Івянец і Івянецкае графства

Субота, 18.11.2017, 22:27

Вітаю Вас Гость | RSS | Галоўная | Рэгістрацыя | Уваход

Главная » 2016 » Чэрвень » 6 » Спаленыя вёскі Івянеччыны
13:50
Спаленыя вёскі Івянеччыны
Выява выкарыстана ў якасці ілюстрацыі. Фота з сайта sb.byАўтар: Ігар Солтан, бібліятэкар Івянецкай дзіцячай бібліятэкі.

Вайна… Колькі жорсткасці, чалавечай подласці, бяздушша і крыважэрнасці ў гэтым слове. Усё гэта калечыць чалавечую душу і ў двайне дзіцячую душу. Асабліва калі ўсё гэта адбываецца на вачах дзіцяці.

Сёння я вам прапаную аповед некалькіх сведкаў, якія былі ў той час дзецьмі, з вёсак, якія былі знішчаны ў 1943-1944 гадах.

Вёска Кульшычы

Спалена ноччу з 13 на 14 чэрвеня 1944 года. Згарэла 52 хаты. Спалена партызанамі Арміі Краёвай.

Успамінае Фелікс Казіміравіч Паплаўскі, жыхар вёскі Кульшычы:

"У нашай вёсцы стаялі "легіёны" (атрад Арміі Краёвай). Адбылося гэта так. У лютым, альбо сакавіку 1944 года, пасля таго, як іх разагналі савецкія партызаны, апошні атрад, пад камандаваннем Здзіслава Нуркевіча, псеўданім "Ноч", які ўцёк ад Саветаў, а дакладней не паехаў на сустрэчу з камандаваннем савецкіх партызан, дзе была абязброена асноўная маса польскіх партызан і арыштавана камандаванне, прыехаў у вёску Кунашы, а адтуль да нас, у Кульшычы. Было іх 40 чалавек. Мы з некалькімі хлопцамі ў гэты час былі ў Івянцы. Нам перадалі, каб дадому не вярталіся. "Легіёны" узялі старасту, далі яму каманду паслаць сувязнога ў Івянец, у жандармерыю, каб перадаць карэспандэнцыю. На гэты раз сувязным стаў Мойса Гіпаліт. Ён пайшоў у Івянец, папярэдне развітаўшыся з сям'ёй. Немцы далі яму паперку, каб перадаў солтысу. Ён вярнуўся ў Кульшычы. "Легіёны" ужо сталі размяшчацца па хатах у вёсцы. Коней паставілі ў гумне Гадлеўскіх, а вёску ачапілі.

Раптам мы з хлопцамі бачым, як немцы на аўтамабілях паехалі ў бок Кульшыч. На подступах да вёскі яны занялі абарону. Выслалі парламенцёраў ад немцаў і ад партызан. Група нямецкіх афіцэраў і "легіянераў" увайшлі ў хату Трасцянкаў (гаспадароў вывелі перад гэтым на вуліцу) і пачалі перагаворы. Потым немцы паехалі ў Івянец, а "легіёны" ў вёску Старынкі.

"Легіёны" разрасталіся вельмі хутка. Да канца чэрвеня 1944 года іх колькасць дасягнула 4000 чалавек. Камандаваў імі Адольф Пільх, псеўданім "Гура-Даліна". Яны занялі Кульшычы, Янаўшчыну, Чышэвічы. Пры тым у тыя хаты, адкуль людзі пайшлі ў савецкія партызаны, ставілі двух чалавек на аднаго савецкага партызана. Службу яны неслі так: адну ноч спалі ў гумне, другую ноч у ваколіцах вёскі, трэцюю ноч праводзілі ў разведцы.

10 чэрвеня 1944 адзін з польскіх вартавых, самавольна пакінушы свой пост, пайшоў атрымліваць свой паёк. У гэты час у вёску заехалі два савецкія партызаны. Прытым заехалі з тога боку, дзе павінен быў стаяць гэты вартавы. Яны праехалі трэцяю частку вёскі і толькі тады іх заўважылі "легіянеры". Партызаны адкрылі па іх агонь. "Легіянеры" у момант зрэагавалі. Партызаны сталі ўцякаць. "Легіянеры" за імі. Партызаны заляглі за вёскай і пачалі адстрэльвацца. Адзін партызан уцёк, другога яны забілі. Перад смерццю ён паспеў знішчыць нейкую паперу. Пры гэтым загінуў адзін легіянер. Пасля вайны астанкі савецкага партызана перазахавалі на радзіме. Вартавога расстралялі ў Старынках. Пасля гэтага два дні было спакойна.

Ноччу, у 24.00. "легіёны" пачалі страляніну. Мы выйшлі на вуліцу. Бачым, гарыць хата Міхася Кульшы. Там згарэлі 1 ці 2 кані "легіянераў". Гэта была правакацыя з іх боку. "Легіянеры" спадзяваліся, што ад адной хаты загарацца і астатнія. Але агонь пайшоў па ветру, па дыяганалі вёскі. Таму ўсе хаты не загарэліся. Тады "легіянеры" падпальвалі астатнія хаты запальваючымі кулямі.

Мы выкінулі адзежу праз вакно ў склеп. Цялё я завёў у Янаўшчыну. Толькі выйшаў за вёску. Падыходжу да жытняга поля, на якім стаяла восець Ключнікаў. Гляджу, а ад запальваючых куль загарэлася восець. Я падбягаю да Янаўшчыны, а па мне далі чаргу з кулямёта вартавыя. Потым разабраліся, што я не партызан і пусцілі ў вёску. Дадому мяне не пусцілі, пакуль не згарэла вёска. Кульшычы згарэлі да шчэнту, засталася адна хата, якую займалі "легіянеры" пад апорны пункт.

Пасля гэтага "легіянеры" схапілі Ключніка Юзафа, Кульшу Юзафа і яшчэ некалькі хлопцаў і хацелі іх расстрляць каля лесу. Камандаваў "легіянерамі" Варапай, вельмі жорсткі чалавек. Але "легіянер" Мешкуць з Яўневіч заступіўся за хлопцаў і яны засталіся жывыя.

Прыйшоў я да дому пасля пажару. Ад хаты засталіся толькі вуглі. Толькі абгарэлая кошка разам з кацянятамі памірала каля плоту. Пасля гэтага яшчэ баяліся, што прыйдуць немцы і растраляюць нас, як расстралялі пяць чалавек з нашай вёскі незадоўга перад спаленнем. Не дай Бог перажыць такое яшчэ раз".

Вёска Мейшты

Спалена ў канцы ліпеня -- пачатку жніўня 1943 года. Знішчана 9 двароў. Загінула 3-5 чалавек.

Успамінае Фелікс Казіміравіч Паплаўскі, жыхар вёскі Кульшычы:

"У ліпені-жніўні 1943 года немцы праводзілі карную акцыю ў дачыненні вёсак, адкуль людзі пайшлі ў партызаны.

Немцы ўзялі карту, абвялі алоўкам чырвонага колеру зону з некалькімі вёскамі. Граніцай зоны служылі дарога Івянец-Шыкуці-Мейшты-Падсады з аднаго боку, дарога Івянец–Рубяжэвічы з другога боку, а таксама лес за вёскай Вірлавічы. У гэту зону патрапілі вёскі Мейшты, Дудка, Чышэвічы, Вірлавічы, а таксама хутары, якія знаходзіліся паміж гэтымі вёскамі. Вёскі Дудка, Чышэвічы, Вірлавічы былі знішчаны поўнасцю. Вёска Мейшты толькі часткова, паколькі яна размяшчаецца па абодва бакі дарогі Івянец-Шыкуці-Мейшты-Падсады. Былі спалены толькі тыя хаты, што стаялі з правага боку дарогі. Вёскі Сіманы і Падсады не ўвайшлі ў зону знішчэння, паколькі адтуль ніхто не пайшоў у партызаны".

Успамінае Вераніка Уладзімірауна Квач, былая жыхарка вёскі Мейшты:

"Гэта было пад вечар, паміж 3-х і 6-цю гадзінамі вечара. Раптам бачым, едуць нямецкія машыны на вёску Дудка. Не даязджаючы да вёскі, на полі, немцы паставілі машыны, расцягнуліся ў ланцуг і пайшлі на вёску. Праз некаторы час над вёскай узняўся дым. Мы здагадаліся, што гэта падпалілі немцы і пачалі выносіць свае рэчы ў склеп. Але паспелі вынесці толькі па аднаму разу, як бачым, што нямецкі ланцуг ідзе на нашу вёску. Першай падпалілі хату Матэльскага Пятра, потым падпалілі хаты Пятруцікаў Яніны, Вацлава, Зянона, Сасонкі Стэфана, Банцарэвіча Мечыслава. Нашу хату падпалілі так: увайшлі немцы, сцягнулі пасцелі, вытраслі з матрасаў-сяннікоў салому і падпалілі. Людзей пагналі ў машыны вывозіць у Германію. Многія кінуліся ўцякаць, некаторым гэта ўдалося, як напрыклад нашай сям'і, а некаторых застрэлілі. Мы пабеглі ў лес хавацца. Пасля таго, як немцы пайшлі ў Чышэвічы, мае бацька з братам вярнуліся дадому і паспелі патушыць хату, бо салома ў сенніках была старая, перацёртая і гарэла дрэнна. Прагарэла толькі падлога. А спалілі Мейшты толькі таму, што солтыс данёс, што ў нас людзі пайшлі ў партызаны. Вельмі паскудны быў чалавек. Аднойчы ён збіраў кумпякі на падаткі, а мой бацька не даў, бо ведаў, што той можа прысвоіць іх сабе. Дык за гэта ён данёс немцам, што мой бацька звязаны з партызанамі. Але суседзі заступіліся за яго і бацьку адпусцілі".

Успамінае Квач Баляслаў Міхайлавіч:

"Нашу вёску спалілі летам, якраз перад жнівом. Спалілі таму, што з нашага боку некалькі хлопцаў пайшлі ў партызаны, як, напрыклад, браты Савіцкія, імён я ўжо не памятую, якія жылі на хутары. З Мяйштоў таксама пайшлі ў партызаны. А данёс пра гэта солтыс.

Як пачалі падпальваць хаты, людзей сталі заганяць у машыны, каб вывозіць у Германію. Хто–ніхто паспрабавалі ўцячы. Немцы пачалі страляць. Адну дзяўчыну – інваліда застрэлілі толькі таму, што яна інвалід. Мне з маці ўдалося ўцячы. А брата і сястру вывезлі ў Германію. Наша хата згарэла поўнасцю. Пасля таго, як падпалілі Мейшты, немцы накіраваліся ў Чышэвічы і пачалі падпальваць з першай хаты".

Вёска Забор’е

Спалена падчас аперацыі "Герман" у жніўні 1943 года.

З успамінаў Солтана Аляксандра Іосіфавіча:

"Было гэта летам 1943-га. Дзень быў пагодны. Раптам бачым, як з боку в.Камень у Забор’е едуць нямецкія машыны з салдатамі.

Вёску ачапілі і пачалі падпальваць хаты. А паколькі наша хата стаяла, ды і цяпер стаіць, першай ад лесу, то з яе і пачалі. Мы нічога не паспелі вынесці з хаты, ды і, папраўдзе кажучы, пасля папярэдніх ваенных пажараў асаблівай маёмасці ў нас і не было.

Людзей сабралі ў гурт і хацелі гнаць праз Пятрылавічы і Цеснавую на Стоўбцы. Але не памятую па якой прычыне. Можа з-за таго, што Пятрылавічы ўжо гарэлі і прайсці праз іх было ўжо не магчыма, ці-то над Забор’ем праляцеў самалёт і скінуў загад. Але нас пагналі праз Камень на Івянец. Па дарозе да нас далучылі жыхароў в. Пятрылавічы. У Івянцы нас пагрузілі на аўтамашыны і павезлі праз Мінск у Барысаўскі раён, в. Малое Залужжа.

Дарослыя капалі торф. А мы, малыя, проста сядзелі ў бараках.

Праз некаторы час нас вярнулі дадому, паколькі не было каму збіраць ураджай і здаваць прадукты на сельгаснарыхтоўкі. Паколькі вёска была спалена, нас пасялілі ў Івянцы, на тэрыторыі былога гета. Праз некаторы час мы выкапалі ў Забор’і зямлянку і пераехалі туды жыць".

Вёска Станюшкі

Спалена двойчы: 1-шы раз у 1943 годзе; 2-гі раз у 1944 годзе. Усяго спалена 23 двары. Загінула 5 чалавек.

Успамінае Нелюб Серафім Аляксандравіч, які і зараз пражывае ў вёсцы Станюшкі Івянецкага сельсавета:

"Наша вёска гарэла двойчы. Першы раз яе спалілі ў 1943. За што, дакладна не помню, быў занадта малы. Мабыць нашы людзі ім нечым недагадзілі, немцам. Другі раз яе спалілі ў 1944 годзе. Перад гэтым у нас стаялі партызаны. Пра гэта немцам данёс солтыс (стараста). Немцы адразу ж выехалі. Партызаны неяк даведаліся пра гэта і ўцяклі з вёскі. Немцы, пад’ехаўшы да вёскі, адразу ж яе ачапілі. Падпальваць яе пачалі з першай хаты ад дарогі. Гэта было пад вечар, альбо нават пад ноч, бо я ўжо спаў. Бацькі выкінулі мяне з гарашчай хаты і тушылі на вуліцы. Хата згарэла поўнасцю. Спачатку немцы не далі тушыць, а потым было позна. Некалькі чалавек з вёскі застрэлілі. Іх імён і прозвішчаў я не памятую".

Вёска Чышэвічы

Спалена ў 1943 годзе. Загінула 3 чалавекі.

Успамінае Яновіч Раман Іосіфавіч, жыхар вёскі Падсады Івянецкага сельсавета:

"Гэта было летам. Дзень дакладна не помню. Помню, што нехта ўбачыў, што гарыць вёска Мейшты. Мы з суседзямі пабеглі хавацца ў лес. таму я многага не бачыў. У лесе з нашай сям'і былі толькі мы з бацькам. Маці была ў Вірлавічах, у сястры.

Немцы ачапілі Чышэвічы з усіх бакоў. Стрэхі былі саламяныя. З палаючай страхі немцы і паліцаі бралі жменю саломы і беглі падпальваць другую хату. І так, пакуль не згарэла ўся вёска. Людзей некуды пагналі, куды я не ведаю, мусіць, у Германію. Потым немцы пайшлі ў Вірлавічы. Там адбывалася тое ж самае. Маці мая са сваёй сястрой схаваліся ў склепе. Зайшоў паліцай, падняў уваходную накрыўку ў склеп. Убачыўшы іх, сказаў: "Жанчыны! Чаго вы тут сядзіце? Уцякайце хутчэй, бо страха на вашай хаце ўжо гарыць". Яны і ўцяклі са склепа.

Памятаю, як мне было страшна. Не дай Бог гэта перажыць яшчэ раз. І як гэта вёскі Падсады і Сіманы ўцалелі, не разумею. У вёсцы Чышэвічы падчас вайны загінулі трое братоў Бушылаў. Імён я іх не памятаю. Расстралялі іх як бы за сувязь з партызанамі, хаця з партызанамі яны звязаны не былі".

З пачатку Вялікай Айчыннай вайны прайшло ўжо 75 год, а памяць людская усё яшчэ баліць і служыць вечным напамінкам: "Людзі! Ніколі болей…"
Категория: Гісторыя | Просмотров: 776 | Добавил: ivenec_eu | Теги: спаленыя вёскі, Ігар Солтан, Забор'е, Станюшкі, Мейшты, Чышэвічы, Кульшычы | Рейтинг: 5.0/2
Всего комментариев: 3
0
3  
Код
Успамінае Фелікс Казіміравіч Паплаўскі, жыхар вёскі Кульшычы:"Пасля гэтага яшчэ баяліся, што прыйдуць немцы і растраляюць нас, як расстралялі пяць чалавек з нашай вёскі незадоўга перад спаленнем".

А вот и крест с табличкой в память о жителях Кульшич, погибших от рук фашистских карателей.

1  
Братоў Бушыла звалі Вацлаў Іванавіч, Антось Іванавіч і Міхал Іванавіч (мой дзед). Гэта Набароўшчына. Тады яна яшчэ была паміж Мяйштамі і Чышэвічамі. Вацлава і Антося забілі 6 ліпеня 1941 года, расстралялі каля рэчкі і забаранілі тры дні хаваць. Было вельмі горача. Так яны ляжалі і рой мух. Ніякіх партызан яшчэ не было. Забілі па даносе трох-чатырох мясцовых чалавек, ініцыятарам якога быў Рыдлінскі, арандатар ()уладальнік?) млына ў Набароўшчыне, (ен уцек у Польшчу потым, ведаю таксама, што быў рускім афіцэрам). Быццам бы яны камуністы. Ніякімі камуністамі яны не былі. Яны працавалі на млыне, Рыдлінскі іх баяўся, быў з імі ў сварцы. Спачатку немцы патрабавалі ад Рыдлінскага, каб на яго словы былі сведкі. Як ен угаварыў гэтых людзей падпісаць паперу - не ведаю. Ведаю прозвішчы дваіх.
    Дзед Міхал здолеў уцячы. Хаваўся пару месяцаў ў Вільні. Вярнуўся назад, сказаў, я ні ў чым не вінаваты. Адзіная прычына, за што яго маглі арыштаваць, як я разумею, гэта тое, што як прыйшлі Саветы, то дзеда выбралі старшыней Таўкачоўскага сельсавета. Баба Яніна ў ногі падала, прасіла яго не ісці. А дзед быў гарачы на
характар і граматны, працаваў у Францыі на шахтах, горад Понт-Одмэ, згадзіўся і нейкі час  быў тым старшыней Таўкачоўскага сельсавета. Калі вярнуўся, яго арыштавалі немцы і ен сядзеў у каталажцы ў Івенцы. З ім сядзеў другі чалавек, гаворыць - Міхась, акенца адымаецца, давай уцякаць! А дзед яму - не , яшчэ прыйдуць Яніну заб'юць з дзецьмі! А той чалавек да бабы прыходзіў пасля вайны, гэта расказваў. Дзе і як забілі дзеда - дакладна невядома, вывелі з івянецкай турмы і больш яго не бачылі. Другі чалавек гаварыў, што бачыў дзеда ў Ракаве, калі палілі яўрэяў  і дзеда Міхася ў будынак школы (сінагогі)  упіхнулі. Ен выскачыў, немцы выстралілі і ўкінулі цела назад. Такая трагедыя маей сям'і.
  Наконт таго, як палілі Вірлавічы. Адзін чалавек з Вірлавіч пайшоў у паліцаі. Партызаны яго злавілі і забілі вельмі жорстка - пасадзілі на кол. Яго жонка пахавала, назаўтра запрэгла каня і паехала у Івенец да немцаў, напрыклад у нядзелю. Вяртаючыся назад праз веску, сказала - До відзэння Вірловічэ! У аўторак прыехалі немцы, акружылі веску, але частка людзей уцякла, вывела скот, каму ўдалося. Каго пастраляліі, астатніх вывезлі ў лагер у Смалявічы (?), прыблізна праз два месяцы адпусцілі. Вірлавічы спалілі датла.

0
2  
Фамилию Бушило достаточно редко можно встретить на Ивенеччине. Знаю, что в деревне Родники (ранее Козарезы, 4 км от Ивенца) когда-то проживал Франц Станиславович Бушило. В советские годы он был трактористом в совхозе Родина. Сейчас его потомки живут в Замостянах, Минске и Вильнюсе.

Добавлять комментарии могут только зарегистрированные пользователи.
[ Регистрация | Вход ]

Падзяліцца

Спадабаўся сайт? Распавядзіце сябрам!

Спампаваць

Часопіс "Dziedzictwo Kresowe" № 10 (VI.2017)

Спампаваць бясплатна часопіс Dziedzictwo Kresowe
Спампаваць у PDF фармаце


Часопіс “Спадчына Крэсаў” № 6 (VI.2015, рэд. VII.2017)

Спампаваць бясплатна часопіс Спадчына Крэсаў
Спампаваць у PDF фармаце

Падтрымка

Сайт ivenec.eu працуе пры падтрымцы

Герб Роду Плевакаў
Таварыства Роду Плевакаў

Пошук

Статыстыка

Статыстыка сайта ivenec.eu

Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстачоў: 0


Рейтинг сайтов