Івянец і Івянецкае графства

Пятніца, 22.09.2017, 23:40

Вітаю Вас Гость | RSS | Галоўная | Рэгістрацыя | Уваход

Главная » 2014 » Май » 30 » Мястэчка Вітаўта, багіні Жывы і івянецкіх паненак
14:27
Мястэчка Вітаўта, багіні Жывы і івянецкіх паненак

Алег Раманоўскі. Фота Аляксандра МАНЦЭВІЧА, www.rh.by.

Крыніца - http://www.rh.by/

Aўтар: Настасся РОЎДА, Наталля ТУР.

Знаёмства з Алегам Раманоўскім, з Івянецкі краязнаўцам і былым дырэктарам музея, і Валянцінай Адамовіч, цяперашняй дырэктаркай музея, канчаткова пераканалі нас у тым, што Івянец – вельмі загадкавае месца.

− Самая распаўсюджаная, але малаверагодная версія, што назва мястэчка паходзіць ад слова іва, як і Іўе. Але існуе версія, што ў паганскія часы тут была гара, на якой пакланяліся багіні Жыве. І на балтыйскіх мовах назва мястэчка гучала як Жывéнец, − кожную гісторыю, якую расказваў Алег Раманоўскі, ён расказваў так, быццам сам прысутнічаў пры ўсіх гістарычных падзеях. І пра пасяленні Вітаўта, і пра званы, якія адносна нядаўна вярнулі ў касцёл, і пра жыццё і маладосць Дзяржынскага, які таксама нарадзіўся ў гэтых месцах. Але была адна гісторыя, дзе без Алега Раманоўскага не абышлося.


 

Івянецкі краязнаўца Алег Раманоўскі. Фота Аляксандра МАНЦЭВІЧА.

Івянецкі краязнаўца Алег Раманоўскі. Фота Аляксандра МАНЦЭВІЧА.


 

Як сам змяніў назву мясцовай школы

− У 1990-х гадах, падчас перабудовы, мянялі шыльды, пячаткі ўстаноў. Мяне папрасілі зрабіць эскіз пячаткі школы. На той час школа называлася “Івянецкая сярэдняя школа імя Дзяржынскага”.

Я зрабіў пячатку з Пагоняй у цэнтры. І наўмысна проста напісаў: “Івянецкая сярэдняя школа”. Здалі на зацвярджэнне ў Валожын. Я ўжо падумаў, што калі раптам заўважаць, што на пячатцы няма імя Дзяржынскага, буду апраўдвацца тым, што забыўся.

Але там не ведалі, чыя пастанова, раптам Міністэрства? Пячатку зацвердзілі. Так у школе і з’явілася цяперашняя назва, ужо без імя Дзяржынскага.

− Вы лічыце сябе краязнаўцам? − пытаемся ў Алега Фядосавіча. На што той усміхаецца і адказвае:

− Хацелася б думаць, што я мастак. Вучыўся ў Віцебскай мастацкай акадэміі разам з маладзечанскім мастаком Міколам Аўчыннікавым. У 70-х гадах пераехаў у старажытнае мястэчка Івянец. На плошчы былі гандлёвыя рады пачатку стагоддзя, якія загадалі разбурыць толькі тады, калі святкавалі 100-годдзе з дня нараджэння Дзяржынскага. Пасябраваў тут з Апалінарам Пупко. Была з ім такая гісторыя звязаная.

Як Харашэвіч палатно пакінуў

Кастусь Харашэвіч прыехаў у Івянец пісаць карціну. Раптам пайшоў дождж. Ён пакінуў сваю пачатую работу ў Апалінара Пупко, а сам пайшоў на станцыю глядзець, калі аўтобус на Маладзечна. І акурат у гэтую гадзіну аўтобус адыходзіў. І з’ехаў. А палатно пакінуў. Тады Апалінар Пупко мяне прасіў: “Патэлефануй мастаку таму маладзечанскаму, спытай, ці будзе ён палатно забіраць”. Патэлефанаваў,

Харашэвіч адказаў, каб я перадаў Апалінару, што той можа маляваць на ім сам, палатно забіраць не будзе. Як тады ўзрадаваўся івянецкі мастак! Ён жа пісаў на фанерках, дошчачках, а тут прафесійнае загрунтаванае палатно.

З Алегам Раманоўскім мы сустрэліся ў музеі традыцыйнай культуры. Ён тут былы дырэктар, але і сёння жаданы госць.

Экскурсію ж па музеі правяла нам яго цяперашняя гаспадыня, Валянціна Адамовіч:

− Маладзечанцы ў нас вельмі рэдкія госці. Усе аўтобусы з турыстамі ідуць на Нясвіж без прыпынку, хоць маршрут і праходзіць праз Івянец. А мы, між іншым, імкнёмся рабіць усё для наведнікаў. У нас быў выпадак, калі патэлефанавалі лю­дзі з Мінска, заказалі экскурсію, сказалі, што вельмі хочуць у нашым музеі папрактыкавацца ў ганчарстве.

Апісваць усю экскурсію па музеі – справа няўдзячная. Рабіць гэтага мы не будзем, тым больш, калі будзе жаданне, вы заўсёды зможаце яго наведаць. Іншая справа – гісторыі, якія прыгадала Валянціна Адамовіч пра мясціны, дзе нарадзілася і жыве.

На шпацыр у камбінашках

− Івянец заўсёды быў мястэчкам, у якім жылі далёка не бедныя людзі. Нават на пачатку 20 стагоддзя на здымках Тышкевіча (копіі якіх прадстаўленыя ў экспазіцыі музея) відаць, што дзяўчаты апранутыя ў строі, якія ткалі не самі, а набывалі гатовымі ў краме. У мястэчку жыло шмат яўрэяў, якія трымалі свае лаўкі. У кожнай краме можна было набыць тавар на вэксаль. Гаспадары сваім пастаянным кліентам не забываліся рабіць падарункі на святы. У 20-х гадах Івянец быў пад уладай Польшчы, прыгранічным мястэчкам. Жонкі польскіх афіцэраў, канешне, дыктавалі моду. Так было  да 1939 года, калі ў Івянец прыехалі савецкія афіцэры са сваімі сем’ямі. Жонкі афіцэраў Чырвонай Арміі ў мясцовых крамах накупілі прыгожых карункавых кашуль...

А вечарам жыхары ўсяго мястэчка ледзьве не пакаціліся ад смеху, калі гэтыя “лэдзі” выйшлі на праменад па вуліцы амаль у сподняй бялізне.  

Івянец, дзякуючы таму, што побач нарадзіўся Дзяржынскі, свой статус шляхетнага мястэчка не згубіў нават у савецкія часы. І дарогі тут былі добрыя, і асартымент у крамах, якому можна толькі пазайздросціць.

− У 80-х гадах у нас у краме было столькі абутку, што вы, цяперашнія модніцы, лопнулі б з зайздрасці, − па-івянецку хваліцца дырэктарка музея. − У мяне, напрыклад, калі я была школьніцай, ужо былі самыя модныя боты-панчохі.

...І гаворка зноў пераключылася на гісторыю гэтага незвычайнага мястэчка. Разважаючы пра былую славу Івянца, наш рэдактар Аляксандр Манцэвіч кажа: “А што, можа тады (стагоддзе таму) Івянец быў большым за Маладзечна. У Маладзечне тысячы тры жыхароў было, а ў Івянцы, можа, чатыры”.

− Чатыры з паловай тысячы жыхароў, − на поўным сур’ёзе  папраўляе рэдактара Алег Раманоўскі.

Вось такі ён, Івянец.

Категория: Грамадства | Просмотров: 578 | Добавил: ivenec_eu | Теги: багіня Жывы, Алег Раманоўскі, Мястэчка Вітаўта, івянецкія паненкі | Рейтинг: 5.0/2
Всего комментариев: 0
Добавлять комментарии могут только зарегистрированные пользователи.
[ Регистрация | Вход ]

Падзяліцца

Спадабаўся сайт? Распавядзіце сябрам!

Спампаваць

Часопіс "Dziedzictwo Kresowe" № 10 (VI.2017)

Спампаваць бясплатна часопіс Dziedzictwo Kresowe
Спампаваць у PDF фармаце


Часопіс “Спадчына Крэсаў” № 6 (VI.2015, рэд. VII.2017)

Спампаваць бясплатна часопіс Спадчына Крэсаў
Спампаваць у PDF фармаце

Падтрымка

Сайт ivenec.eu працуе пры падтрымцы

Герб Роду Плевакаў
Таварыства Роду Плевакаў

Пошук

Статыстыка

Статыстыка сайта ivenec.eu

Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстачоў: 0


Рейтинг сайтов