Івянец і Івянецкае графства

Чацвер, 17.08.2017, 10:51

Вітаю Вас Гость | RSS | Галоўная | Рэгістрацыя | Уваход

Главная » 2014 » Снежань » 23 » Назад у СССР
14:11
Назад у СССР
Выява выкарыстана ў якасці ілюстрацыі. Фота з сайта www.vk.comКрыніца - газета "Працоўная слава" за 1968-1969 гг.

Для каго закон не пісаны. Жнівень 1968 г.

Рэйд на дарогах напрамку Валожын-Івянец правялі работнікі дзяржаўтаінспекцыі.

У той дзень многія матацыклісты “гастралявалі” без шлемаў. Напрыклад, вартаўнік Івянецкага лясніцтва спачатку нават не хацеў растлумачыць, чаму ездзіць без шлема. І як аказалася пазней не толькі без яго, але і без пасведчання на права кіравання матацыклам і без нумарнога знака. Заўважыўшы машыну ДАІ, ён кінуўся наўцёкі. Калі яго спынілі, стаў даказваць, што правы ёсць у старэйшага сына, а раз ёсць правы ў сына, значыць, і бацька можа ездзіць на матацыкле.

…Машына без нумарных знакаў адразу ж прыцягнула ўвагу. У кузаве знаходзілася каля 15 пасажыраў. Шафёр расказаў, што нумарныя знакі зняла ДАІ, бо нажны тормаз амаль зусім не дзейнічае. Але шафёр вымушаны адпраўляцца ў рэйс: начальнік Івянецкага лесаўчастка лічыць, што людзей можна вазіць і на такой машыне.

Сустрэўся і грамадзянін, які дрэнна ўспрымаў акружаючае з-за вялікай дозы “зялёнага змія”. На шчасце, спынены работнікамі аўтаінспекцыі, ён не паспеў сесці за руль матацыкла.

Калі вам сустрэнецца такі вадзіцель, затрымайце яго: гэта небяспечны парушальнік.

Эх, дарогі… Чэрвень 1968 г.

“З вёскі Пакуці дарога вядзе да Маскалёўшчыны. Калі стаіць сухое надвор’е, то па гэтай дарозе можна ісці без рызыкі ўтапіцца. Праўда, можна зламаць нагу ў выбоінах.

Не хочаш, а прыходзіцца хадзіць па ёй. Магазін у нас не працуе, лазня таксама. Да таго ж моладзі патрэбна чымсьці заняцца ў вольны час, а ў Покуцях няма ні клуба, ні бібліятэкі. Таму і дабіраемся мы ў цэнтр саўгаса “Радзіма” па гэтай “цудоўнай” дарозе.

Але ж наша брыгада – адна з буйных у саўгасе. Ёсць ферма, цялятнікі. Патрэбна падвозіць кармы, а па дарозе не пройдзе нават трактар, не гаворачы аб машынах. Вось і даводзіцца рабіць круг за 7 вёрст.

Між тым, на рамонт гэтай дарогі яшчэ ў мінулым годзе былі адпушчаны сродкі. На жаль, іх выкарысталі невядома на што. Варта было б дырэктару саўгаса прагуляцца пешшу па нашай дарозе. Ды не ў сонечны дзянёк, а пасля добрага дажджу. Можа, тады б ён задумаўся і пашукаў бы, у якую трубу вылецелі адпушчаныя на рамонт грошы?” – даслала ліст у рэдакцыю А. Жаркова.

"Бескультурны" гандаль. Май 1969 г.

Шэраг недахопаў існуе ў гандлі Забрэжскага, Івянецкага і Ракаўскага сельскіх спажывецкіх таварыстваў.

На дзень праверкі ў многіх магазінах адсутнічалі тавары паўсядзённага попыту: хлеб, соль, макаронныя вырабы, селядцы і г. д. Перабоі з завозам хлеба даходзяць да 10-12 дзён. Многія магазіны не ацепліваюцца, завалены тарай. Не ва ўсіх загадчыкаў і прадаўцоў ёсць рабочыя халаты, у магазінах адсутнічае абгортачная папера, а цэннікаў на многія тавары няма.

Для прыкладу, у магазіне вёскі Шыкуці (5 км ад Івянца) не толькі неахайна захоўваюцца тавары, але нават вагі адхілены на 10 грамаў на карысць… прадаўца. У Каменскім магазіне сцены ад вільгаці пакрыліся плесняй. У Падневіцкім магазіне хлеб звальваецца на падлогу, загадчык працуе ў брудным, рваным халаце. З боку асобных загадчыкаў магазінаў і прадаўцоў дапускаюцца грубыя адносіны да пакупнікоў, няўвага да іх попыту.

Экзамены для вадзіцеляў. Ліпень 1968 г.

Майстэрства вадзіцеляў аўтамабіляў і матацыклаў правяралася на спаборніцтвах па тэхнічных відах спорту, што праходзілі ў Івянцы.

Галоўнае патрабаванне ўмоў спаборніцтваў не толькі вялікая хуткасць ваджэння, але і дакладнасць манеўравання.

Дакладна правёў паміж фігурамі-перашкодамі свой аўтамабіль і паказаў высокі клас манеўраў вадзіцель аўтабазы № 14 Леанід Алешка, ён заняў першае месца. Другое месца заваяваў шафёр з саўгаса “Радзіма” Іосіф Кульша, трэцяе – шафёр саўгаса імя Маякоўскага Эдуард Ліпніцкі.

Аднак некаторыя вадзіцелі яшчэ маюць нізкі ўзровень практычнай падрыхтоўкі: яны не маглі выканаць праграмы, адразу ж пасля старту сыходзілі з трасы.

Мужны ўчынак. Снежань 1969 г.

Дарослыя былі на працы. Вася Гуль, Гена Палаўкоў і Ала Лапуцкая ўзялі канькі і пайшлі катацца да замёрзлага вадаёма, які знаходзіцца непадалёку ад завулка Пушкіна ў Івянцы.

Першыя маразы тонкім слоем пакрылі сажалку, і лёд у асобных месцах трашчаў пад нагамі. Увайшоўшы ў азарт, малышы забыліся пра тое, што кожную хвіліну іх чакае небяспека.

Раптоўна лёд пад нагамі праламаўся, і дзеці аказаліся ў халоднай вадзе. Іх крык аб дапамозе пачулі праходзячыя па вуліцы жанчыны, а таксама бабуля Алы Лапуцкай. Яна кінулася ратаваць дзяцей, але сама пачала тануць. Паблізу аказаўся Іосіф Турэмскі. Ён не разгубіўся і адразу ж паспяшаўся на дапамогу. Становішча аказалася надзвычай складанае: трое бездапаможных дзяцей і старэнькая бабуля гублялі ў сцюдзёнай вадзе апошнія сілы. Вырашалі секунды… Не раздумваючы, Іосіф Турэмскі кінуўся ў ваду і выратаваў дваіх дзяцей і бабулю. На жаль, спробы адратаваць Гену Палаўкова аказаліся беспаспяховымі…

Іосіф Турэмскі працуе будаўніком і адначасова займаецца ў дзявятым класе Івянецкай сярэдняй школы рабочай моладзі. Калі спатрэбілася, Іосіф Турэмскі, не задумваючыся, рызыкаваў сваім жыццём, каб прыйсці на дапамогу людзям.
Категория: Івянецкі архіў | Просмотров: 523 | Добавил: ivenec_eu | Рейтинг: 5.0/1
Всего комментариев: 0
Добавлять комментарии могут только зарегистрированные пользователи.
[ Регистрация | Вход ]

Падзяліцца

Спадабаўся сайт? Распавядзіце сябрам!

Спампаваць

Часопіс "Dziedzictwo Kresowe" № 10 (VI.2017)

Спампаваць бясплатна часопіс Dziedzictwo Kresowe
Спампаваць у PDF фармаце


Часопіс “Спадчына Крэсаў” № 6 (VI.2015, рэд. VII.2017)

Спампаваць бясплатна часопіс Спадчына Крэсаў
Спампаваць у PDF фармаце

Падтрымка

Сайт ivenec.eu працуе пры падтрымцы

Герб Роду Плевакаў
Таварыства Роду Плевакаў

Пошук

Статыстыка

Статыстыка сайта ivenec.eu

Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстачоў: 0


Рейтинг сайтов