Івянец і Івянецкае графства

Аўторак, 30.05.2017, 16:06

Вітаю Вас Гость | RSS | Галоўная | Рэгістрацыя | Уваход

Главная » 2014 » Верасень » 30 » Вярбіцкі Ян: ў пасьляваенны час каля Івянца дзейнічала антысавецкая група
14:32
Вярбіцкі Ян: ў пасьляваенны час каля Івянца дзейнічала антысавецкая група
Івянец з вышыні птушынага палёту. Фота з сайта esphoto.ruКрыніца - Была вайна... З гісторыі антысавецкага ўзброенага супраціву. Менск, выдавецтва "Беларускі Рэзыстанс", 2003, 36 б.

Размова з Вярбіцкім Янам, жыхаром в. Камень Івянецкага п/с Валожынскага райну, 1927 г.н:

- Ці былі ў пасьляваенны час каля Івянца партызаны, якія дзейнічалі супраць савецкай улады?

- Былі браты Рэвуты, свае хлопцы. Іх мне шкада, я за іх маліўся... Забілі хлопцаў у кастрычніку, у 1950-я годы. Яны хаваліся. Анцік Рэвут быў добрым шаўцом, а Янэк Рэвут - краўцом. Зь якога году быў Анцік, ня ведаю, а Янэк - з 1920-га. Яшчэ адзін брат, Пётрык, быў з 1926-га году. Я зь імі ў школу разам хадзіў.

Анцік самагонку гнаў і яго злавілі міліцыянты. А нейкі яго далёкі сваяк служыў у міліцыі, і ён яго "ўпусьціў". Так Анцік пачаў хавацца. Тады міліцыя пачала чапляцца дв Янэка, каб здаў брата. Наш участковы Чарашко прыходзіў да іх маткі, як амністыя была абвешчана, і казаў: "Скажы Антону, хай ідзе дамоў, яму ўжо нічога ня будзе". Але ён усё роўна баяўся і не выходзіў зь лесу. А яшчэ быў Радзюк, які быў баявым хлопцам. З-пад Валожына родам, гімназію польскую скончыў. Ён прыходзіў да нас з Рэвутам. Я яму сала выносіў, даваў. Прыйдуць уночы, папросяць, дык што ж?..

- А Радзюк чаго хаваўся?

- Вучаны быў! Каб не хаваўся, ужо на Сібіры быў бы. Яшчэ быў у гэтай групе Садоўскі Мечык. Калі Янэка сталі цягаць, ён пайшоў у ле. Але да таго Янэка забралі да Івянца, у НКВД, якое было ў будынку, дзе цяпер музэй. Ён адтуль уцёк і пайшоў да іх хавацца. Ягоныя надзорцы якраз паразьбіралі і чысьцілі зброю. У гэты момант і шмыгнуў ад іх Янэк Рэвут. Праз платы пераскокваў, жакетку па дарозе сваю скінуў. Я ўжо казаў, што і Радзюк далучыўся. Чатырох іх стала.

Тады ўжо Пётрыка сталі цягаць у НКВД ды Казюню, Казіка Садоўскага. У падвал іх пасадзілі ў НКВД. "Ты знаеш што, Казік, я праз гэтае акно ня вылезу, - кажа Пётрык. - Я цябе падсажу, ты вылезеш, тады адчыніш дзьверы і пойдзем". Так і зрабілі. І яны пайшлі хавацца. Адразу скіраваліся ў Рудню Налібоцкую. Але спачатку Мечык, Радзюк, Анцік і Янэк іх не прымалі, бо думалі, што яны падасланыя...

Вывараць у лесе была, і каля яе яны зрабілі барак, абнесьлі яго палатном, каб ня сыпалася нічога. Кругом гэтага бараку правялі шнурок, а ў бараку - званочак павесілі. Часам хто будзе ісьці, шнурка ня ўбачыць, а званочак зазьвініць. Вось Манька Язэпчыкавая зь Пятрылавіч зьбірала там брусьніцы. Званочак зазваніў, яны выйшлі. А тут яна. Хлопцы ёй сказалі, каб нікому нічога не казала. А яна пайшла і адразу заявіла ў НКВД. І прывяла іх, дзе хлопцы ў лесе жывуць. І як ішлі энкавудысты, таксама на гэты шнурок натрапілі. Як ён зазваіў, хлопцы кінуліся ўцякаць. А энкавудысты па нагах пачалі страляць, дык Пётрыка і паранілі, у калена. Пётрык дастаў рэвальвэр і застрэліўся. А Казюня пабег на дарогу, што ішла ў Налібоцкую Рудню. Якраз прамгас вёз грошы. А Казюня ведаў гэта. Яны ж тут лес выразалі. Ён ведаў, хто выплачвае, касірку знаў. Казюня машыну затрымліваў, яна не спынілася. Тады ён вінтоўку наставіў і яна стала. Ён кажа: "Давай грошы!" Касірка: "Няма". Казюня пачаў глядзець і знайшоў грошы - 50 тысячаў рублёў. Ён схапіў гэты чамадан, адкрыў, паглядзеў, ці грошы там. Дык пачка - 3 тысячы рублёў - вывалілася была... Ён грошы ўзяў і пайшоў у лес.

Хадзіў Казюня да Габрусянкі, гэтай Манькі, што называлі. Хадзіў да дзяўчыны, а бацькі яе пазычылі ў яго гэтых грошай. Падаткі трэба было заплаціць. У калгас яны не ўваходзілі, таму падаткі накладалі вялікія. Дык яны пазычылі ў яго гэтых грошай. А пасьля ён прыходзіць да іх, каб аддалі. А яны ўсё казалі, што "грошай няма", "яшчэ не сабралі". Аднойчы прыйшоў, і яны кажуць, што грошы ёсьць. А ён захацеў, каб падстрыглі яго. А яны бах яму ў вісок! І забілі Казюню. І везьлі яго, каб выкінуць у лесе, але якраз кабыла жарабілася ў аглоблях каля Забор'я. Яны тады палажылі забітага каля кладкі. Усё. Хто там будзе высьвятляць, кім ён забіты...

А Рэвуцікі пайшлі і забілі гэтую Маньку ў Пятрылавічах. Прозьвішча яе ня ведаю. І спалілі хату ці гумно яе за тое, што яна "падсказала" НКВД. Тады Мечык тут яшчэ быў, хаваўся, брат яго. І ў іх, у Садоўскіх, быў пароль. Калі я быў брыгадзірам, як сядзем выпіваць, дык заборцы гэта ўсё расказвалі. Там, каля хаты, быў калок і на ім павінна была вісець ануча. Калі вісіць, нельга заходзіць у хату. А швагер, Паўлік Казлоў, калісьці быў у легіёнах, тут застаўся, і ён гэта добра знаў. Казлоў заявіў у міліцыю. Яны прыйшлі, анучу зьнялі. У хаце быў Мечык. І вось ідуць гэтыя НКВДысты. У Мечыка была пістоль-машына, і ён адразу яе зьняць хацеў, але яны па ім рэзнулі разрыўнымі - папалам расьсеклі яго. І яму пальцы адбілі якраз на руцэ. Дык ён зубамі затвор хацеў перадзёрнуць. Яны паўтарылі, і яго на месцы, у хаце забілі... Мечык Садоўскі вельмі гарачы быў хлопец, хуткі такі...

- А што было з астатнімі?

- Радзюк паглядзеў, што тут такія справы, і ўцёк у Англію. Прабраўся. Ён там меў нейкія сувязі. Ён сьмелы быў. Прыдзе на Івянцы ў сталовай паесьці, запіску напіша, што "кушал Радзюк, очень вкусно было". І пайшоў.

Яны неяк паехалі ў Куль, краму абабралі. Гэты Радзюк яшчэ, мусіць, тады быў, Анцік, Яцэк, Мечык. І недзе на Макацёўшчыне ллазьнечка была, дзе яны сядзелі. Праз колькі гадоў яе разабралі, прывезьлі ў сельсавет і аддалі Кулікоўскаму на дровы... А тады там НКВДысты ранілі Анціка. Ён таксама сам сябе застрэліў. А Янэк працягваў хавацца, ужо адзін застаўся. Хаваўся, аж пакуль і яго не забілі. Гэта было ў 1952 годзе. Яго мёртвага прывезьлі міліцыянты...

- Камандзірам хто ў іх быў?

- Радзюк.

- Гэта была польская група ці беларуская, альбо тут нельга вызначыць яе нацыянальную прыналежнасьць?

- Тут ня ясна. Тут усе чакалі, што вось-вось будзе зьмена - пераменіцца ўлада. Вось яны і пайшлі хавацца і ўсе загінулі. Рэвутаў было пяць братоў: Вітэк быў кульгавы, тады Анцік, Янэк, тады Стась і Пётрык. Дык Стася (1923 г.н.) ў блякаду немцы забілі.

- А хто казаў, што Радзюку ўдалося ўцячы?

- Людзі гаварылі, што ўцёк. Ён быў недзе з 1920-21 г.н. Згадваю яшчэ такі выпадак. У нас у старой хаце быў сход, які вёў Сьвінухоў, савецкі агітатар (ён граматны хлопец быў, пасьля працаваў дырэктарам школы, зь Пінскай вобласьці прыехаў). Прыходзіць Янэк зь лесу. Цётка была на панадворку. І ён мяне выклікаў з хаты. Я выйшаў, Янэк мне кажа: "Я застрэлю Сьвінухова!". "Янэк, - кажу, - братка, што ж ты зробіш? Ты ж улады гэтым не пераменіш!". "Дай літар гарэлкі і кусок сала, ня буду страляць", - гаворыць ён. Я на гарышча залез, наліў літар гарэлкі, адкрыў кубелец, узяў кусок сала. Вынес яму, "Пойдзем цяпер спалім канюшню з коньмі", - кажа. А ўжо калгас быў. "Янэк, - кажу, - ну што ж вы гэтым зробіце?! Вы ж людзей пагубіце. Спаліце коней, а чым соткі садзіць людзям? А ў калгасе чым працаваць?". Паслухаў ён мяне...

- Акрамя іх не было тут іншых групаў?

- Не, не было.

- Вы кажаце, людзі чакалі, што вайна будзе?

- Так. Чакалі, што будзе перамена. Слухалі радыё. А там адныя на другіх валілі. Адчувалася, што вось-вось пачнецца... Радыё слухалі заходняе - Бі-Бі-Сі. Прыёмнік быў самаробны, з навушнікамі. Ён у мяне і цяпер ёсьць.

Камэнтар: Паводле дасьледчыкаў Ермаловіча і Жумара партызанскі аддзел Радзюка актыўна дзейнічаў у Валожынскім і Івянецкім раёнах з 1946 г. Пасьля гібелі Радзюка ў 1949 г., камандзірам аддзелу стаў Шыдлоўскі. У 1950 годзе адбылося аб'яднаньне партызанаў Шыдлоўскага з групаў братоў Мятліцкіх, якая дзейнічала ў Радашковіцкім раёне. Аддзел быў ліквідаваны савецкімі органамі дзяржбясьпекі. (Ермалович В., Жумарь С. Огнём и мечом. Хроника польского националистического падполья в Беларуси (1939 - 1953 гг.). Мн., 1993, б.

Запіс зроблены Сяргеем Яршом 28 верасьня 2003 г.
Категория: Гісторыя | Просмотров: 576 | Добавил: ivenec_eu | Рейтинг: 5.0/1
Всего комментариев: 0
Добавлять комментарии могут только зарегистрированные пользователи.
[ Регистрация | Вход ]

Падзяліцца

Спадабаўся сайт? Распавядзіце сябрам!

Спампаваць

Часопіс "Dziedzictwo Kresowe" № 9 (XII.2016)

Спампаваць бясплатна часопіс Dziedzictwo Kresowe
Спампаваць у PDF фармаце


Часопіс “Спадчына Крэсаў” № 5 (XII.2014)

Спампаваць бясплатна часопіс Спадчына Крэсаў
Спампаваць у PDF фармаце

Падтрымка

Сайт ivenec.eu працуе пры падтрымцы

Герб Роду Плевакаў
Таварыства Роду Плевакаў

Пошук

Статыстыка

Статыстыка сайта ivenec.eu

Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстачоў: 0


Рейтинг сайтов