Івянец і Івянецкае графства

Панядзелак, 29.05.2017, 01:12

Вітаю Вас Гость | RSS | Галоўная | Рэгістрацыя | Уваход

Главная » 2015 » Люты » 4 » Урокі жыцця любімай настаўніцы
13:18
Урокі жыцця любімай настаўніцы
Ядвіга Адольфаўна МУРАЎСКАЯ. Фота з сайта www.psl.byКрыніца - газета "Працоўная слава" за 30 студзеня 2015 года.

Аўтар артыкула: Хрысціна АДАМОВІЧ, выпускніца 2008 года.

Заслужаны настаўнік БССР Ядвіга Адольфаўна МУРАЎСКАЯ больш за 40 гадоў працавала ў Івянецкай сярэдняй школе. 9 лістапада мінулага года на семдзесят шостым годзе жыцця лёс закрыў павекі выдатнаму настаўніку, дзіўнай жанчыне і проста чалавеку з вялікай літары.

Яе доўгі працоўны шлях стаў сапраўдным прыкладам ззяння чалавечага таленту, прафесіяналізму і адданасці свайму настаўніцкаму прызванню. А памяць аб гэтай цудоўнай жанчыне немагчыма загубіць часу. Яна будзе жыць у сэрцах і справах сотняў вучняў, якім Ядвіга Адольфаўна адкрыла дарогу ў дарослае жыццё сваёй матэматыкай і сардэчнай мацярынскай парадай.

Ядвіга Адольфаўна нарадзілася ў 1938 годзе ў Івянцы і рабіла свае першыя крокі на прафесійным настаўніцкім шляху ў нялёгкі пасляваенны час. Яна распачала працу настаўніка пачатковых класаў у 1955 годзе ў Сівіцкай школе і адначасова атрымлівала вышэйшую адукацыю на факультэце матэматыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля заканчэння БДУ Ядвіга Адольфаўна перайшла ў Івянецкую сярэднюю агульнаадукацыйную школу і з 1962 года працавала там настаўнікам матэматыкі.

Кожны дзень працы быў для Ядвігі Адольфаўны самым важным адкрытым урокам, быццам сёння або ніколі дзеці павінны набыць веды. І дзеці атрымлівалі найвышэйшыя ўзнагароды на школьных алімпіядах, з лёгкасцю здавалі матэматыку ў прэстыжныя навучальныя ўстановы і годна ішлі ў дарослы свет. Як кажуць некаторыя старэйшыя настаўнікі Івянецкай сярэдняй школы, нават троечнікі ведалі матэматыку ў Ядвігі Адольфаўны на моцную тройку.

Руплівую працу маладой настаўніцы нельга было не заўважыць. І ў 1967 годзе Ядвіга Адольфаўна атрымала ганаровае званне “Выдатнік народнай асветы”, а яшчэ праз некалькі гадоў плённай працы ў 1970 годзе – медаль “За доблесную працу”. За гэтымі ўзнагародамі стаяў шэраг падзей: матэматычныя спаборніцтвы, паездкі, доўгія захапляючыя класныя гадзіны…

Дзеці любілі сваю настаўніцу і не скупіліся казаць ёй аб гэтым у пісьмах і нават вершах, якія Ядвіга Адольфаўна да канца жыцця пяшчотна захоўвала ў сваіх хатніх архівах побач з высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі.

1978 год стаў для Ядвігі Адольфаўны плённым і багатым на падзеі: настаўніца была абрана дэлегатам IV з’езда настаўнікаў Беларусі, а затым атрымала найвышэйшую адзнаку за сваю выдатную працу – званне заслужанага настаўніка БССР.

Дзіцячага куміра і выдатнейшага матэматыка ведае амаль кожны ў нашым невялікім пасёлку гарадскога тыпу. Яна падрыхтавала не адно пакаленне прафесіяналаў у розных галінах: сярод выхаванцаў Ядвігі Адольфаўны шмат настаўнікаў матэматыкі, першакласных інжынераў, праграмістаў, вучоных і дзяржаўных дзеячаў.

У чым сакрэт Ядвігі Адольфаўны Мураўскай? Напэўна, у яе самаадданай штодзённай працы і вялікім сэрцы. Ядвіга Адольфаўна ніколі не пераставала займацца самаразвіццём. Я са здзіўленнем назірала за тым, які спартыўны інтарэс мае гэта жанчына да сваёй матэматыкі. Перад вачамі ўсплываюць успаміны: у яе невялікім пакойчыку гара ўсіх існуючых кніг па матэматыцы для падрыхтоўкі школьнікаў і рукапісы задач, абавязкова з некалькімі варыянтамі рашэння.

Гэта інтэлігентная жанчына была цікавейшым суразмоўцам і ведала, як падабраць матэматычны ключ да кожнага чалавека. Здавалася, яна магла ўдыхнуць у вучняў не проста веды, а, што самае галоўнае, веру ва ўласныя матэматычныя здольнасці.

У 2008 годзе ва ўзросце сямідзесяці гадоў Ядвіга Адольфаўна распачала змагацца з бязлітаснай невылечнай хваробай. Успамінаю, як мужна яна перажывала гэты час. Яна не баялася хваробы, яна вельмі хацела заставацца матэматыкам і быць з дзецьмі, клапацілася аб тым, каб вучні паспяхова здалі тэсты. Напэўна, таму розум яе да апошняга дня заставаўся гібкім і прыгожым. Напрыканцы жыцця яе вочы былі нябесна чыстымі, а позірк нібы прасіў пацвярджэння, што праца была недарэмнай.

Вельмі не хапае Ядвігі Адольфаўны, вельмі шкада, што адышла такая цудоўная, маладая душой жанчына. І хочацца вечарам, гледзячы на зоркі, ціха прашаптаць голасам сотняў вучняў: “Мы помнім Вас, мы любім Вас, Ядвіга Адольфаўна!”.
Категория: Грамадства | Просмотров: 679 | Добавил: ivenec_eu | Рейтинг: 5.0/1
Всего комментариев: 0
Добавлять комментарии могут только зарегистрированные пользователи.
[ Регистрация | Вход ]

Падзяліцца

Спадабаўся сайт? Распавядзіце сябрам!

Спампаваць

Часопіс "Dziedzictwo Kresowe" № 9 (XII.2016)

Спампаваць бясплатна часопіс Dziedzictwo Kresowe
Спампаваць у PDF фармаце


Часопіс “Спадчына Крэсаў” № 5 (XII.2014)

Спампаваць бясплатна часопіс Спадчына Крэсаў
Спампаваць у PDF фармаце

Падтрымка

Сайт ivenec.eu працуе пры падтрымцы

Герб Роду Плевакаў
Таварыства Роду Плевакаў

Пошук

Статыстыка

Статыстыка сайта ivenec.eu

Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстачоў: 0


Рейтинг сайтов