Івянец і Івянецкае графства

Субота, 18.11.2017, 13:00

Вітаю Вас Гость | RSS | Галоўная | Рэгістрацыя | Уваход

Главная » 2014 » Чэрвень » 19 » СІБЕРНАЯ ЛЕТА ДЗЯЦІНСТВА
14:55
СІБЕРНАЯ ЛЕТА ДЗЯЦІНСТВА
Баравікоўшчына З кнігі “Млын жыцця”, краязнаўца Генадзя РАВІНСКАГА (1933-1999)

А сонца ў прамым сэнсе сапраўды заходзіць за лясную сіняву Налібоцкай пушчы. І я, напружваючы сілу волі, нарэшце пачынаю пісаць свае горкія ўспаміны пра апаленае вайной дзяцінства майго пакалення, пра тое сібернае лета, якое наступіла ў 1943, якраз пасля нараджэння Хрыстова, і прынесла людзям майго краю пакуты, у нечым напамінаючыя мукі Збаўцы на Галгофе.

Падыходзіў да канца дзясяты год майго існавання на роднай шматпакутнай зямлі. Мы жылі тады воддаль вёсачкі з мілагучнай назвай Баравікоўшчына, што ўтульна месцілася на правым беразе хуткаплыннай крынічнай Іслачы. Нас было чацвёра ў сям'і: бацька, маці, бабуля, бацькава маці і я. Ішоў чацвёрты год, як выбраліся з вёскі на хутар, зрабілі да часу маленькую хатку, а старую хату яшчэ не перавезлі. Менавіта тут, на хутары, застала нас Другая сусветная вайна. Падзеі разгортваліся так імкліва, што было не да будаўніцтва свайго маленькага кутка на новым месцы. Памятаю: быў майскі дзень 1942 года, ярка свяціла сонейка. І раптам я ўбачыў, што з-пад вёсачкі Петрусоўшчына рухаецца ў наш бок некалькі дзясяткаў людзей у зялёнай вайсковай форме. Прайшлі каля нашай хаткі, гаворачы па-руску, былі ўзброены. Каля млына пасеклі сякерай бляшаную абшыўку сапсаванага і пакінутага немцамі аўтобуса, пайшлі далей, у бок пушчы. Гэта былі партызаны. Пасля таго дня яны часта бывалі ў Баравікоўшчына. А летам таго ж 1942 немцы арганізавалі супраць партызан блакаду, ахапіўшы частку Налібоцкай пушчы. Тады ж спалілі Паўдарожжа, загубіўшы шмат людзей, Козлікі і шмат іншых пушчанскіх вёсак. Загінула многа пушчанцаў, якія дзякуючы свайму вясковаму кансерватызму, жывучы ў аддаленні ад старасвецкіх мястэчак, сярод лесу, як сапраўдныя дзеці прыроды захоўвалі глыбокія сялянскія традыцыі, шляхетнасць, высокую культуру, святую веру ў Бога, спрадвечную родную мову.

Я пару слоў ужо сказаў пра наша жыццё на хутары. Мясцовасць вельмі маляўнічая: побач працякае рэчка Іслач са сваім правым прытокам, срэбразвонным ручаём Вялікім. Абапал речкі - заліўныя лугі, а з другога боку ад хаткі - даволі вялікая гара, якая таксама ўваходзіла ў наш зямельны надзел. Няма такога ўзвышша на ўсход аж да Ракава, а на захад - мусіць, аж да Нёмана. Гара панавала над ўсёй ваколіцай, упрыгожвала вёсачку сваёй маляўнічасцю (цяпер яе раскапалі). На яе схілах мы садзілі бульбу, знімалі высокія ўраджаі гароху і грэчкі. Наша гара дапамагала людзям жыць у мірны час. А ў ваенныя ліхалецці яе выкарыстоўвалі як звычайны стратэгічны пункт. 25 чэрвеня 1941 года, пад вечар, на ёй пачалі акопвацца немцы, устанавілі дзве дальнабойныя гарматы, асядлалі гару на тры тыдні. 6 ліпеня 1941 года на гары пачалі акопвацца чырвонаармейцы, устанавілі каля дзесяці дальнабойных гармат, зрабілі шмат акопаў-ячэек ля стралкоў.

У гады партызанскай барацьбы многа разоў гара выкарыстоўвалася для засады. Партызаны звычайна за нашым гумном устанавілі кулямёт сістэмы "Максім", капалі стралковыя ячэйкі, кантралявалі тракт Івянец-Валожын, не давалі магчымасці акупантам трымаць сувязь паміж Івянецкім і Валожынскім гарнізонамі. Партызаны спрабавалі спыніць часова на Іслачы адступленне немцаў пачатку ліпеня 1944 года, але сілы былі няроўныя. Немцы з-за речкі, з боку Івянца, падверглі партызан моцнаму артылерыйска-мінамётнаму агню, гара была засеяна варонкамі ад разрываў мін і снарадаў. Хатка наша стаяла зусім блізка ад гары, і жылі мы ў пастаяннай трывозе. Я многія дні бачыў маладых узброеных людзей, уцягнутых у крывавую бойню. Гэта былі, безумоўна, рабочыя і сяляне, адарваныя ад мірнай працы, толькі адных пагналі на захопніцкую вайну, другія ж абаранялі Айчыну. І не патрэбны ім былі войны. І ніхто з іх не хацеў паміраць...

... Пачалося лета 1943 года. Па-ранейшаму спявалі над Іслаччу птушкі, па вечным законе штодня паднімалася з-за спаласаваных акопамі ўзгоркаў Мінскага ўзвышша сонца і, сагрэўшы сваім шчодрым цяплом змардаваныя сэрцы людзей, заходзіла за спрадвечнкю сінечу Налібоцкай пушчы, якая туліла пад сваім пакрывам лясных салдат. Доўжыўся год самай крывавай у свеце вайны. Лініі фронту не было, а дакладней, фронт быў ўсюды. Немцы размясціліся ў навакольных мястэчках і вялікіх вёсках, партызаны - у пушчы. У любую хвіліну можна было чакаць крывавых сутычак, пасля якіх акупанты звычайна зрывалі злосць на жыхарах бліжэйшых вёсак і хутароў. Лёс жа маленькай Баравікоўшчыны быў вельмі складаны. Нярэдкія партызанскія засады прама ў вёсцы. Вельмі часта з Івянца прыязджалі немцы раць на руме, на левым беразе Іслачы, дрэвы на паліва і іншыя патрэбы. А дрэва было шмат. Дзясяткі штабеляў не паспелі да вайны сплавіць па Іслачы ў Нёман. Да таго ж у вёсцы на рацэ быў вялікі млын. Днём немцы малолі зерне для сваіх патрэб, а ноччу - партызаны. Нарэшце адбылася трагедыя. Немцы з валожынскай жандармерыі прыехалі і забілі чатырох чалавек, што мелі дачынене да работы млына. Да гэтага партызаны нарваліся на нямецкую засаду каля млына і страцілі трох чалавек забітымі. Пры такім становішчы жыць у Баравікоўшчыне было вельмі небяспечна. І мы, дзеці, забывалі дзіцячыя гульні, рэдка смяяліся, не спявалі, рабіліся не па гадах сур'ёзнымі, бо адчувалі, што наша жыццё трымаецца на валаску.

... Успамінаю чэрвеньскі сонечны дзень. Наўкола зманлівая цішыня. У вёсцы ні немцаў, ні партызан (ні рускіх, ні польскіх). Палова дня глянуў я паўдзень, у бок Івянца, і ўбачыў чорныя клубы дыму. Сумненняў не было. Гарэў Івянец. Прыслухаўся: даносіліся глухія выбухі. Стала трывожна на сэрцы. Адбывалася нешта страшнае. Гэта было 19 чэрвеня. А назаўтра, раніцай, прыбеглі да нас устрывожаныя і заплаканыя бацькава родная сястра Марыя Мікуцкая з трыма дзецьмі. Ад іх мы даведаліся, што ў Івянцы адбылося паўстанне. У мястэчка ўварваліся польскія партызаны, паліцыя перайшла на іх бок, мясцовыя людзі паўцякалі, згарэла драўляная аптэка Віршубскага, дзе была жандармерыя. Немцы перабіты, а салдаты з былых польскіх кашар уцяклі. Нашы сваякі жылі на акраіне мястэчка, з боку Баравікоўшчыны. Баючыся расправы, яны, як і многія местачкоўцы, пакінулі непакорны Івянец. І мелі рацыю. Калі партызаны пайшлі з Івянца, туды ўварваліся немцы, сталі рыхтаваць расправу над івянчанамі. Звыш ста чалавек сагналі ў драўляную царкву на плошчы, абклалі саломай. Там была з дзецьмі і мая хросная маці Юзэфа Круглянская. Людзей ад згубы выратавала жонка Казіміра Эдмундавіча Дзяржынскага Люцыя Вільгельмаўна. Яна працавала ў немцаў перекладчыцай. Камандзір карнага атрада пабачыўся з ёй, аўстрыйскай немкай, выслухаў яе довады, што сагнатыя людзі ні ў чым не вінаватыя, маўляў, уцяклі ў лес. Афіцэр звязаўся па рацыі са сваім камандаваннем, атрымаў дазвол не праводзіць жахлівай акцыі...

Дзяржынскіх расстралялі за сувязь з партызанамі 24 ліпеня 1943. Іхнія астаткі праз пару месяцаў былі перахаваны на каталіцкіх могілках, каля муру. Івянчане помняць самаахвярны подзвіх Дзяржынскіх, на іхняй магіле часта можна ўбачыць кветкі, на Усе Святыя ўдзячныя івянчане запальваюць на магіле свечкі, моляцца за іх святыя душы...

... Прайшло пару дзён пасля Івянецкага гарнізона. Людзі былі ў пастаяннай трывозе, у страху, чакалі нечага жахлівага, Прадчувалі сэрцам бяду.

А дні па-ранейшаму стаялі цёплыя і сонечныя. Буялі травы. Чароўна цвілі кветкі на Сцюдзянцы. Захоплены гэткім хараством, я і не звярнуў асаблівай увагі на два самалёты, што ляцелі з боку Мінска. Але над нашай гарой яны раптам рынулі ўніз, зрабіліся вялізнымі і страшнымі, з чорнымі крыжамі на баках. Імгненне - і глухі выбух страсянуў сцены хаткі. Выскачылі шыбы з вакон, рухнула атынкоўка сцяны пад абразамі. Бабуля Віктося стала маліцца, а мы кінуліся на двор. Маці схапіла ў ахапак некалькі адзежын светлага колеру, што на шнуры прасушваліся ў сенях. Мы з маці пабеглі ў бліжэйшае дробнае жыта. Адзенне яна параскідала па жыце, якое вышынёй не даходзіла і метра, а мы самі, таксама ў белай вопратцы, кінуліся на зямлю. І тут пачалося нешта жахлівае, што нават і цяпер, праз 50 гадоў, калі ўспомню, ледзяніць у жылах кроў. Самалёты палявалі за кожнай жывой істотай. Лётчыкі скінулі бомбы на два дамы, убачыўшы, што туды ўцякалі людзі, значна пашкодзілі будынкі. Чатыры бомбы вагой каля 200 кг кожная скінулі на млын, дзве з іх не ўзарваліся. Была забіта карова. Паветраныя разбойнікі зрабілі прыблізна па пяць кругоў над вёскай. І калі рабілі заходы на вёску, праляталі менавіта над намі. І кожны раз выпускалі па нас кароткую пулямётную чаргу. Страшэнны шум матораў, аглушальны трэск кулямётаў, свіст і цоканне ў зямлю куль. Я ўціснуўся тварам у зямлю, дранцвеў усім маленькім дзіцячым цельцам, калі набліжаўся самалёт, што ляцеў так нізка, пасля кулямётнай чаргі выдыхваў на роспачы:

- Мамуська, жывая?..

- Жывая, сынок...

Зноў налятаў чарговы самалёт, зноў кулямётныя чэргі...

Адзенне, раскіданае ў жыце, было пасечана кулямі, а мы нейкім пудам засталіся жывымі...
Категория: Гісторыя | Просмотров: 594 | Добавил: ivenec_eu | Рейтинг: 4.5/2
Всего комментариев: 0
Добавлять комментарии могут только зарегистрированные пользователи.
[ Регистрация | Вход ]

Падзяліцца

Спадабаўся сайт? Распавядзіце сябрам!

Спампаваць

Часопіс "Dziedzictwo Kresowe" № 10 (VI.2017)

Спампаваць бясплатна часопіс Dziedzictwo Kresowe
Спампаваць у PDF фармаце


Часопіс “Спадчына Крэсаў” № 6 (VI.2015, рэд. VII.2017)

Спампаваць бясплатна часопіс Спадчына Крэсаў
Спампаваць у PDF фармаце

Падтрымка

Сайт ivenec.eu працуе пры падтрымцы

Герб Роду Плевакаў
Таварыства Роду Плевакаў

Пошук

Статыстыка

Статыстыка сайта ivenec.eu

Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстачоў: 0


Рейтинг сайтов