Івянец і Івянецкае графства

Серада, 20.09.2017, 01:30

Вітаю Вас Гость | RSS | Галоўная | Рэгістрацыя | Уваход

Главная » 2014 » Верасень » 13 » Выпрабаванне вайной…
14:11
Выпрабаванне вайной…
Мікалай Яўстафавіч КузьмічКрыніца - газета "Працоўная слава", Сяргей САДОЎСКІ.

З Мікалаем Яўстафавічам Кузьмічом і яго жонкай Лідзіяй Данілаўнай я пазнаёміўся ў час адной з камандзіровак у Івянец. Па дакументах дзядуля значыцца вязнем канцэнтрацыйнага лагера. Які душэўны і цялесны боль насамрэч хаваецца за такімі афіцыйна-скупымі, насцярожанымі словамі? Гэту тайну прыадкрыў былы Auschwitzgefanger…

Аўшвіц – такую назву выкарыстоўвалі нацысты для абазначэння аднаго з самых страшных сваіх тварэнняў – канцэнтрацыйнага лагера Асвенцым. Успаміны пра яго змрочныя засценкі, вялізныя папялішчы з таго, што некалі было жывымі людзьмі, ураджэнец вёскі Дольная Рута Карэліцкага раёна Мікалай Яўстафавіч Кузьміч пранёс праз усё жыццё. Цень перанесенага болю і голаду доўгі час азмрочвала ад прыроды прыветлівы, усмешлівы твар мужчыны.

Час, вядома, лечыць. Але поўнага “выздараўлення” так і не адбылося. З іншага боку, вымушанае зняволенне і не зламала чалавека, а дало моцную, трывалую загартоўку на ўвесь адведзены Богам век.

Мікалай Яўстафавіч пасля заканчэння Шчучынскага заатэхнічнага тэхнікума (там жа ён і пазнаёміўся з будучай жонкай) прыехаў на Івянеччыну. Івянец у той час быў раённым цэнтрам, тут размяшчаўся аддзел сельскай гаспадаркі і харчавання. Працаваў галоўным заатэхнікам, быў загадчыкам гаспадарчай часткі, абмершчыкам, затым стаў інспектарам-арганізатарам, курыраваў 5 мясцовых калгасаў. Пазней яго назначылі інспектарам па закупках і якасці сельгаспрадукцыі. Пасля гэтага быў намеснікам старшыні гаспадаркі ў Шэлеўшчыне.

Кузьмічы з Дольнай Руты жылі з уласнага мазаля. Бацька меў сем гектараў зямлі, сям’я трымала параўнальна невялікую гаспадарку. Не сказаць, каб грошай было ў дастатку, але ўсё ж іх хапіла, каб дзеці пайшлі вучыцца ў польскую школу. Мікалай, напрыклад, пакуль прыйшлі немцы, паспеў скончыць шэсць класаў. Як надышла пара калектывізацыі, гаспадара сям’і абралі старшынёй гаспадаркі. Ён і яго сваякі першымі трапілі ў поле зроку фашыстаў: маўляў, раз маеш уладу, то маеш і каштоўную стратэгічную інфармацыю. Не вытрымаўшы рэгулярных допытаў акупантаў, двое старэйшых сыноў падаліся ў партызаны. Вядома ж, гэту навіну не ўдалося доўга трымаць у тайне…

Па сям’ю Кузьмічоў нямецкае камандаванне прыслала 16 паліцаяў. Загад фашыстаў быў такі: адвесці ў гестапаўскія засценкі ўсіх прадстаўнікоў мужчынскага полу, якія тут жывуць. На хутары завіхалася па гаспадарцы толькі адна маці, і паліцыянты, стараючыся не трапіць ёй на вочы, устроілі засаду непадалёк…

Коля вяртаўся з лесу не без дай прычыны: на плячы падлетак цягнуў доўгую жэрдку, якую пасля меркавалася пусціць на паднаўленне плоту. Скінуў нялёгкую ношу, зайшоў у хату, паснедаў. І раптам матуля – Варвара Парфёнаўна – згледзела цёмныя постаці ў гітлераўскіх мундзірах, якія выбраліся з засады і аблавай рушылі да сядзібы. Сэрцам адчула недалёкую бяду. Але не паспела выправіць хлапчука з двара ў лес. “Папаўся! – задаволена зарагатаў старэйшы над атрадам, моцна тузануўшы дзіця за каўнер. – Цяпер пойдзеш з намі”. Так пачаўся шлях пад канвоем у гміну, да войта. Там Колю пасадзілі ў сярэднюю – каб не збег па дарозе – павозку, і рушылі ў накірунку Карэліцкага гестапа.

Начальнікам гэтай установы быў аднакласнік старэйшага брата Мікалая. Вайна развяла былых сяброў на розныя бакі барыкад. Устроіўшы хлопцу допыт на прадмет падтрымання сувязі з партызанамі, ён нават слухаць не стаў апраўданні. Мікалай Яўстафавіч да гэтай пары памятае словы-прысуд: “Заўтра на досвітку я цябе ўласнай рукой расстраляю”… Падлетка адвалаклі ў гестапаўскія засценкі. Ён ўжо і змірыўся з думкамі пра хуткую смерць. Але матуля ўсё ж змагла выратаваць сына. Некалі разам з бацькамі начальніка гестапа яна працавала батрачкай у мясцовага пана Маркоўскага. І, падняўшы старое знаёмства, праз іх упрасіла паліцая захаваць Колю жыццё. Так рашэнне расстраляць падлетка змянілася на загад накіраваць яго ў Асвенцымскі лагер смерці.

Разам з Колем за калючы дрот Асвенцыма трапіў і яго далёкі сваяк – дзед Васіль. Дзякуючы кемлівасці, мудрасці і вялікаму жыццёваму вопыту гэтага чалавека, юнаку ўдалося не толькі выжыць, але і праз паўтара года зняволення выратавацца з палону…

Дзед Васіль яшчэ ў імперыялістычную вайну пабываў у кайзераўскім палоне, таму дастаткова добра разумеў нямецкую мову. Часта падслуханыя гутаркі вартаўнікоў-эсэсаўцаў, не прызначаныя для чужых вушэй, дапамагалі пазбегнуць лішніх здзекаў і своечасова “запісацца” ў больш лёгкія работы. Дзед і юнак паўсюль трымаліся разам. Стары, не зважаючы на сябе, дзяліўся апошнім кавалкам “бярозавага” хлеба і вучыў Мікалая, што і як трэба адказваць немцам, каб не выклікаць іх няміласць і не трапіць, скажам, у “стаячую камеру” – памяшканне 90 на 90 сантыметраў, куды ўціскалі чатырох чалавек, і яны вымушаны былі стаяць усю ноч… І падобнае лічылася яшчэ дастаткова лёгкім пакараннем для парушальнікаў лагернага рэжыму. Некаторых – асабліва тых, хто спрабаваў уцячы з палону і падбухторваў на гэта іншых, саджалі ў герметычную камеру, дзе чалавек марудна задыхаўся. Многіх марылі голадам… Існаванне сярод пастаянных смерцяў было цяжкім выпрабаваннем для цела і душы. Аднак стары салдат Васіль умеў разважыць, заспакоіць і нават злёгку падняць настрой. Ад дзеда хлопец пераймаў стойкасць і ўменне не гнуць спіну перад самымі няўмольнымі абставінамі. Праз пэўны час, здавалася, перасталі даймаць нават драўляныя чаравікі-“чаўнакі”, якія ўсе палонныя насілі замест звыклага абутку круглы год…

Магчымасць уцячы з лап нямецкіх катаў выпала раптоўна, і скарысталіся ёй нямногія. Але ў іх ліку апынуліся і дзед Васіль з Колем. Яны выпадкам заўважылі невялікі сапсаваны ўчастак калючай агароджы, які па незразумелай прычыне вылецеў з поля зроку вартаўнікоў. На шчасце, нікога з тых, хто мог заўважыць уцекачоў, паблізу не аказалася …

Начавалі ў акопе. За некалькі гадзін сну анучы на нагах прымерзлі да калодак, але больш за боль даймаў голад. Наведаліся ў адно са сховішчаў, дзе немцы захоўвалі адабраную ад насельніцтва бульбу. Ледзь не трапіліся, але змаглі ўкрасці некалькі клубняў. Елі іх сырымі, бо разводзіць вогнішча непадалёк ад ворагаў было б верхам бязглуздасці. Перакусілі – рушылі далей ад лагера смерці. Схаваліся ў невялікай каплічцы на могілках.

Па далейшай дарозе сустрэўся баўэрскі пасёлак. Прытуліліся ў гумне, нарабіўшы ў тарпе глыбокія норы. Так і ўцалелі. Ішлі, хаваючыся ад падарожнага транспарту і людзей. А першы сняжок, паволі кладучыся на здранцвелую зямлю, зацярушваў сляды…

Прабіраючыся праз густы хмызняк, уцекачы сустрэлі трох савецкіх разведчыкаў – зусім яшчэ юных хлопцаў. Расказалі ім пра абстаноўку ў стане ворага, што ведалі. Неўзабаве з лесу выйшла рота нашых байцоў. Дзед Васіль, як колішні вайсковец, адразу ж падышоў да капітана і спытаў, што рабіць далей. Афіцэр параіў рухацца разам з салдатамі, а пасля таго як вайскоўцы выканаюць пастаўленыя задачы, выйсці на шашу і падацца бліжэй да Радзімы.

На подступах да дарогі пачулі гул рухавікоў. Насустрач рухалася калона нямецкай тэхнікі. Байцы імгненна занялі кругавую абарону. Завязалася перастрэлка. Тройчы гітлераўцы спрабавалі прарвацца, тройчы іх грамілі нагалаву. Магчыма, камусьці з захопнікаў і ўдалося ўцячы, але такіх былі адзінкі. Мікалай з дзедам выклікаліся праверыць, ці застаўся хто ў жывых у машынах. Не знайшлі нікога, затое набралі ў кішэні сухпайка і, развітаўшыся з разведчыкамі, падаліся глыбока ў тыл.

Дайшлі аж да Кірава. У мясцовым размеркавальным пункце, па парадзе дзеда, Мікалай звярнуўся да палкоўніка і папрасіў запісаць яго ў рады дзеючай арміі. Той спачатку сумняваўся – Коля быў занадта юны, каб без аглядкі адпраўляць яго на фронт. Але душэўны парыў юнака і яго нянавісць да фашыстаў былі настолькі вялікімі, што суроваму палкоўніку толькі і засталося паціснуць руку навабранцу…

Дзень Перамогі малады наводчык 76-міліметровай пушкі 128 запаснога стралковага палка горада Львова сустрэў за даверанай яму зброяй. Мікалай Яўстафавіч зарэкамендаваў сябе не толькі спрытным воінам. Яму было прысвоена ганаровае званне выдатніка баявой і палітычнай падрыхтоўкі, малады салдат пры сакрэтнай часці паспеў скончыць гадавыя курсы шаўцоў-абуткоўцаў. Прапаноўвалі яму застацца і на звыштэрміновую службу, але М. Я. Кузьміч адмовіўся. “Дзякую, але хачу пабачыць сваіх бацькоў”, – сказаў малады салдат. Пярэчыць яму не сталі…
Категория: Грамадства | Просмотров: 940 | Добавил: ivenec_eu | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Добавлять комментарии могут только зарегистрированные пользователи.
[ Регистрация | Вход ]

Падзяліцца

Спадабаўся сайт? Распавядзіце сябрам!

Спампаваць

Часопіс "Dziedzictwo Kresowe" № 10 (VI.2017)

Спампаваць бясплатна часопіс Dziedzictwo Kresowe
Спампаваць у PDF фармаце


Часопіс “Спадчына Крэсаў” № 6 (VI.2015, рэд. VII.2017)

Спампаваць бясплатна часопіс Спадчына Крэсаў
Спампаваць у PDF фармаце

Падтрымка

Сайт ivenec.eu працуе пры падтрымцы

Герб Роду Плевакаў
Таварыства Роду Плевакаў

Пошук

Статыстыка

Статыстыка сайта ivenec.eu

Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстачоў: 0


Рейтинг сайтов