Главная » 2019 » Студзень » 16 » Прадстаўнік роду Плявакаў падараваў Івянецкаму музею копію важнай карты генерала Каверскага
14:02
Прадстаўнік роду Плявакаў падараваў Івянецкаму музею копію важнай карты генерала Каверскага
Сябра Таварыства роду Плявакаў інжынер Аляксандр Плявака з Яраслаўля на пачатку студзеня 2019 г. наведаў Івянец і падараваў Івянецкаму музею традыцыйнай культуры копію "Карты Российской Империи и сопредельных с нею государств", складзенай у 1902 г. генералам Эдвардам Каверскім (Edward Kowerski, 1837-1916), кіраўніком імператарскай ваенна-геадэзічнай службы. Аляксандр Плявака адмыслова замовіў яе ў Маскве.
Генерал Каверскі быў з 1865 г. жанаты з Эльжбетай Плявака (яна нарадзілася ў маёнтку Маскалеўшчына каля Івянца) і вельмі клапаціўся пра развіццё Івянца. У 1904-1907 г. ён пераважна з уласных сродкаў пабудаваў касцёл Св. Аляксея ў мястэчку, якое 40 гадоў да гэтага было пазбаўленае каталіцкага храму, дамогшыся гэтага права асабіста ў імператара Мікалая ІІ і назваўшы касцёл у гонар святога – нябеснага патрона царэвіча Аляксея.
Род Плявакаў, які даў таксама славутага расійскага адваката Фёдара Пляваку, валодаў Івянецкім графствам на працягу ХІХ ст. (з улікам шлюбу Эдварда Каверскага і Эльжбетай Плявака – да І сусветнай вайны). Сёння існуе Таварыства роду Плявакаў, якое аб’ядноўвае спадкаемцаў роду ў Польшчы, Расіі і іншых краінах свету, і якое апякуецца краязнаўчай дзейнасцю, папулярызацыяй гісторыі і сучаснасці Івянца і былога Івянецкага графства ў свеце.
На здымку: карта Э.Каверскага 1902 г. і момант урачыстай яе перадачы Аляксандрам Плявакам дырэктарцы Івенецкага музея традыцыйнай культуры Валянціне Адамовіч.