Івянец і Івянецкае графства

Чацвер, 27.07.2017, 23:48

Вітаю Вас Гость | RSS | Галоўная | Рэгістрацыя | Уваход

Главная » 2017 » Люты » 7 » Пра сям’ю Кавэрскіх. Частка 1
13:05
Пра сям’ю Кавэрскіх. Частка 1
Эдвард Кавэрскі і Альжбета з ПлявакаўШаноўныя чытачы! Сёлета спаўняецца 180 год з дня нараджэння генерала Эдварда Кавэрскага. Чалавека, дзякуючы якому ў Івянцы паўстаў касцёл Св. Аляксея, які таксама сёлета, але ў снежні адзначыць юбілей – 110 годдзе. Прапаную вашай увазе ўспаміны Станіслава Канаржэўскага (1867 - 1935), пляменніка жонкі генерала.

Пра сям’ю Кавэрскіх. Станіслаў Канаржэўскі

(Надрукавана ў часопісе "Dziedzictwo Kresowe" - №№6-7).

Ядналіся нашы сем’і цесна, і сяброўства двух родных сясцёр Плеваковен – малодшай Сафіі Канаржэўскай (маёй маці) і Альжбеты Кавэрскай (1838 – 1916), якую мы называлі "цёцяй Лізай", было звычайным. Помню сябе яшчэ малым у Кранштаце (1870), калі дзядзька з цёткай да нас заязджалі, найчасцей на імяніны бацькі, якія адзначаліся заўсёды 27 верасня. Тут збіралася цэлая кампанія маракоў, мясцовых і прыезджых параходам з Пецярбургу, які адпраўляўся на Кранштадт ад Мікалаеўскага моста, што на Васільеўскім востраве, чатыры разы на дзень. Плылі паўтары гадзіны.

Дзядзя быў вельмі здольны, поўны сіл і надзвычайнай энэргіі, афіцэр Генеральнага штабу, упрыгожаны камбініраваным знакам двух акадэмій – геадэзічнай* і генеральнага штабу, якія скончыў з адзнакай. У склад апошняй, з поваду вялікай канкурэнцыі, асабліва ўзмоцненай для католікаў і тым больш палякаў, уваходзіла толькі эліта найздольнейшых афіцэраў… Хіба толькі стаж скончанага Брэсцкага кадэтскага корпусу даў дзядзьку пэўныя прэрагатывы для ўступлення туды. Ведаю, што дзядзька меў і пастаянна насіў выдатны гадзіннік–хранометр, падараваны яму як узнагароду за заканчэнне гэтай Акадэміі.

Чым дзядзя вызначаўся - дык гэта надзвычайнай вынослівасцю і працавітасцю, і пры яго здольнасцях, апрача курсаў звычайных, прайшоў астранамічныя, з практыкай у Пулкаўскай абсерваторыі.

Французкую ён вывучыў значна пазней, пастаянна маючы ў доме "кампаньёнак" цёці, пераважна ўсялякіх парыжанак, трох з якіх і я памятаю.

Кавэрскія былі бяздзетныя. Адгэтуль і з’явілася апека над роднымі, якія, на жаль, мелі той пацехі аж за лішне. Добра памятаю Яся Плевака, сына Вацлава і Седаліі (сястры Альжбеты), яго брата Эдвардка. Была там і Бажэна Збароўская (прозвішча дакладна не памятую). Кавэрскія нават мелі для Яся рэпетытара, нейкага п. Ціханава, пазнейшага белетрыста і пісьменніка, які выдаваў свае творы пад псеўданімам "Лугавы".

Таго Яся ведаю як першага любімца Кавэрскіх. Відавочна лішак апекі над ім, які самому беднаму Ясю вельмі не падыходзіў, выліўся ў цэлую "трагедыю". Найгоршая спарва была ў тым, што Ясь быў сярэдніх здольнасцей хлопец.

Дзядзька ж мераў нас сваёй звычайнай меркай. Па просту кажучы - меў нас за дурняў. Ясь быў адданы ў Другі Кадэтскі корпус – яны мелі сінія пагоны(эпалеты), у той час кадэты Першага корпусу – чырвоныя, і быў ён размешчаны на "Пецярбургскай старане", ганаровым месцы горада.

Дрэнная вучоба раздражняла дзядзьку, але што было рабіць. Яшчэ адным пунктам разладу было тое, што Ясь не цярпеў свайго ваеннага стану. Ён, мабыць, досыць мала аддаваўся "шагістыцы", аддавання гонару, салютацыі і г.д. Бачачы, што яму і далей пагражае пастка, Ясь, і адкуль ён толькі даведаўся, па заканчэнні корпуса, нічога не кажучы дзядзьку, махнуў у Пятроўскую Акадэмію, і неяк шчасліва туды паступіў…

Распачаўся тут вялікі крык і скандал на "няўдзячнага" Яся. Сямейства Кавэрскіх парвала з Ясем настолькі, што Ясю трэба было вучыцца за сродкі сваіх, вельмі небагатых, бацькоў – уладальнікаў Татаршчыны, Андрыяшак. Прайсці чатырохгадовы курс Акадэміі, каб скончыць гэту ўстанову.

Дзядзька, аднак, перажываў за тое, як цяпер разумею, што каханы пляменнік узяў ласкава мяне ў свае абароты, аказаў мне надзвычайную дапамогу, устрайваючы мяне, па майму жаданню, у 1885 годзе, у тую ж Акадэмію – маю любімую "Alma Mater". Тады дзядзечка першы раз убачыўся з былым улюбёнцам, "няўдзячнікам" Ясем, які ўжо заканчваў вучобу. І памірыўся з ім, але не дараваў да канца. Дзядзьку турбавала не тое, што добра ці недобра Ясь зрабіў для сябе, але тое, як ён асмеліўся дзядзю-дабрачынца аслухацца.

Гэты прыклад ілюструе сталы пункт нязгоды Кавэрскіх з усімі намі, амаль што абдарованымі ўлюбёнцамі.

Тое самае было і з Бажэнаю. Яна проста ўцякла ад іх. Гэдак жа сама было і з іншымі… Будучы бяздзетнай, сям’я дзядзечкі проста не разумела той няўлоўнай сувязі, якая існуе паміж бацькамі і дзецьмі. Паўтараю – гэта вялікая загана. Здзек з нас, навязваючы гвалтам сваю жыццёвую канцэпцыю, сваю арыентацыю. Гэта справа ясная, як дзень: "Не можна людзей арганізоўваць, трэба памагаць ім арганізавацца самім", так некалі гаварыў нам наш карыфей агранамічных навук, апора Акадэміі - прафессар Іван Аляксандравіч Стэбут. Гэта аксіёма ўсюды забыта і ўсюды зло ёсць у вялікай меры ад таго не толькі ў жыцці, але і ў міравой палітыцы. "Насильно мил не будешь" – пагаворваюць таксама маскалі. Захапляюся маёй дарагой жоначкай. Яна ніколі не навязвала нікому сваёй думкі, паступкаў, паводзінаў, адносінаў да людзей і ўсялякіх спраў. Але рабіла толькі сваё, не хаваючы сваіх водгукаў, думак, часам дастаткова жорсткіх, але ясна сфармуляваных "для сведения" пытаючыхся, альбо памыляючыхся. На яе думку, сям’я Кавэрскіх мела адваротную методыку дзеянняў. За вачыма нагаворвалі моц несусветным рэчам. Часам дзядзечка праз сваю надмерную экспансію, прадузятасць, пэўную падазронасць, мала чым матываваную, забываючы пра наступствы (пагаворваў часта: "Язык мой, вораг мой", падстаўляў сябе і цёцю.

Памятую такія факты: Сям’я Кавэрскіх сябравала з панамі Сямашкамі (яна наша цётка Тарэса, з дому Немаршанская). Аднойчы гуляў з дзядзькам у карты, недзе ў агульных знаёмых, сам пан Зянон Сямашка. Раптам ён займеў ад дзядзькі жартам тытул "шулера". Ад той пары і на ўсё жыццё тое блізкае знаёмства было перарванае па жаданню цёткі Тэрэскі.

Пасля смерці брата Пеці, помню, пастаянна бунтаваў супраць бацькі праз дзядзькаву сям’ю, з-за чаго з’явіліся цэлыя праблемы, паволі вырашаныя.

Прыпамінаю і іншы прыкры факт. Бываў у нас надзвычай годны, з усіх бакоў станоўчы, але вялікі арыгінал – Стась Бачыжмальскі, здольны інжынер дарог і камунікацый. Дзякуючы яго вялікім знаёмствам і сувязям, досыць стары кавалер Стась быў у дасканальных адносінах з Кавэрскімі.

Жанаты быў Стась нешчасліва, адсюль быў вынік – развод, які цягнуўся вельмі доўга, што ўсё болей яго нэрвавала. Дык вось жартачкі дзядзькі, цяпер не памятую якія, справакавалі ў Стася востры нэрвовы зрыў. Цёцю Лізу ён і потым заўсёды ўспамінаў з удзячнасцю. Затое пра яе мужа і чуць нічога не хацеў болей…

Прыпамінаю дзядзечку ў ролі надзвычай вясёлага, поўнага гумару і жартаў, гаспадара на балях у сябе, якія наладжваліся восенню ў лістападзе, здаецца 19-га. Запрошаных асоб там бывала да сотні чалавек. Танцамі кіраваў сам дзядзечка, а таксама вячэрай, прыняццём і знаёмствам гасцей. Як яму на ўсё хапала часу? Цяжка патлумачыць. Але яшче меў час пажартаваць і то "фартысіма" – з мужчын і жанчын, яго ж гасцей, мала звяртаючы ўвагу на тое, што асоба, якая стаіць побач, можа ўсё пачуць і прерадаць гэтыя зласлівыя пагалоскі. І каго. Самога гаспадара. Сапраўды: - "Язык мой – вораг мой"! Сам тое гаварыў і сам не мог устрымацца ад гэтага звычаю.

Маючы такую буйную натуру, дзядзька меў безліч знаёмых, таму што, акрамя выдатнага вайсковага палажэння, быў у Горным і Тэхналагічным Інстытутах (у абодвых) прафесарам геадэзіі, у якіх выкладаў 40 і 28 гадоў адпаведна.

Бываў і сярод купцоў, якія відавочна вельмі любілі "вясёлага" генерала і запрашалі яго на ўсялякія забавы і банкеты.

Яшчэ адной асаблівасцю і любімай, але не шанцоўнай, справай яго былі - карты, асабліва азартныя гульні. Аднак за 20 год да смерці дзядзечка пазбавіўся ад яе на зусім. Колькі дзядзька выйграў? А колькі прайграў? Хто ж яго ведае. Не ведаў і ён сам. Ведаю, што былі буйныя, многатысячныя проігрышы. Потым дзядзечка гуляў на біржы, адкуль яго сувязь са Стасем Бачыжмальскім, які таксама меў аўтарытэт гульца. І ці не на той жа падставе з’явіўся іх розлад. Услужлівасць дзядзечкі была вельмі вялікай і лёгкай, асабліва калі патрапіш на добры настрой.

Адзяваў на сябе парадны генеральскі мундзір, з усялякімі ардэнамі, зоркамі "з брыльянтамі", садзіўся ў карэту і ехаў да "сильных мира сего". А паколькі язык у дзядзькі быў лёгкі і востры і ў цякучай размове яскравы і мілы, то і жаданы інтарэс задавальняўся тым, скарэй, што і дзядзечка мог аддзячыць тым жа ў выпадку неабходнасці, у якой небудзь патрэбе таварыскай. Адсюль і папулярнасць прафесара сярод моладзі ва ўсіх установах, якую ён вельмі любіў і не забываў, наведваючы нас нават на сёмым паверсе вядомых меблірованых пакояў у "Сіўках", вялікім доме на Забалканскім праспекце. Дзякуючы дзядзечку процьма палякаў адтрымала перавод і ўступіла ў тыя вучэльні, дзе дзядзечка выкладаў. Яго слова ў калегі прафесара заўседы задавальняла такія паступленні, часам нават па-за конкурсам, ва ўстанову. Тым больш, што пяць уступных экзаменаў належала здаць у вельмі вялікім конкурсе і канкурэнцыі ў гэтых установах. Да станоўчых рыс – але гэта дзякуючы пераважна дарагой і любімай цётачцы Лізе, было вельмі мілае, чулае і ўражлівае стаўленне да чужой ўсялякай нядолі і сапраўднай бяды. Зноў жа дзядзечка не мог ёй ніколі адмовіць ні ў чым. Найпершай іх абоіх цнотай была найвялікшая ашчаднасць у найдрабнейшых штодзённых справах. Цёця запісвала і скурпулёзна правярала запісы дамашніх выдаткаў. Тут ашчаджаўся кожны грош, пастаянна і ўсюды. Дапамагала цётачка сама і праз Таварыства Дабрачыннасці. Збірала для іх ўсё, нават агаркі, абрэзкі, анучкі, бляшанкі і далучала да іх свае большыя ўзносы.

Дзіцячым прытулкам дзядзечка змог зрабіць вельмі многа, дзякуючы сваім вялікім знаёмствам у сферах прамысловасці і купецтва. Помню, паны Максімовічы, "primo voto" пані "Ландрын", паабяцаўшы дзядзечку ўзнос цукеркамі, пастаянна пасылалі ў прыют св. Кацярыны пару пудоў смакаты штогод.

Самі Кавэрскія мелі многа хроснікаў, хрысцячы іх серыямі. Так, напрыклад, у паноў Сегеняў усе дзеці былі хроснікамі Кавэрскіх. Пастаянна рабілі ім падарункі пад ёлку на Каляды.

Летам Кавэрскія жылі на дачы, найчасцей у ваколіцах Пецярбурга. Энэргія дзядзечкі не выносіла доўгіх пауз, пастаянна павінен быў працаваць і жыць блізка ад Генеральнага штабу і "vis a vis" Зімовага палацу. За мяжой Кавэрскія бывалі рэдка, але заўсёды разам.

Каментары: *па іншых звестках скончыў Міхайлаўскую артыллерыйскую акадэмію.

Пераклад на беларускую мову: Ігар Солтан, бібліятэкар Івянецкай гарпасялковай бібліятэкі.
Категория: Гісторыя | Просмотров: 285 | Добавил: ivenec_eu | Рейтинг: 5.0/2
Всего комментариев: 0
Добавлять комментарии могут только зарегистрированные пользователи.
[ Регистрация | Вход ]

Падзяліцца

Спадабаўся сайт? Распавядзіце сябрам!

Спампаваць

Часопіс "Dziedzictwo Kresowe" № 10 (VI.2017)

Спампаваць бясплатна часопіс Dziedzictwo Kresowe
Спампаваць у PDF фармаце


Часопіс “Спадчына Крэсаў” № 6 (VI.2015, рэд. VII.2017)

Спампаваць бясплатна часопіс Спадчына Крэсаў
Спампаваць у PDF фармаце

Падтрымка

Сайт ivenec.eu працуе пры падтрымцы

Герб Роду Плевакаў
Таварыства Роду Плевакаў

Пошук

Статыстыка

Статыстыка сайта ivenec.eu

Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстачоў: 0


Рейтинг сайтов