Івянец і Івянецкае графства

Панядзелак, 20.11.2017, 18:19

Вітаю Вас Гость | RSS | Галоўная | Рэгістрацыя | Уваход

Главная » 2017 » Сакавік » 10 » Станіслаў Багушэвіч-Мінкоўскі - забыты герой Беларусі
13:37
Станіслаў Багушэвіч-Мінкоўскі - забыты герой Беларусі

Касцёл Святога Міхаіла ў Івянцы Сёння мы з вамі пазнаёмімся з адной выдатнай, але, на жаль, поўнасцю забытай асобай, якая пакінула выдатны след у гісторыі нашай краіны – Станіславам Багушэвічам-Мінкоўскім. Давайце спачатку пазнаёмімся з яго дзяцінствам.

Станіслаў Багушэвіч паходзіў са старажытнага і разгалінаванага роду. Адметнасць, якая вылучала менавіта гэтую галіну, – прыдомак "Мінкоўскія". Праўда, невядома, як яны яго атрымалі, ці то ад злучэння з родам Мінкоўскіх, ці то ад аднаіменнага маёнтка, які яны атрымалі.

Нарадзіўся Станіслаў у 1751 годзе ў маёнтку Літва, за 14 кіламетраў ад Івянца Мінскага ваяводства (цяпер Стаўбцоўскі раён Мінскай вобласці). Ён быў сынам стражніка полацкага Мікалая і стальнікоўны мінскай Феліцыты з Быкоўскіх.

Бацька Станіслава памёр вельмі рана, а дакладней, загінуў у дуэлі паміж групамі Радзівілаў і Чартарыйскіх у 1756 г., пад час мінскага сойміка. У склад апошняй ён і ўваходзіў. Для сям’і насталі цяжкія часы. Але на дапамогу прыйшоў іх сваяк, Антоній Багушэвіч, які запісаў на іх да таго застаўны маёнтак Літва і такасма апекаваўся шматлікімі сіротамі Мікалая.

Станіслаў адпраўляецца на вучобу ў Віленскі езуіцкі Collegiym Nobilium, які даваў выключна добрую адукацыю шляхецкім дзецям. Пад час вучобы Станіслаў засвоіў французкую мову, што вельмі прыдалося яму ў будучым.

Пасля заканчэння вучобы, амаль што на наступны дзень, 24 сакавіка 1773 года, мінскі соймік дае яму прывілей на ротмістра мінскага ваяводства, і ў той жа дзень яго і Тадэвуша Валадковіча абіраюць пасламі на Надзвычайны Сойм Рэчы Паспалітай. Паслы ад Вялікага Княства Літоўскага ведалі, што іх чакае. Ужо амаль год ліцвіны Полаччыны, Магілёўшчыны, колькасцю 1 300 000 чалавек гвалтам прымушаны прымаць прысягу на вернасць расійскай царыцы Кацярыне Другой. Усе яны ў адзін момант сталі падданымі іншай краіны.

І гэты сойм павінен быў прыдаць законнасць гэтай аферы. Гэта значыць, паслы павінны былі аднагалосна прагаласаваць і зацвердзіць гэту анексію. Мала хто з ліцвінаў ведаў, што адбываецца ў іншых правінцыях Рэчы Паспалітай – Кароне Польскай (уласна Польшчы) ды Русі(Украіне). Але ўсе з іх бачылі, што Літва страціла самыя заможныя землі на ўсходзе. Усе буйныя гандлёвыя цэнтры, такія, як Полацк, Невель, Віцебск, Магілёў, Гомель, трапілі пад расійскае валоданне. І шмат хто са сваякоў патрапіў у няволю.

Таму рашучасць ліцвінаў бараніць сваю зямлю – Вялікае Княства Літоўскае - выбухнула на сойме, які пачаўся 19 красавіка 1773 года. Ліцвіны былі справядліва абураныя ўзурпацыяй Кароны Польскай права правядзення сойму. Бо чарга прыпадала на Гародню і ВКЛ. Ліцвіны, на чале якіх стаялі Тадэвуш Рэйтан (на карціне), Самуэль Корсак, Станіслаў Багушэвіч і адзінкі з палякаў, заблакавалі пачатак сойму, выступілі на сойме супраць узурпацыі палякамі маршальскага жэзла, супраць самапрызначанага маршалка канфедэрацыі Адама Панінскага, супраць Канфедэрацыі, якая пазней зацвердзіла першы падзел Рэчы Паспалітай. Яны апелявалі да заканадаўства, да сумлення суграмадзян паслоў, але не ведалі, што большасць з тых, хто павінен быў бараніць дзяржаву, наадварот - прадалі яе.

Рэйтан перад выхадам з соймавай залі
Тадэвуш Рэйтан на "падзельным" сойме Рэчы Паспалітай 1773 г.: "Забіце мяне, затапчыце, але не забівайце Бацькаўшчыны!". Карціна Я. Матэйкі "Рэйтан" (1866)

Не здолеўшы прадухіліць падзел краіны, за які выказалася большасць "абаронцаў" Айчыны, паслы сарвалі пакроў легітымнасці з гэтай найвялікшай аферы таго часу. Тым больш што жамойты ўдзелу ў гэтым сойме не прымалі, сарваўшы свае соймікі. Вестка пра гэта маланкай абляцела ўсе краіны Еўропы. Свет убачыў сапраўдны стан рэчаў. Але, на жаль, ніхто не прыйшоў на дапамогу. Усе пабаяліся мілітарызаваных краін - Расіі, Прусіі, Аўстрыі.

Падзел Рэчы Паспалітай адбыўся. Імёны герояў – Рэйтана, Корсака, Багушэвіча - сталі вядомымі па ўсім свеце. Іх імёнамі называлі сваіх дзяцей не толькі ліцвіны, але і палякі. Іх мужнасць была ацэненена не толькі польскімі, але і расійскімі гісторыкамі, бо мужнасць і шчырасць грамадзяніна заўсёды цэніцца ў любым грамадстве.

Склалася так, што лёс усіх трох герояў у некаторых момантах быў падобны. Такія, як, напрыклад, замахі на жыццё гэтых герояў. На жаль, палкоўнік Рэйтан быў забіты. А яго смерць інсцэніравана пад самагубства. У 1780 годзе каля Вільні на Станіслава Багушэвіча быў здзейснены напад. Але, на шчасце, ён застаўся жывы. Біскуп К. Солтык дабіўся для яго чына капітана войска Кароны Польскай і хацеў ажаніць яго са сваёй пляменніцай. Але ад гэтага шлюбу Багушэвіч адмовіўся. Багушэвіч да канца жыцця карыстаўся вялікай павагай на Міншчыне. Нават пакінуўшы пост Мінскага суддзі ў 1784 і 1792 гг. абіраўся паслом на Галоўны Трыбунал Вялікага Княства Літоўскага.

Падчас вайны Расіі з Напалеонам ў 1812 годзе у Мінску абраны паслом генеральнай Канфедэрацыі. У гэты самы дзень Мінск святкаваў імяніны Напалеона Банапарта і гарадскія жыхары ў гонар вызваліцеля пераіменавалі плошчу Верхняга рынку ў Пляц Напалеона. У гэты самы дзень у неба над Мінскам быў запушчаны паветраны шар з віншаваннямі імянінніку і вершамі ў яго гонар.

Праз два месяцы пасля адступлення расійскіх войскаў капітан Багушэвіч быў прызначаны камісарам у новаствораны 20-ты ўланскі полк літоўскай кавалерыі. А яго жонка Тэрэза з Іваноўскіх ахвяравала вялікую сумму на патрэбы нашых лазарэтаў.

28 жніўня 1817-га года Станіслаў Багушевіч памёр. Пахаваны ў падвале касцёла Св. Антонія (цяпер Св. Міхаіла, "белы касцёл") ў Івянцы.

Пахавальная пліта братоў Станіслава і Міхала Багушэвічаў
Пахавальная пліта братоў Станіслава і Міхала Багушэвічаў

Прыкладна так выглядала пахавальная пліта, якая была размешчана над трунамі Станіслава і Міхала (яго брата) ў падвале касцёла Св. Міхаіла.

Гэта надгробная пліта яшчэ ў 1922 годзе знаходзілася ў падлозе з левага боку касцёла. Яна была рэканструявана на падставе падрабязнага апісання гэтай францішканскай святыні, зробленага айцом Алоізам Карвацкім, а захаванага ў рукапісных "Матэрыялах па гісторыі правінцыі і канвенту АА, Францішканаў" Т.5. С. 33. Апісанне гэтай пліты дае Станіслаў Плявака ў сваім артыкуле "Rekonstrukcja płyty grobowej Bohuszewicz-Minkowskich w kościele św. Michała oo. franciszkanów w Iwieńcu" (бел. "Рэканструкцыя надгробнай пліты Багушэвіч-Мінкоўскіх у касцёле св.Міхаіла аа. Францішканаў у Івянцы") у польскім часопісе “Merkuriusz” - 2008. - №2. На жаль, пліта не захавалася. Пасля вайны яна знікла. І таму месца пахавання цяпер невядома.

На жаль, на сённяшні дзень ні імя Багушэвіча, ні яго подзвіг не згадваюцца і не шануюцца нашымі суайчыннікамі. Але хочацца верыць, што разам з імёнамі Рэйтана, Корсака вернецца і імя Станіслава Багушэвіча-Мінкоўскага – гонару ўсёй Беларусі.

Матэрыял падрыхтаваў Ігар Солтан, бібліятэкар Івянецкай бібліятэкі.

Літаратура:
1.Юркевіч, З. Знакаміты паплечнік Рэйтана// Культура .- 2014. - № 36. – С.14
2. Stanisław Plewako "Rekonstrukcja płyty grobowej Bohuszewicz-Minkowskich w kościele św. Michała oo. franciszkanów w Iwieńcu", Merkuriusz Towarzystwa Plewaków, nr 2, str. 3. Warszawa, Maj 2008, ISSN 1898-8970.
3. Wanda Konczyńska Stanisław Bohuszewicz Minkowski, w: Polski Słownik Biograficzny, t. II, Kraków 1936, s. 234.

Категория: Асобы | Просмотров: 838 | Добавил: ivenec_eu | Рейтинг: 5.0/2
Всего комментариев: 2
1  
Дзякую сардэчна за артыкул, проста гонар адчуваю. Літва, Івенец - і ты зямля не горшая за інных. Прашу ўдакладніць, што значыць застаўны маентак.

0
2  
Цитата
Прашу ўдакладніць, што значыць застаўны маентак.
Вось тут можна пра гэта даведацца:
http://www.wikiznanie.ru/wikiped....ладение

Добавлять комментарии могут только зарегистрированные пользователи.
[ Регистрация | Вход ]

Падзяліцца

Спадабаўся сайт? Распавядзіце сябрам!

Спампаваць

Часопіс "Dziedzictwo Kresowe" № 10 (VI.2017)

Спампаваць бясплатна часопіс Dziedzictwo Kresowe
Спампаваць у PDF фармаце


Часопіс “Спадчына Крэсаў” № 6 (VI.2015, рэд. VII.2017)

Спампаваць бясплатна часопіс Спадчына Крэсаў
Спампаваць у PDF фармаце

Падтрымка

Сайт ivenec.eu працуе пры падтрымцы

Герб Роду Плевакаў
Таварыства Роду Плевакаў

Пошук

Статыстыка

Статыстыка сайта ivenec.eu

Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстачоў: 0


Рейтинг сайтов