да вёскі Сакаўшчына, за мілю ад Валожына, пачулі водгалас бубнаў, гукі труб і пранізлівыя вокрыкі салдат, якія разумелі, што маюць нас у пастцы.

Загадаў прыспешыць паход сваіх абозу, які вельмі шчасліва перайшлі мост на Бярэзіне.

Застаўся ў тыле з атрадам кавалерыі, каб заўважыць рух непрыяцеля. Перайшоўшы мост, сказаў афіцэру , якога пазаставіў разам з некалькімі дабравольцамі, гэты мост спаліць. Належала дапусціць, што маскалі не змогуць перайсці гэту балоцістую мясціну ў брод, і затрацяць многа часу на пракладку сабе дарогі і не змогуць так шыбка нас даганяць.

Выступілі далей, прыгнечаныя стомай, але спадзеючыся злучыцца з галоўнай кватэрай, пра якую судзілі, што яна знаходзіца за 4-5 міль. Не ведалі дакладна, дзе яе знайсці, паколькі некалькі кур’ераў, якіх там жа адправіў з некалькімі маімі рапартамі і весткамі аб кірунку маршу, якім пусціўся, не магло вярнуцца і прывесці мне якіх небудзь указанняў.

Ледзь толькі прыбыўшы да Вішнева, даведаўся, што наш авангард пад камандаваннем брыгадзіра Юзафа Ваўжэцкага і палкоўніка Гаркоўскага, вымушаны адысці ў бор, аказаўшы слабое супраціўленне пераўзыходзячаму па сіле корпусу пад камандаваннем генерал Ціцыянава, што галоўная кватэра не пакінула свайго раскватаравання і што не можа прыслаць мне падмацавання, таму што трэба трымаць абарону, а на прыканцы, у дапаўненне меры няшчасця, паведамлена мне, што афіцэр Вайцяхоўскі, якому я загадаў спаліць мост на Бярэзіне, загадаў толькі зняць з яго дошкі і паспешна адышоў, выстаўляючы мяне на шыбкую пагоню і атаку маскалёў, якіх пакінулі з-заду.

Наступіла тое, што перад гэтым немагчыма было дапусціць. Менавіта у тую хвіліну, калі казаў затрымаць усе абозы, з’ехаўшыя з гары пад Вішневам і шукаў на карце дарогі, якой мне трэба было пусціцца, не могучы ісці праз Боніны, значны атрад казакоў разам з палком Мікалая Зубава праляцеў галопам праз мястэчка Вішнеў, пасёк некалькі маіх афіцэраў і марадзёраў, якія там засталіся і на якіх напалі неспадзявана. Каля 3000 чалавек з корпусу Кноррынга атакавала нас з гарматамі з мэтай акружыць.

За першым знакам трывогі кінуўся на непрыяцеля, але хіба толькі 20 чалавек рушыла за мною. Паколькі кавалерыя уцякла. Стральцы мае сабраліся даць хоць які–небудзь адпор і затрымаць на які-небудзь час назойлівасць маскоўскай кавалерыі. Але ў канцы былі вымушаны адысці ў кусты, адкуль не перастаючы давалі агонь па непрыяцелю. Пасунуўшыся неразважліва на перад, займеў бы прабіты кулямі капялюш і не мінуча бы загінуў. Калі б афіцэр па прозвішчу Паўловіч не ухапіў майго каня за цуглі і не вымусіў вярнуцца.

Страціў у гэтай расправе усе абозы захопленыя ў Івянцы, сваю касу, якая утрымлівала 7000 дукатаў золатам, многа каштоўных для мяне прадметаў і усе мае паперы. Дванаццаць кавалерыстаў, каля 20-ці дабравольцаў, 25 стральцоў і усе мае слугі забіты. За чвэрць мілі ад месца, дзе нас атакавалі, адшукалі сваю кавалерыю, якая рассеялася.

Мужны маёр Корсак, конь якога пранёс сярод шэрагаў непрыяцеля, вярнуўся да нас. А я, прамовіўшы да салдат, настаяў, каб вярнуцца і забяспечыць прынамсі адступленне нашых стральцоў.

На самой справе мне удалося вывесці з сабою каля 150 чалавек. Хоць і бачылі мы усе абозы, акружаныя з боку Вішнева, стральцы мае адышлі ў лясы, а конніца непрыяцельская рухалася па нашых баках, каб нас акружыць і перашкодзіць нашаму адступленню. Было зразумела, што трэба адысці яшчэ раз і зрабіць гэта у добрым парадку, не страціўшы ніводнага чалавека.

Мелі многа цяжкасцяў у тым, каб знайсці папярэднюю дарогу, якая б прывяла нас да стану нашай арміі. Вырваўшыся з кляшчоў корпусу Кноррынга, былі за непакоены некалькі гадзін праз моцныя патрулі корпусу Ціцыянава. У канцы канцоў, пры наступленні ночы нам удалося злучыцца з авангардам нашай арміі ў Крэве.

Ранкам наступнага дня адбыў у галоўную кватэру, якая, як і раней была ў Ашмяне. Генерал Ясінскі мужныя афіцэры яго арміі, якія ўжо няспадзяваліся мяне убачыць, прынялі мяне ў спосаб вельмі сяброўскі, дакаралі мне за маю смеласць і стараліся пацешыць мяне з поваду маіх паражэнняў, якія я панёс.

Праз дваццаць чатыры гадзіны сустрэў варочаюшчыхся маіх стральцоў у добрым парадку, негледзячы на цяжкасці перанесеныя ў лясах і на не падыходзячых дарогах.

Потым неадкладна выехаў у Вільню, дзе прыязны спосаб, якім я быў прыняты, даў мне повад да думак аб новых рызыкоўных справах".

Пасля паходу на Валожыншчыну Агінскі зрабіў рэйд да Дынабурга, дзе змагаўся супраць прусскіх войскаў.

Пасля таго, як рускія войскі занялі Вілню, праз Галіцыю выехаў у Аўстрыю. За удзел у паўстанні расейскія улады канфіскавалі ягоныя маёнткі.

У эміграцыі ён жыў у Вене, Вэнэцыі, Парыжы, Стамбуле. Пасля уступлення на Расійскі прастол Аляксандра Першага атрымаў магчымасць вярнуцца на радзіму і працягнуць грамадска-палітычную і културніцкую дзейнасць. Пасля прысягі на вернасць імператару яму вярнулі ранейшыя маёнткі.

У 1810 годзе атрымаў пасаду сенатара і чын ітайнага саветніка, ордэны св. Уладзіміра і Аляксандра Неўскага. Неаднойчы сустракаўся з імператарам Аляксандрам у Пецярбургу, Вільні, Магілёве і Віцебску, распрацаваў і падаў яму план аднаўлення Вялікага Княства Літоўскага ў складзе Расійскай імперыі, якое мусіла б аб’яднаць восем губерніяў. Але імператар адхіліў гэты праект.

У чэрвені 1812 Міхал Клеафас з’ехаў на ўсход разам з расейскімі войскамі, жыў у Пецярбургу.

Пасля вайны вярнуўся ў Залессе, дзе заставаўся да 1822 году, пакрысе адыходзячы ад спраў.

У 1823 разам з сям’ёй выехаў у Італію, дзе жыў у Фларэнцыі. Там ён і памёр 15 кастрычніка 1833 года. Пахаваны у пантэоне Санта Крочэ.

Вось такім ён быў, наш славуты зямляк.
Категория: Гісторыя | Просмотров: 732 | Добавил: ivenec_eu | Теги: бібліятэкар Івянецкай бібліятэкі, Агінскі 1794, Солтан Ігар, Агінскі ў Івянцы | Рейтинг: 5.0/6
Всего комментариев: 0
Добавлять комментарии могут только зарегистрированные пользователи.
[ Регистрация | Вход ]

Падзяліцца

Спадабаўся сайт? Распавядзіце сябрам!

Спампаваць

Часопіс "Dziedzictwo Kresowe" № 10 (VI.2017)

Спампаваць бясплатна часопіс Dziedzictwo Kresowe
Спампаваць у PDF фармаце


Часопіс “Спадчына Крэсаў” № 6 (VI.2015, рэд. VII.2017)

Спампаваць бясплатна часопіс Спадчына Крэсаў
Спампаваць у PDF фармаце

Падтрымка

Сайт ivenec.eu працуе пры падтрымцы

Герб Роду Плевакаў
Таварыства Роду Плевакаў

Пошук

Статыстыка

Статыстыка сайта ivenec.eu

Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстачоў: 0


Рейтинг сайтов