Івянец і Івянецкае графства

Субота, 24.06.2017, 01:21

Вітаю Вас Гость | RSS | Галоўная | Рэгістрацыя | Уваход

Главная » 2014 » Чэрвень » 24 » Сiбернае лета дзяцiнства. Другая частка
14:13
Сiбернае лета дзяцiнства. Другая частка
Невядовы салдат. Малюнак з сайта psl.by З кнігі “Млын жыцця”, краязнаўца Генадзя РАВІНСКАГА (1933-1999)

…Бяда не прымусіла сябе доўга чакаць. Прайшло мо з пару тыдняў трывожнага жыцця, як папаўзлі страшныя чуткі – немцы пачалі паліць вёскі разам з людзьмі. Неба з поўначы ружовілася водбліскамі начных пажараў, а днём засцілалася хмарамі дыму. Жыхары ў роспачы разважалі, што рабіць: ці заставацца дома, ці ўцякаць у пушчу. І ніхто ім не гаварыў, што рабіць. Партызаны паказваліся ў вёсцы ўсё радзей і радзей. Вяскоўцы не спалі начамі, усялякая работа валілася з рук. І пажары ўсё бліжэй і бліжэй. Над вёсачкай павісла гнятучая трывога. Людзі не знаходзілі сабе месца ні днём ні ноччу. Аднойчы вечарам мы не вытрымалі невыноснага чакання бяды і схаваліся ў хвойніку каля вёсачкі Петрусоўшчына, што бліжэй за два кіламетры ад нашай. Маўчалі, думалі, трывожыліся. І раптам вячэрнюю цішыню ліпеньскага вечара разарвалі пяць гарматных стрэлаў. Зусім блізка.

Раніцай мы вярнуліся дамоў. Паснедалі на хаду (бабуня была дома). Я выйшаў на двор і ўбачыў клубы сіняга дыму над Петрусоўшчынай. Узнеслася ў неба полымя. Бацькі знямелі ад страху, але апомніліся і рашылі ўцякаць у лес. Збірацца не было калі, адабралі і пакінулі дома чамусьці бохан хлеба, што я прыхапіў з сабой. Мы прыкленчылі перад абразамі, коратка памаліліся і сталі развітвацца з бабуняй Вікторыяй, якая рашыла нікуды не ўцякаць (пражыла на свеце 71 год) і памерці ў сваёй хаце. Усе плакалі. Выбеглі з хаты з пустымі рукамі, спешна прайшлі праз усю вёску, не сустрэўшы амаль нікога, перабраліся паміж Рудняй і Іслачоўкай праз запруджаную сплаўнымі бярвеннямі Іслач і падаліся ў лес. Усё часцей і часцей пачалі там сустракаць людзей, а калі ўглыбіліся на кіламетраў пяць у лясны масіў, то натрапілі на вялікае скопішча людзей.

Многія былі на падворках, прыхапілі той-сёй дамашні скарб, жывёлу. Мы ж карову пакінулі пад нагляд бабуні, а каня ў нас не было, забралі немцы. Тут мы сустрэлі некаторых аднавяскоўцаў на подводах. Вакол было вельмі жутка. Трывожна рыкалі каровы, пранізліва ржалі коні, жалобна бляялі авечкі. Надрыўна плакалі дзеці. І над усім гэтым жывым туманам вітала смерць. Усіх апанаваў страх, калі недзе блізка пачалася страляніна. Няцяжка было здагацца, што ўспыхнула схватка паміж партызанамі і карнікамі. Доўгімі чэргамі білі кулямёты, заліваліся сухім трэскам аўтаматы, зрэдку бухалі вінтоўкі. Напалоханыя людзі рынуліся ў глыб пушчы, гуртуючыся па вёсках. Праз якіх дваццаць хвілін лясная палянка апусцела.

Так пачаўся для нас першы дзень блакады Налібоцкай пушчы. Мы не зналі тады, у сярэдзіне ліпеня 1943 года, што нямецкае камандаванне кінула супраць партызан, якіх налічвалася ў пушчы каля 20 тысяч, чатыры групоўкі войск агульнай колькасцю звыш 50 тысяч чалавек, з авіяцыяй, артылерыяй і танкамі. Карная экспедыцыя насіла зашыфраваную назву “Герман”. Камандаваць ёю даручана генералу фон Готбергу, пры якім знаходзіўся асоба ўпаўнаважаны па барацьбе з партызанамі генерал фон Бах-Залеўскі.

З успамінаў камандзіра Баранавіцкага злучэння Васіля Яўхімавіча Чарнышова: “13 ліпеня 1943 года гітлераўцы ўсімі сіламі пры падтрымцы танкаў і авіяцыі з чатырох напрамкаў павялі наступ на партызанскі край. Першая нямецкая група войск наступала ў напрамку Навагрудак-Ліда, другая – Навагрудак-Баранавічы. Яны рухаліся з захаду на ўсход. Трэцяя група – у паўднёва-заходнім напрамку па лініі Заслаўе-Валожын-Багданава, а чацвёртая – з раёнаў Мінск-Дзяржынск-Стоўбцы на паўночны захад.

…На 25-ы дзень баёў атрады і брыгады злучэння, фарсіруючы непраходныя балоты, выйшлі з “пятага катла”, куды фашысты імкнуліся сагнаць іх і знішчыць”. “Пяты кацёл” знаходзіўся ў паўночна-заходняй частцы пушчы, меў плошчу 9 кіламетраў у даўжыню і 5 кіламетраў у шырыню. Тут знаходзілася больш за 12 тысяч партызан. (“За родны край”, Мінск, “Беларусь”, 1978, стар. 31-32).

…Людзі з Баравікоўшчыны і некалькі чалавек з суседніх вёсак адлучыліся асобна і сталі ўглыбляцца ў пушчу. Аднак нярэдка натыкаліся на групы ўцекачоў з навакольных вёсак, то рухаліся разам, то зноў адасабляліся. Калі прабіраліся па лясной дарозе, было лягчэй, хоць нярэдка гразлі коні, павозкі. Калі ж прыходзілася рухацца па адкрытай мясцовасці, дзе не было дрэў, праз палянкі, пясчаныя пагоркі, то небяспека павялічвалася. Аднекуль з’яўляўся самалёт-разведчык, паволі праплываў над абозам, знікаў. Людзі зналі, што будзе далей, і з усіх сіл стараліся хутчэй схавацца пад покрывам лесу. Ледзь паспявалі гэта зрабіць, як над тым месцам, дзе яны толькі што былі, чорнымі слупамі ўздымалася ўверх зямля ад разрываў снарадаў і мін. І так паўтаралася некалькі разоў.

Помню дажджлівую ноч у лясным урочышчы “Цыганы”. Церушыў дробны дождж. Людзі парабілі шалашы з галля, схаваліся. Пад раніцу дождж перастаў. І недзе блізка зароў самалёт, пралятаў зусім нізка над лесам. Пабыло з гадзіну ціха. Зноў моцнае гудзенне самалёта. Дарослыя здагадаліся: самалёт прылятаў да партызан.

Запомнілася раніца. Ноччу зноў ішоў дождж. Мы схаваліся ў шалашы. Пачало світаць. Над лесам слаўся туман. Ранішнюю цішыню раптам разарвалі моцныя выбухі. І зусім блізка. Ледзь даносіліся слабыя гукі выстралаў, затое разрывы былі такімі страшнымі. Ці не з шасціствольных мінамётаў абстрэльвалі нас карнікі. Мы кінуліся ў балота, затаіліся. Уцякалі хто куды. Недзе тады здарылася адна гісторыя. Бацькі з суседняй вёскі пакінулі на купіне гадавалага хлопчыка, які часта плакаў і мог наклікаць бяду. Калі ж карнікі прачасалі балота, бацькі вылезлі са сховішча і пайшлі па дзіця. Хлопчык ляжаў на купіне, прыкрыты чужой адзежынай, і еў мармелад. Карнікі пакінулі дзіця жывым. І сярод іх былі розныя людзі…

Запомнілася пушчанская рачулка Лубянка. Насціл маста быў сарваны. Мы пераходзілі па бэльках. Аслабелы ад недаядання, змучаны, я ледзь не зваліўся ў глыбокую ваду. Мы спыніліся ў лесе каля рэчкі. Кружыў самалёт, раскідваў лістоўкі, у якіх прапаноўвалася выйсці людзям з лесу, вярнуцца дамоў, маўляў, ніхто іх чапаць не будзе. Карнікі загадвалі некаторым злоўленым людзям ісці ў лес і прывесці дамоў сваіх аднавяскоўцаў. Бачыў я, як аднойчы знаёмы партызан канваіраваў рудніцкага чалавека, які прыйшоў па загадзе карнікаў угаварыць сваіх аднавяскоўцаў вярнуцца дамоў.

Успамінаю лясную дарогу праз балота. Нейкім чынам мы натрапілі на адступаючых партызан. Коні-цяжкавозы цягнуць лёгкую гармату (калібр 40мм). Перамяшчаюцца коннікі і пехацінцы. Тут савецкія партызаны і польскія. Цікава было пабачыць сярод польскіх партызанаў Арміі Краёвай людзей у паліцэйскіх шынялях. Гэта былі былыя ахоўнікі з Івянецкага гарнізона. Мая маці звяртаецца да вершніка ў польскай форме, маладога, прыгожага мужчыны з Івянца. І гаворыць яму па-польску, што бачыла яго жонку і цешчу. Улан усміхаецца, дзякуе і едзе далей (пасля загінуў).

Мы ў лесе больш тыдня. Есці няма чаго. Маці цяжарная, на апошнім месяцы. Вельмі цяжка ісці. Ледзь перастаўляю ногі ў канцы дня. Начуем у буданах на яловых лапках. У халодныя ночы раскладаем агонь. Маленькая дзяўчынка, дачка бацькавага сябра, нядаўна яшчэ толькі пачала хадзіць. Так аслабела, што ўпала ягадзіцамі на вуголлі кастра. Цельца абгарэла, пачало гнаіцца. Малая надрыўна плакала. Балюча было ўсё гэта бачыць. А дачушка другога бацькавага сябра яшчэ толькі пачынала гаварыць. Прастудзіўшыся, кашляла, усё прасіла есці. Добрая пажылая жанчына з Сівіцы дала нам торбачку сухароў, скарынак, што засталіся пасля яды. Я нічога смачнейшага ў жыцці не еў за тыя сухары. Бацька недзе дастаў дзве невялікія бульбіны і даў мне. Я іх спёк у попеле вогнішча і па маленькім кавалачку падзяліўся з дзецьмі. На ўсё жыццё я захаваў у памяці гэтыя дзве бульбіны. І балюча ўспрымаю неахайнасць людзей, якія пакідаюць па няўважлівасці і абыякавасці за сабой бульбу, выбіраючы яе з градак, асабліва тады, калі капаюць калгасную.

З вялікімі цяжкасцямі, галодныя, прастуджаныя, але нязломленыя, дабраліся мы да лясной рэчкі Волкі. Пераначавалі. А раніцай узнялася зусім блізка страляніна. Група польскіх партызан на чале з Войнам, былым дробным памешчыкам з Пятрова, што каля Івянца, уступіла ў схватку з нямецкімі разведчыкамі. Война быў забіты, і ў рукі карнікаў трапіла яго планшэтка з сакрэтнымі дакументамі.

Партызанаў мы сустракалі вельмі рэдка, а ў апошнія тыдні не бачылі зусім.

Кальцо блакады ўсё больш сціскалася. Даносіліся стрэлы з усіх чатырох бакоў. Трэба было ратавацца. Сабраліся разам некалькі мужчын. Параіліся і рашылі падацца назад, у бок Сівіцы, выслізнуць з аблогі. І вось чалавек каля дзесяці, у тым ліку бацька, маці і я, перайшлі па паваленай старой елцы бурлівую Волку, якая выйшла з берагоў ад частых дажджоў, і вельмі асцярожна сталі прабірацца на ўскраіну пушчы. Малады хлопец з Сівіцы, які вельмі добра знаў гэтую лясную мясцовасць, ішоў першым, разведваў, ці ёсць немцы, падаваў нам знак, і мы па адным, гуськом, азіраючыся па баках, прасоўваліся за ім. Ішлі вельмі павольна, густым лесам, балотам, амаль увесь дзень. Калі пачало заходзіць сонца, мы дабраліся да так званага 11-га квартала, вялікага балота ў кіламетрах пяці ад Сівіцы. Трэба было пераступаць з купіны на купіну, а то і па калена ў ружовай балотнай вадзе, траціць шмат часу, каб пераадолець пару дзясяткаў метраў. Дзіўна, але там раслі даволі вялікія бярозы, на маленькіх выспах – хвойнікі і елкі, а ў большасці – вольха, крушына, лаза і каліна.

Крыніца - http://psl.by/?p=14816
Категория: Гісторыя | Просмотров: 500 | Добавил: ivenec_eu | Рейтинг: 5.0/2
Всего комментариев: 0
Добавлять комментарии могут только зарегистрированные пользователи.
[ Регистрация | Вход ]

Падзяліцца

Спадабаўся сайт? Распавядзіце сябрам!

Спампаваць

Часопіс "Dziedzictwo Kresowe" № 9 (XII.2016)

Спампаваць бясплатна часопіс Dziedzictwo Kresowe
Спампаваць у PDF фармаце


Часопіс “Спадчына Крэсаў” № 5 (XII.2014)

Спампаваць бясплатна часопіс Спадчына Крэсаў
Спампаваць у PDF фармаце

Падтрымка

Сайт ivenec.eu працуе пры падтрымцы

Герб Роду Плевакаў
Таварыства Роду Плевакаў

Пошук

Статыстыка

Статыстыка сайта ivenec.eu

Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстачоў: 0


Рейтинг сайтов