Івянец і Івянецкае графства

Чацвер, 14.12.2017, 18:19

Вітаю Вас Гость | RSS | Галоўная | Рэгістрацыя | Уваход

Главная » 2014 » Сакавік » 6 » ПЕСНЯ ЖАВАРАНКА
14:11
ПЕСНЯ ЖАВАРАНКА
Малюнак скарыстаны ў якасці ілюстрацыі. Фота з сайта nibler.ru

З кнігі "Млын жыцця”, краязнаўца Генадзя РАВІНСКАГА

Памяці сям’і Ждановічаў з вёскі Пілюжына Івянецкага сельсавета.

Карнікі ішлі ланцугом. З закасанымі рукавамі, з аўтаматамі напагатове, з лютасцю ў вачах яны прачэсвалі густы хмызняк на ўскраіне векавой пушчы. Пасярод вялікай паляны палала сялянская хата. Чорны дым падымаўся клубамі ўверх. У ахопленым полымем хляве ў роспачы ржаў конь, надрыўна рыкала карова… Свяціла ліпеньскае сонца, цвілі лугавыя кветкі, руплівыя пчолы неслі ў вуллі сваю неацэнную ношу… ды падалі мёртвымі ў полымі пажару.

Не бачылі карнікі прыгажосці, пачварамі ўварваліся яны ў ціхі пушчанскі куток. Яны прагнулі забіваць. Прырода ж прагнула жыць. Вельмі хацела жыць і русавалосая, сінявокая жанчына, маці чатырох дзяцей. Трое старэйшых хаваліся разам з мужам. Яна ж з дзесяцімесячным Ясікам, які сваім плачам мог выдаць усю сям’ю, затаілася асобна, пад густой нізкарослай ялінай, сярод папараці, прыкрыўшыся травой і лапкамі.

Марудна цягнуцца хвіліны… Фашысты зусім блізка, амаль побач. Выразна чуваць іх гартанныя галасы, шамаценне травы і кустоў. Вось-вось заўважаць… І тады смерць… Ледзь варушачы губамі, жанчына пачала маліцца, бліжэй прытуліла задрамаўшага Ясіка, з усяе сілы ўціскалася ў зямлю.

Не, не заўважылі, прайшлі амаль побач.

"Божачка, Божа, уратуй маіх дзетак, мужа…” – хацела прашаптаць жанчына, але не змагла. Анямелі вусны, стаў нерухомым здранцвелы язык.

І раптам пачула жахлівы крык, які абарвала доўгая аўтаматная чарга. І ўсё сціхла. Жанчына скамянела. Страшэнная здагадка сціснула сэрца, холад пранізаў цела. Трывожна заплакаў Ясік. "Няўжо забілі маіх родненькіх, няўжо загубілі маіх дзетачак?” – хацела выкрыкнуць жанчына, але толькі паварушыла пасінелымі вуснамі. Доўга яшчэ ляжала з дзіцем пад ялінай. Доўга яшчэ не магла падняцца з зямлі. Нарэшце ўстала, з цяжкасцю трымаючы на руках сына. Паціху перастаўляла ногі, дайшла да таго месца, дзе быў родны прытулак. Ясік спаў на яе руках.

Пачынала змяркацца. Сіратліва бялела печ на пажарышчы. Велічэзнымі чорнымі галавешкамі выдзяляліся на папялішчы хлява тушы каня і каровы. Абгарэлая кошка пад плотам туліла да сябе выхапленых з полымя мёртвых кацянят. Убачыўшы гаспадыню, жаласна замяўкала, паглядзела мутнымі, засланымі перадсмяротнай тугой вачыма.

На зямлю апусцілася зорная цёплая ноч. Водар кветак і траў перабіў цяжкі пах гарэлага мяса. Жалобным пошчакам у бліжэйшых кустах адазваўся салоўка. Жанчына не спала. Сон не браў яе. Цяжкія думкі сціскалі сэрца.

Пачало віднець. Сівы туман над кустамі здаўся жанчыне ружовым, а выглядаўшае з-за вяршалін лесу сонца – крывавым.

Яна пайшла шукаць родных. Хадзіла гадзіну, стамілася. Выйшла на невялікі прагалак паміж кустоў і аслупянела… Зямля гайданулася пад ёй, перад вачыма плылі чорныя кругі. Моўчкі, выпусціўшы з рук малое, жанчына рухнула на зямлю.

Муж ляжаў, з парэпанымі мазалямі рукамі, ашклянелыя сінія вочы пазіралі ў блакітнае неба. Тулячыся да бацькі, застыла дзесяцігадовая Яня. З другога боку, прыпаўшы да бацькавых грудзей, ляжала васьмігадовая Лёдзя, а крыху воддаль – учапіўшыся ручкай за стволік маладзенькай параненай рабінкі, распластаўся чатырохгадовы Казік. Трава нахілілася долу пад цяжарам крывавай расы.

Маці прыпала да дзяцей. Не чула плачу маленькага Ясіка, не бачыла сонца і блакіту над галавой.

Паволі пачала прыходзіць у прытомнасць. Не плакала. Сэрца быццам закамянела.

— Вось і адцвілі для вас, родненькія, лугавыя кветачкі, — шаптала яна. – Адспявалі для вас птушачкі, адшумеў для вас ветрык…

Яна тулілася да дзяцей, цалавала іх, прасіла падняцца, сказаць хоць слоўца. Нечалавечым намаганнем волі прымусіла сябе падумаць аб тым, што трэба сваіх родных хаваць, трэба, каб іх атуліла родная зямля…

Паднялася. Сівыя валасы рассыпаліся па плячах, вочы запалі, твар стаў шэрым. Няўпэўнена пайшла на двор, знайшла рыдлёўку, вярнулася, стала капаць…

Выкапала ямку, паклала мужа, побач дзяцей, рамонкамі прыкрыла іх вочы, усіх прыцерушыла лугавой травой. Узяла першую рыдлёўку зямлі, доўга трымала, не рашаючыся апусціць яе, слаба пахіснулася, зямля пасыпалася на нябожчыкаў… Засыпала, зрабіла магілку, прыпала да яе, заграбаючы рукамі жоўты пясок. І тады… заплакала. Буйныя слёзы падалі на свежую зямлю, быццам прапякалі яе, ранілі.

А над жанчынай, над кустамі, над крывавай зямлёй, над свежай адзінокай магілай звінела песня жаваранка.

Крыху авалодаўшы сабой, маці прыўзнялася ад магілы, пачула плач дзіцяці, зірнула, і яе вочы засвяціліся прагай жыцця.

Хлопчык, трымаючыся за пакалечаны стволік маладзенькай рабінкі, няўмела прыўстаў на ногі, глянуў на маці, прамармытаў нешта і памкнуўся да яе. Жанчына падняла яго на рукі, стала цалаваць, абліваючыся слязьмі.

— Ясік, родненькі, адзін ты ў мяне застаўся! Жыць, Ясік! Жыць…

Далёка ў небе разносілася песня жаваранка…

Крыніца - http://psl.by/?p=13496
Категория: Гісторыя | Просмотров: 834 | Добавил: ivenec_eu | Теги: Генадзь Равінскі, з вёскі Пілюжына, “Млын жыцця”, Памяці сям’і Ждановічаў, ПЕСНЯ ЖАВАРАНКА | Рейтинг: 5.0/1
Всего комментариев: 0
Добавлять комментарии могут только зарегистрированные пользователи.
[ Регистрация | Вход ]

Падзяліцца

Спадабаўся сайт? Распавядзіце сябрам!

Спампаваць

Часопіс "Dziedzictwo Kresowe" № 10 (VI.2017)

Спампаваць бясплатна часопіс Dziedzictwo Kresowe
Спампаваць у PDF фармаце


Часопіс “Спадчына Крэсаў” № 6 (VI.2015, рэд. VII.2017)

Спампаваць бясплатна часопіс Спадчына Крэсаў
Спампаваць у PDF фармаце

Падтрымка

Сайт ivenec.eu працуе пры падтрымцы

Герб Роду Плевакаў
Таварыства Роду Плевакаў

Пошук

Статыстыка

Статыстыка сайта ivenec.eu

Анлайн усяго: 3
Гасцей: 3
Карыстачоў: 0