Івянец і Івянецкае графства

Нядзеля, 23.07.2017, 23:47

Вітаю Вас Гость | RSS | Галоўная | Рэгістрацыя | Уваход

Главная » 2014 » Ліпень » 5 » Сiбернае лета дзяцiнства. Трэцяя частка
14:20
Сiбернае лета дзяцiнства. Трэцяя частка
Выява выкарыстана ў якасці ілюстрацыі. Фота з сайта fresher.ru

З кнігі “Млын жыцця”, краязнаўца Генадзя РАВІНСКАГА (1933-1999)

Як пачало цямнець, на нас натрапілі малады польскі партызан з вёскі Замасцяны Пятруцкі і дзяўчына гадоў пятнаццаці – Геня Плявака з Мішан. Яна цудам вырвалася з лап карнікаў і была вельмі змучаная. Пераначаваўшы, Пятруцкі выйшаў далей, а дзяўчына засталася з намі. У гэтым балоце хаваліся сівічане і некалькі чалавек з іншых блізкіх вёсак. Нас было чалавек пад дваццаць, у тым ліку і ляснічы з Сівіцы Мірон з жонкай, а ў іх маленькі хлопчык да года. Каля балота цягнулася града, і мы ўглыбіліся ў гэтую балоцістую мясцовасць на якога паўкіламетра ад упамянутай грады.

На ўсё жыццё ўрэзаўся мне ў памяць адзін ліпеньскі сонечны ранак у гэтым гіблым балоце. Маці так аслабела, што не магла хадзіць. Пройдзе крыху, сядзе, адпачне, устане і ледзьве перастаўляе ногі. Цяжарнасць, стомленасць, недаяданне, моцнае напружанне нерваў надламала яе сілы. Калі паднялося сонца, пацяплела пасля халаднаватай ночы, я, хістаючыся, пайшоў шукаць маліны. Прайшоў некалікі метраў па купінах, знясілеў, прысеў на адной з купін каля высачэзнай бярозы. Дрэва нахілілася, задраўшы крыху ўверх разам з каранямі частку купіны. Я абняў ствол бярозы, прытуліўся да яе. Пры павевах ветру дрэва злёгку пагойдвалася, частка купіны разам з каранямі то паднімалася, то апускалася. Мяне злёгку калыхала, і я задрамаў. Прачнуўся ад нейкага трывожнага плёскату. Глянуў на балотную жыжу пад купінамі… і анямеў. Каля самых маіх босых ног па балотнай вадзе плыла гадзюка. Уздоўж яе спіны пралягалі чорныя палосы. Праплыла, схавалася ў траве. Я паволі адыходзіў ад здранцвення, павольней стала біцца сэрца, зноў пачаў думаць пра маліны.

Ды пачуў у небе глухі гул, які ўсё больш і больш нарастаў. Адчуў нешта нядобрае, мацней прыціснуўся да няшчаснай бярозы, якой заставалася нядоўга жыць… Глянуў у неба, і сэрца забілася ў трывозе. Над лесам плылі самалёты. Адзін за адным. Першы, другі, трэці… дзясяты. Над балотам крыху знізіліся, раздзяліліся, закружылі… Раздаўся надрыўны свіст, недалёка грымнуў выбух. Глухі, зацяглы. Страсянулася балота. Моцна ўздрыгнула мая бяроза. Высокі рыжы слуп балота непадалёку ўзняўся ў неба і з моцным шумам апаў. Другі выбух, трэці, чацвёрты… Вырваныя з карэннямі дрэвы неяк дзіўна падскоквалі ўгору і з трэскам падалі. Узрывы бліжэй і бліжэй. Справа, злева… Я з усяе сілы прыціснуўся тварам да дрэва, бліжэй да купіны, зажмурыў вочы, здранцвеў. Балота стагнала, пучылася, уздымалася ўгору, падала, дрэвы трашчэлі, ламаліся, гінулі пад напорам нячыстай сілы. Кулямётныя чэргі былі такімі доўгімі, моцнымі, раскацістымі і частымі, што зліваліся ў адзін суцэльны гул. Кулі пачварным градам секлі драўніну, ссякалі кару. Крыху ачуняўшы, я на імгненне адкрываў вочы, бачыў падаючыя ссечаныя галіны, кару, і мяне пачынала адольваць жаданне хутчэй дачакацца канца гэтага кашмару. А ён працягваўся доўга-доўга. Нарэшце ўсё скончылася. Запанавала цішыня. Я з цяжкасцю падняўся з купіны і, хістаючыся, пайшоў шукаць маці. Убачыў яе каля высокай бярозы. Яна стаяла, абхапіўшы дрэва, і твар яе быў падобны на шэрую бярозавую кару. Глуха выдыхнула: “Сынок! Жывы!..”

У пушчы стала цішэй. Радзей чуліся стрэлы. Мы падаліся бліжэй да грады, на больш сухое месца. Нас сабралася чалавек дваццаць. На сухім месцы было лепш, можна было і прылегчы на галлё. Пару разоў разводзілі маленькі касцёр. Але трывога нас не пакідала. У любы момант маглі з’явіцца карнікі. Так яно і выйшла. Зайшло сонца. На зямлю лягла вячэрняя цішыня. Над балотам паплыў туман. І вось з гэтага туману пачуліся невыразныя гукі. Усё бліжэй і бліжэй, вось ужо на градзе, якая была за паўсотні метраў ад нас. Мы засталіся пад вялізнымі елкамі. Хлопчыку сівіцкага ляснічага маці злёгку заткнула рот анучкай, каб не плакаў. Малы ціха хроп, тузаўся, але моцна плакаць не мог. Па градзе выходзілі з пушчы карнікі. Іх было, відаць, многа. Адны размаўлялі на незразумелай нам мове, другія – па-руску.

— Человек, выходи, сдавайся! – крыкнуў нехта з грады.

Мы збіліся ў кучу, прытуліліся адны да другіх, затаілі дыханне. На нас ішла смерць. Раздаліся выстралы, а пасля зноў запанавала цішыня. Ноччу мы не спалі. Смерць падпільноўвала нас на кожным кроку. А раніцай некалькі мужчын з нашага скопішча хадзілі глядзець на забітых на градзе сівічан. Іх было больш за дзесяць чалавек, у тым ліку і родная сястра вядомага нам усім збіральніка і апрацоўшчыка беларускіх народных песень Канстанціна Іосіфавіча Паплаўскага.

Прайшло яшчэ пару дзён. Ужо зусім не было чутна выстралаў. Перасталі лятаць над намі самалёты. Страшна змучаныя людзі ледзьве трымаліся на нагах. Прабылі ў лесе два тыдні. Прамучыліся. Сумесна рашылі, што трэба вяртацца дамоў. А там – што Бог дасць…

Я з маці, мішанскай дзяўчынай Геняй Плявака і пажылым мужчынам з Сівіцы Калачыкам выйшлі з лесу. Сын гэтага Калачыка выводзіў нас з-пад Волкі, а сам бацька цяпер вывеў нас на ўскраіну Сівіцы, матчынай роднай вёскі. Старасвецкай Сівіцы не стала. Бялелі толькі печы і тырчэлі коміны. Не стала і Калачыкавай сядзібы, што размяшчалася воддаль ад Сівіцы ў напрамку Рудні. Гаспадар абвёў вачыма пажарышча, схапіўся рукой за сэрца і рухнуў на зямлю як падкошаны, тварам уніз. Як цяпер бачу гэта жахлівае відовішча. Распластаўся на зямлі чалавек, выцягнутыя рукі сударгава ўпіваюцца пальцамі ў зямлю, плечы ўздрыгваюць у роспачным, маўклівым мужчынскім плачы…

Прайшлі каля Рудні, дакладней, былой Рудні, ператворанай у попел. Выйшлі з лесу і ўбачылі родную Баравікоўшчыну. Побач з уцалелымі хатамі тырчэлі коміны згарэўшых сяліб. Аказваецца, карнікі спалілі толькі 15 хат, чые гаспадары ўцяклі ў лес.

Нарэшце мы на парозе роднай хаткі. Плача ад радасці змарнелая, змучаная бабуня Віктося. Маці цалуе распяцце. Я тулюся да любімай, дарагой майму сэрцу старой жанчыны, якая так моцна, самаахвярна ўплывае сваёй дабрынёй, ласкай, міласэрнасцю на маё ўражлівае і ранімае дзіцячае сэрца. У час бамбардзіроўкі балота адзінаццатага квартала мы разлучыліся з бацькам, які вярнуўся дамоў праз дзень пасля нас. А праз тыдзень маці нарадзіла хлопчыка. Назвалі яго Стась.

Бабуня расказвала нам, што рабілася за час нашай адсутнасці ў вёсцы. Карнікі прыгналі з Пяршай сотні маладых людзей. Жанчын трымалі ў гумне Бразоўскага Ігнаця. Бабуня насіла ім сёе-тое паесці: гароху, хлеба, старога сала, малака. Карнікі прапускалі. Немцы забілі і спалілі ў гумне Франка Рудовіча, двух пяршайскіх ксяндзоў, расстралялі сям’ю Адамовічаў: бацьку, маці і сына, а дачка цудам выратавалася. Каля дзесяці чалавек забілі і спалілі ў суседняй Рудні, знішчылі разам з людзьмі вёску Янушкавічы.

Ні немцаў, ні партызан некалькі сутак мы ў вёсцы не бачылі. А пасля пачалі ісці, і ішлі доўга, некалькі дзён, праз Баравікоўшчыну недзе на ўсход нямецкія войскі. Паўзлі па левым беразе Іслачы ў бок Мешкуцёў вялізныя машыны з салдатамі, цягнулі гарматы розных калібраў, зрэдку ішла пяхота. І якраз тады, у адну з цёмных начэй, вёску страсянулі глухія выбухі. Гэта партызаны ўзарвалі мост каля млына, і немцам прыйшлося рабіць часовую пераправу праз Іслач.

Да нас пачалі даходзіць трагічныя весткі. Матчынага брата Зыдора Ждановіча з Сівіцы немцы злавілі ў пушчы і разам з сям’ёй некуды павезлі. Другога матчынага брата Вінцю Ждановіча з Пілюжыны карнікі расстралялі, а разам з ім і траіх яго дзяцей. Цётка Гэлена з маленькім Янкам схавалася асобна ад астатніх, каб малы плачам не выдаў іх сховішча. Карнікі прайшлі за пару метраў ад густой елкі, пад якой ляжала жанчына з грудным дзіцем, і не заўважылі іх. Бабуня вельмі балюча перажывала смерць траіх унукаў і зяця, плакала начамі, каб мы не чулі. Матчына маці, бабуня Катажына Ждановіч з Сівіцы, страціўшы па сутнасці двух сыноў (аднаго забілі, другога вывезлі і прапаў без вестак), прыгнечаная страшным горам, страціла радасць жыцця на зямлі. Гора прыйшло пад многія стрэхі сяліб, калі яны не пайшлі з дымам. Навакольныя вёскі, што прылягалі да лесу, былі спалены. Не стала Явідаўшчыны, Скрундзеўшчыны, успомненых ужо Рудні, Сівіцы і многіх іншых. Многія сотні людзей палі ад рук карнікаў.

Страты партызан былі параўнаўча невялікія: 19 чалавек забітымі, 52 раненымі і 24 прапаўшымі без вестак. Страты ж мірнага насельніцтва былі жахлівымі. Колькасць загінуўшых у блакаду мірных грамадзян не паддаецца ўліку. Відаць, яна не ўстаноўлена.

Я не ставіў перад сабой задачу напісаць гісторыю блакады пушчы. Гэта справа гісторыкаў. Мне ж хацелася коратка апісаць тыя выпрабаванні, якія выпалі на долю дзесяцігадовага дзіцяці за паўтара месяца жахлівага лета крывавай вайны. Страшны 1943 год рыхтаваў мне яшчэ больш суровыя ўдары лёсу. Я ж толькі напісаў пра крывавую блакаду пушчы з нагоды таго, што прайшло з той жахлівай пары 50 гадоў. Можа, хто прачытае і падумае, як бязлітасна калечыць вайна кволыя дзіцячыя сэрцы.

Крыніца - http://psl.by/?p=14913

Категория: Гісторыя | Просмотров: 557 | Добавил: ivenec_eu | Теги: Генадзь Равінскі, Сiбернае лета дзяцiнства, кніга “Млын жыцця” | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Добавлять комментарии могут только зарегистрированные пользователи.
[ Регистрация | Вход ]

Падзяліцца

Спадабаўся сайт? Распавядзіце сябрам!

Спампаваць

Часопіс "Dziedzictwo Kresowe" № 10 (VI.2017)

Спампаваць бясплатна часопіс Dziedzictwo Kresowe
Спампаваць у PDF фармаце


Часопіс “Спадчына Крэсаў” № 6 (VI.2015, рэд. VII.2017)

Спампаваць бясплатна часопіс Спадчына Крэсаў
Спампаваць у PDF фармаце

Падтрымка

Сайт ivenec.eu працуе пры падтрымцы

Герб Роду Плевакаў
Таварыства Роду Плевакаў

Пошук

Статыстыка

Статыстыка сайта ivenec.eu

Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстачоў: 0


Рейтинг сайтов