Івянец і Івянецкае графства

Панядзелак, 23.10.2017, 21:39

Вітаю Вас Гость | RSS | Галоўная | Рэгістрацыя | Уваход

Главная » 2014 » Сакавік » 26 » ВАДЗЯНЫЯ МЛЫНЫ
14:47
ВАДЗЯНЫЯ МЛЫНЫ

Руіны вадзянога млына ў вёсцы Пералясанка. Аўтар фота: Алёна Арлоўская

З кнігі “Млын жыцця”, краязнаўца Генадзя РАВІНСКАГА

Шмат стагоддзяў назад людзі ў нашым краі навучыліся ператвараць кінетычную энергію вады ў механічную работу. Селячыся на берагах рэк, нашы продкі будавалі млыны, у якіх малолі зерне, рззалі дошкі, валілі сукно. Адносна раўнінная мясцовасць Валожыншчыны і суседніх з ім раёнаў не садзейнічала выкарыстанню энергіі ветру; ветраных млыноў было вельмі мала, затое вадзяных ставілі многа, асабліва на Іслачы і яе буйнейшым прытоку – рэчцы Волме. У нарысе і пойдзе размова пра вадзяныя млыны ў басейне Іслачы.

Гэта маляўнічая рэчка ў сваім верхнім і сярэднім цячэнні праразае Мінскае ўзвышша. Таму Іслач і яе прытокі хуткаплынныя, бурна разліваюцца ў час паводкі і падчас працяглых дажджоў, што садзейнічала будаўніцтву млыноў нават на ручаях, дзе рабіліся вялікія вадасховішчы, будаваліся добрыя плаціны і эканомна расходвалася вада.

Турбіны ў мінулым стагоддзі часта выкарыстоўваліся драўляныя, лопасцевыя, з невысокім каэфіцыентам карыснага дзеяння. У першай жа палове ХХ стагоддзя, асабліва ў трыццатыя гады, сталі часцей прымяняцца чыгунныя турбіны, якія мелі значную перавагу перад драўлянымі. Праўда, яны дорага каштавалі, нялёгка было праводзіць перабудову пад іх млыноў, таму ў малых млынах на ручаях так і заставаліся турбіны з дрэва, якімі нявыгадна было карыстацца зімой.

НА ІСЛАЧЫ ХУТКАПЛЫННАЙ

Даўжыня ракі 102 кіламетры, сярэдні нахіл воднай паверхні 1,9 метра. Як сведчыць вядомы краязнаўца Васіль Пятровіч Налецкі, у верхнім цячэнні Іслачы, перад Ракавам, было аж пяць млыноў, у самым Ракаве – тры, прытым два млыны-камбінаты, дзе малолі зерне, рабілі крупы, пытлявалі. Наступны добры млын быў каля Міхалова, пасля – у Падневічах, дзе працавала яшчэ і пільня (тартак). Гэты млын малоў бесперабойна, заўсёды хапала вады. У 60-я гады ён дзейнічаў ужо на электраэнергіі, а ў 80-я, стоячы на палях, рухнуў...

Асобна хочацца расказаць пра млын-камбінат у Баравікоўшчыне. Яго пабудаваў недзе ў другой палове мінулага стагоддзя (да 1871 года) пяршайскі граф Тышкевіч. Гэта быў вялікі двухпавярховы каменны будынак, у якім малолі зерне (два млынавыя жорны), выраблялі крупу, пытлявалі, а на другім беразе рэчкі знаходзіліся пільня і сукнавальня ўжо ў драўляным будынку. Працавалі дзве турбіны – чыгунная і лопасцевая драўляная, што абслугоўвала тартак і валюшню. Гэты буйны млын згарэў у час першай сусветнай вайны, а ў 30-я гады быў адбудаваны. У час другой сусветнай вайны рухнула ў рэчку падмытая вадой мураваная сцяна, а калі адступалі немцы – спалаў і сам млын.

3 усёй ваколіцы, нават здалёк, прыязджалі ў баравікоўшчынскі млын людзі, каб малоць, рэзаць дошкі, валіць сукно. Гэта быў самы вялікі млын на Іслачы. Дарэчы, на рацэ ён стаяў апошнім. Іслач у паводку і пасля працяглых дажджоў станавілася бурнай, магутнай, ламала і крышыла ўсё на сваім шляху. Перад млынам рэчка раздзялялася на два рукавы (правы рукаў – галоўны, левы – дапаможны, які выручаў млын у час паводкі і па якому сплывала лішняя вада). Калі па Іслачы сплаўлялі лес, а пачыналі сплаў ніжэй вёскі Падневічы, то менавіта па левым рукаве і плылі бярвенні, там жа, на беразе, быў рум, ляжалі і сохлі сотні бярвенняў. Абодва рукавы за млынам зноў злучаліся ў адно рэчышча (левы рукаў быў зроблены штучна). Пасля Баравікоўшчыны бярвенні свабодна плылі аж у Заходнюю Бярэзіну, а далей – у Нёман. Жыхар вёскі Явідаўшчына Ігнацій Паўлавіч Адамовіч (1929 года нараджэння) аўтарытэтна сцвярджае, што ніжэй вёскі Баравікоўшчына млыноў на Іслачы ўжо не было. Ды і гэты млын цяжка было берагчы, асабліва ў паводку, калі вялікія крыгі маглі лёгка скрышыць плаціну (іх адпіхалі пешнямі, шчытамі, крышылі мае аднавяскоўцы).

Адна немалаважная дэталь. 3-за непастаяннага ўзроўню ракі падмываліся і затапляліся берагі сенажаці. Таму жыхарам Баравікоўшчыны зерне малолася бясплатна.

Апошнім гаспадаром млына ў Баравікоўшчыне быў Ігнацы Бразоўскі з вёскі Дайнава, што каля Каменя. Ён ездзіў у Амерыку, зарабіў грошай і купіў недзе ў канцы 20-х ці пачатку 30-х гадоў гэты млын.

...Калі мы ў 1939 годзе перабраліся на хутар, я, шасцігадовы, часта хадзіў з бацькам у блізкі ад нас млын. Тут, у хатцы, збіраліся і іншыя жыхары Баравікоўшчыны. Завознікі расказвалі цікавыя здарэнні са свайго жыцця, казкі, легенды, анекдоты. Я не чуў ад іх грубых, брудных слоў (відаць, саромеліся гаварыць абы-што пры дзецях, а можа, паважалі сябе, свой чалавечы гонар). Старэйшыя людзі часта разважалі аб жыцці, справядлівасці, дабраце. Я ўважліва слухаў расповяды, і гэта дапамагала мне, дзіцяці, лепш разумець людзей. Калі ж мужчыны садзіліся гуляць у карты або выпіваць, бацька адпраўляў мяне дамоў, ды мне і самому такія іхнія заняткі не падабаліся. Пасля я зразумеў, як многа значылі млыны ў захаванні мудрасці і таленту народа, у перадачы з пакалення ў пакаленне народных песень, легенд, паданняў, казак...

НА ПРЫТОКАХ ІСЛАЧЫ

Каля Міхалова ў Іслач справа ўпадае рэчка Яршоўка. Даўжыня яе 30 кіламетраў, сярэдні нахіл воднай паверхні – 1,4 метра. На рачулцы было 4 млыны. На ўсё жыццё запомніў я млын у Кісялёх, стаў з белымі лілеямі, пахілыя вербы над вадой... Гэты млын здымалі ў свой час беларускія кінематаграфісты ці не ў фільме "Каханнем трэба даражыць”.

Праз вёску Кіявец працякае маленькі ручаёк (даўжыня ўсяго 5 кіламетраў). Нават на такім ручайку-жэўжыку больш ста гадоў назад мясцовыя памешчыкі Ласкі пабудавалі млынок, які шмат дзесяцігоддзяў служыў гаспадарам. Цяпер жа мы бачым толькі сляды былога вадасховішча.

А з левага боку, амаль насупраць Кіяўца, у Іслач упадае рачулка Цецяроўка (або Цяцераўка). На ёй, са слоў івянчаніна Івана Іосіфавіча Зуя, было 4 млыны: у Антанове, Баброўніках, Галабурдах і Галімцах (турбіны былі драўляныя). Апошні млын (у Галімцах) перавялі на электрычную энергію. Ен перастаў існаваць параўнаўча нядаўна. А рачулка маленькая, усяго 10 кіламетраў даўжынёй, але сярэдні нахіл воднай паверхні складае аж 10 метраў.

Насупраць вёскі Падневічы, злева, у Іслач упадае маленькі ручаёк Бакуноўка, які не значыцца ні ў якім энцыклапедычным даведніку. Тым не менш на гэтым ручайку трымалі млынок сваякі слыннага рускага адваката Плявакі, а да нашага часу захаваліся тут вялікае вадасховішча і грэбля. Крыху ніжэй па плыні, каля вёскі Пральнікі, стаялі яшчэ два невялікія млыны.

Злева, насупраць вёскі Баравікоўшчына, у Іслач упадае ручай Івенчык (даўжыня7 кіламетраў). На ім збудавалі 2 млыны: мураваны ў вёсцы Ткачы (разбураны вадой у 20-я гады) і ў вёсцы Пералясанка, каля тракту Івянец-Мінск. Некалі гаспадар гэтага млынка Фартунат Бачкоўскі гаварыў, што лепш трымаць такі млынок, чым мець 2 валокі зямлі (1 валока – 21,36 га). А тут жа быў у апошні час толькі адзін млынавы камень (жоран). Мне вельмі хацелася ўгаварыць мясцовае начальства захаваць гэты млынок, ператварыць яго ў своеасаблівы музей, каб прыводзіць сюды дзяцей і расказваць, паказваць ім, як малолі зерне, рыхтавалі сабе хлеб нашы продкі. Ды дзе там! 3 мяне проста смяяліся. Млынок разабралі, знішчылі...

Крыху ніжэй урочышча Вялае (цяпер санаторый-прафілакторый «Лясное») справа ў Іслач упадае рэчачка Люцінка, апетая слынным нашым земляком Дуніным-Марцінкевічам. Даўжыня яе 11 кіламетраў, сярэдні нахіл воднай паверхні 4,4 метра. На ёй было 2 млыны: адзін – у Малой Люцінцы, збудаваны яшчэ пры жыцці слыннага гаспадара маёнтка Беларускага Дудара, другі – у Барку, недалёка ад вёскі Явідаўшчына. Некалі мой дзед па мацярынскай лініі Казімір Ждановіч з Сівіцы хацеў купіць тут пляц і пабудаваць млынок, але нешта яму ў гэтым перашкодзіла, ці не заўчасная смерць раней 60 гадоў.

Са слоў таго ж I.П.Адамовіча, на рэчцы Пяршайцы, каля вёскі Галубы, круціўся невялічкі млынок, а ў вёсцы Пяршаі стаяў паравы млын, у мястэчку Валожын – два паравыя млыны, дзе выконваліся асноўныя работы па размолу зерня, нават распілоўваўся лес. Да таго ж, на валожынскіх паравых млынах працавалі дынама-машыны, выпрацоўвалі для мястэчка электраэнергію. Звесткі пацвердзіў і жыхар Валожына Мечыслаў Францавіч Новак, назваў прозвішчы гаспадароў – Поляк і Рапапорт. Мечыслаў Францавіч сцвярджае, што на рэчцы Валожынцы вадзяных млыноў зусім не было.

Я наперад прашу прабачэння ў шаноўных чытачоў, калі ў гэтым нарысе будуць тыя ці іншыя недакладнасці. Цяжка было знаходзіць факты, не маючы, па сутнасці, ніякіх друкаваных крыніц, а спасылаючыся толькі на ўспаміны і сцвярджэнні асобных людзей шаноўнага веку.

НА РЭЧЦЫ ВОЛМЕ

Даўжыня гэтай цудоўнай крынічнай рэчкі 44 кіламетры, плошча вадазбору 177 квадратных кіламетраў, сярэдні нахіл воднай паверхні – 3 метры. Цячэнне імклівае. Вада празрыстая і вельмі халодная. Называю млыны знізу ўверх па цячэнню.

Першы млын быў у Рудні, непадалёку ад вусця. Шмат гадоў яго трымалі Калоскі. Стары Калоска вельмі перажываў, калі млын спалілі карнікі ў час блакады Налібоцкай пушчы (лета 1943 года). Яго сын Віталь Калоска будаваў другі млын у Рудні, перад вёскай, але не змог здзейсніць сваю задуму – пачалася вайна.

Наступны млын – у Троках, каля Сівіцы, яго разабралі недзе ў другой палове 50-х гадоў.

Два млыны месціліся ў Івенцы. Той, які знаходзіўся ў цэнтры мястэчка, праіснаваў даўжэй.

Млын быў у Замасцянах, а крыху вышэй па цячэнні, у Дудцы, таксама меўся добры млын, у якім Мандзеі малолі зерне, рабілі крупы, пытлявалі, выраблялі стружку, нават рэзалі салому на сечку. Пабудавалі Мандзеі млын перад першай сусветнай вайной, купіўшы пляц (не мелі сваёй зямлі, прыехалі з-пад Камянца-Падольскага). У сярэдзіне 30-х гадоў набылі ў Вільні чыгунную турбіну і на шасці конях даставілі і ўстанавілі яе ў млыне. Працаваў млын добра, вады хапала заўсёды, рабілася людзям дабро ("мерка” – плата за памол – складала адну дзесятую вагі збожжа – агульнаўстаноўленая норма). Разабралі млын у 1963 годзе.

Далей, уверх па цячэнню, былі млыны ў Набароўшчыне, Андрыяшках, Міхалеўшчыне і 2 ці 3 яшчэ вышэй, недалёка ад вытокаў рэчкі. Нават на правым прытоку рэчкі Волмы, што ўпадае насупраць вёскі Старынкі, а пачынаецца каля вёскі Кульшычы, на маленькім ручайку Кулыта, памешчык Сільвестр Суднік трымаў да 1939 года млынок. У даволі вялікім вадасховішчы назапашвалася вада, працавалі млынавыя жорны, а крыху ніжэй млынка, уздоўж ручая, стаяла вялікае гумно, у якім малатарню і сячкарню прыводзіла ў рух млынавая турбіна. У ХІХ стагоддзі былі два млыны на Волме і ў вёсцы Старынкі, але яны спынілі сваё існаванне даволі даўно, ніхто не помніць калі.

Прабачце, шаноўны чытач, што доўга займаўся пералічэннем млыноў. Ніводзін з іх не застаўся. Некаторыя згарэлі ў час вайны, а астатнія (пераважная большасць) былі знішчаны, разабраны па волі няўдумлівых людзей.

ЛЁС МЛЫНОЎ

У вадасховішчах назапашвалася многа вады. Спорна разводзілася рыба. Дзякуючы насычанасці вільгаццю добра расла лугавая трава. Выпарэнне вады садзейнічала ўтварэнню дажджлівых хмар, рэчкі і ручаі былі паўнаводнымі, на іх берагах адпачывалі людзІ, умацоўвалі сваё здароўе. Вяскоўцы часцей сустракаліся, што ўплывала на рост іх свядомасці, духоўнасці, чалавечнасці, дабрыні, кантакты паміж імі дапамагалі захоўваць і памнажаць вусную народную творчасць.

Можна было б яшчэ і яшчэ гаварыць аб станоўчым уплыве млыноў на быт і культуру чалавека. Дададзім, што ў асобных млынах (в.Баравікоўшчына і інш.) былі дынамамашыны, якія выпрацоўвалі электрычную энергію і падавалі яе ў сялянскія хаты. А ў Сакаўшчыне, на Заходняй Бярэзіне, пасля вайны збудавалі невялічкую гідраэлектрастанцыю, якая падавала электраэнергію ў навакольныя вёскі.

Вялікія выпрабаванні выпалі на долю млыноў у ваенны час. Ноччу малолі зерне партызаны, днём – немцы. Млынары знаходзіліся пад двайным кантролем. Лішняе слова, лішні крок – смерць. У 1942 годзе загінулі ад рук немцаў чатыры чалавекі з Баравікоўшчыны, што былі звязаны з мясцовым млынам.

Пасля вайны начальнікі ставілі загадчыкамі млыноў сваіх людзей, якія ў першую чаргу адхілялі ад работы сапраўдных гаспадароў. (Увогуле, большасць уладальнікаў млыноў была вывезена, калі ўз'ядналася Беларусь). У млынах нярэдка панавала зладзейства, ашуканства, грубасць і хамства. Асобныя новыя "гаспадары” нават траплялі на лаўкі падсудных за розныя правіннасці. Я не гавару пра ўсіх загадчыкаў млыноў, а маю на ўвазе несумленных людзей, якім давяралі кіраваць млынамі і якія дабівалі гэтыя млыны да ручкі, не рамантавалі ні будынкаў, ні агрэгатаў, думалі толькі пра тое, як нажыцца.

У пачатку 60-х гадоў вадзяныя млыны ў пераважнай большасці былі ліквідаваны, а на калгасных складах з'явіліся агрэгаты, якія задавальнялі патрэбы гаспадарак, секучы зерне на дробныя часцінкі. Людзям жа ўжо не было чаго малоць... І млыны загубілі, раскралі, расцягнулі, абрабавалі... Засталіся вадзяныя млыны толькі ў памяці людской, у песнях, легендах, казках ды кінафільмах пра мінулае...

А рэчкі і ручаі, абмялелыя, атручаныя чарнобыльскім попелам, рознымі хімікатамі, мазутам, усё ж цякуць, хоць ледзь жывыя. Дармавая энергія вады не прыносіць нам карысці. Закупляем энерганосьбіты, электраэнергію, плацім з кожным годам усё даражэй і даражэй. А энергія ж побач, сплывае з вадой, і балюча робіцца на сэрцы ад таго, што мы неабдумана сячэм сук, на якім сядзім, што забылі пра нашых дзядоў і прадзедаў, якія разумна карысталіся дапамогай прыроды.

Крыніца - http://kuferak.iatp.by/text06.htm

Категория: Гісторыя | Просмотров: 739 | Добавил: ivenec_eu | Теги: Генадзь Равінскі, ВАДЗЯНЫЯ МЛЫНЫ | Рейтинг: 5.0/1
Всего комментариев: 0
Добавлять комментарии могут только зарегистрированные пользователи.
[ Регистрация | Вход ]

Падзяліцца

Спадабаўся сайт? Распавядзіце сябрам!

Спампаваць

Часопіс "Dziedzictwo Kresowe" № 10 (VI.2017)

Спампаваць бясплатна часопіс Dziedzictwo Kresowe
Спампаваць у PDF фармаце


Часопіс “Спадчына Крэсаў” № 6 (VI.2015, рэд. VII.2017)

Спампаваць бясплатна часопіс Спадчына Крэсаў
Спампаваць у PDF фармаце

Падтрымка

Сайт ivenec.eu працуе пры падтрымцы

Герб Роду Плевакаў
Таварыства Роду Плевакаў

Пошук

Статыстыка

Статыстыка сайта ivenec.eu

Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстачоў: 0


Рейтинг сайтов