7 снежня 2015-га ў гарадскім пасёлку Івянец Валожынскага раёна былі затрыманы тры жанчыны-цыганкі.
Як паведамляе газета "Працоўная слава" ад 15 снежня, затрыманыя цыганкі з'яўляюцца жыхаркамі адной вёскі Баранавіцкага раёна: старэйшая - пенсіённага ўзросту і дзве маладыя. Па іх словах, у гарпасёлку яны апынуліся праездам, калі ехалі з Маладзечна ў Баранавічы. У аўтамабілі, на якім "падарожнічалі", былі знойдзены камплекты пасцельнай бялізны, якія яны быццам бы набылі ў знаёмых для асабістага карыстання.
Як пасля высветлілася, у Івянец махляркі заехалі невыпадкова: хадзілі па хатах, прапаноўваючы бялізну ў абмен на грошы, адзенне і нават паліва для машыны. Плакаліся людзям, што не маюць за што даехаць дадому. Аднак івянчанне не купіліся на жаласлівыя словы і ўгаворы, а паведамілі аб візіце нечаканых гасцей у міліцыю.